Паспяховая і ўпэўненая ў сабе

Міжнародны жаночы дзень адзначаецца з прыходам вясны і сімвалізуе абнаўленне, росквіт і пачатак новага жыцця — тое галоўнае, што здольна падарыць прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва. 8 Сакавіка — міжнароднае свята. Роля жанчыны ў цывілізаваным свеце ўнікальная, усе самыя важныя пытанні сёння вырашаюцца толькі з удзелам жанчын.

“Для мяне гэта свята моцнай і ўсебакова развітой асобы, якая рэалізоўвае сябе не толькі ва ўзаемаадносінах з мужчынам, у сям’і і дзецях, але і ў прафесіі, у сваім хобі, — гаворыць настаўніца англійскай мовы гімназіі № 7 Мінска Алена Аляксандраўна Шулейка. — Умець захоўваць баланс паміж асабістым і прафесійным — важная якасць для кожнай жанчыны”.    

“Стаць настаўнікам было маёй дзіцячай марай, — адзначае Алена. — Заўсёды захаплялася мудрасцю і талентам сваіх педагогаў, іх уменнем знаходзіць агульную мову з вучнямі, ператвараць самыя нецікавыя тэмы ў займальныя і любімыя і абуджаць у вучнях мары пра будучыню, цудоўную і прыгожую, у якой многае залежыць ад іх саміх”.

Алена Шулейка нарадзілася ў Мастах Гродзенскай вобласці — спакойным маляўнічым куточку на Нёмане. Яна ўпэўнена, што ёсць у гэтым гарадку нешта асаблівае, што прымушае затаіць дыханне, памаў­чаць, прыслухацца да сваіх адчуванняў. Адной з прычын любові Алены да чытання ў дзяцін­стве стала менавіта блізкасць да прыродных краявідаў.

Дзяўчына паступіла на філалагічны факультэт БДПУ імя Максіма Танка.

“Яшчэ ў студэнцтве зразумела, што для настаўніка важна не толькі веданне прадмета, — гаворыць Алена. — Настаўнік — гэта псіхолаг, выхавальнік, мама і тата ў адной асобе. Дастукацца да дзіцячага сэрца, раскрыць інтэлектуальны патэнцыял вучня, прывіць любоў да спасціжэння новага — галоўная задача педагога. А яшчэ настаўнік павінен адчуваць сябе вечным вучнем, увесь час удасканаль­ваць свае веды. Калі я ўладкавалася ў гімназію № 7 Мінска, адчула, што апынулася ў вялікай сям’і, дзе ў кожнага ёсць свае “дамашнія” абавязкі, дзе я заўсёды атрымаю неабходную падтрымку і своечасовую параду”.

Алена Шулейка стварае на занятках спрыяльную атмасферу для кожнага вучня. На ўроках настаўніца прымяняе элементы сучасных адукацыйных тэхналогій: ІКТ, праектны метад, даследчую дзейнасць вучняў, дыферэнцыраванае навучанне, навучанне ў супрацоўніцтве або работу ў групах. Пры тлумачэнні новага матэрыялу Алена Аляксандраўна выкарыстоўвае інтэрактыўную дошку, камп’ютарныя прэзентацыі (у тым ліку створаныя гімназістамі), відэаролікі, вучэбныя фільмы, кліпы, урыўкі з мультыплікацыйных і мастацкіх фільмаў, электронныя дадаткі да ВМК.

Працуючы з інтэрнэт-платформамі, вучні непасрэдна кантактуюць з носьбітамі іншамоўнай культуры. Найбольш цікавымі і эмацыянальнымі сродкамі навучання з’яўляюцца тэатралізаваныя пастаноўкі. Напрыклад, у рамках Тыдня англійскай мовы ў гімназіі быў пастаўлены мюзікл на англійскай мове па матывах знакамітага твора братоў Грым “Брэменскія музыкі”.

Алена Шулейка актыўна ўдзельнічае ў адукацыйных мерапрыемствах па-за межамі гімназіі. У мінулым годзе выступіла з дакладам на тэму “Выхаванне полікультурнай асобы” на навукова-практычным семінары “Адукацыя Беларусі ў полікультурным свеце: ад навукі да практыкі” (з міжнародным удзелам). У выступленні педагог прадставіла алгарытм моўнай полікультурнай адукацыі, які выкарыстоўваецца педагогамі гімназіі № 7, падзялілася вопытам правя­дзення білінгвальных і мультылінгвальных урокаў з прымяненнем мультымедыйных тэхналогій і дынамічнай нагляднасці.

“Прыём “Медыяазбука” стаў асновай для стварэння базы білінгвальных і мультылінгвальных адкрытых урокаў, накіраваных на выхаванне полікультурнай асобы, — па­тлумачыла Алена Аляксандраўна. — Медыя­азбука — гэта разгорнуты шэраг ключавых паняццяў і праблем, прадстаўленых у мультымедыйным варыянце ў алфавітным парадку па пэўнай тэме”.

У гімназіі Алена Шулейка курыруе дзейнасць клуба ЮНЕСКА “Сапрана”, таму займаецца арганізацыяй мерапрыемст­ваў, прысвечаных памятным датам ААН, удзель­нічае ў метадычных трэнінгах, рэалізацыі праекта I am the master. Падчас летніх канікул далучаецца да міжнародных валанцёрскіх праектаў. Мінулым летам была занята ў праграме CISVStepUp у Нарвегіі, дзе на працягу месяца прадстаўнікі
10 краін абмяркоўвалі разнастайныя праблемы, дзяліліся вопытам іх вырашэння ў сваіх краінах. Праграма дазволіла палепшыць моўныя навыкі, пазнаёміцца з культурай, эканамічным і сацыяльным развіццём іншых краін. І ў далейшым Алена Аляк­сандраўна плануе рэалізоўваць свой педагагічны і асобасны патэнцыял, пры­маць удзел у цікавых адукацыйных праектах, пашыраць сетку прафесійных кантактаў і геа­графію міжнароднага супрацоўніцтва сваёй гімназіі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.