Паспяховая сацыялізацыя і прафесійная падрыхтоўка

- 11:49Спецыяльная адукацыя

На базе Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната Пухавіцкага раёна ў верасні адкрыўся першы ў Мінскай вобласці інтэрактыўны інфармацыйна-экалагічны цэнтр “Стварэнне ўмоў і інфраструктуры для павышэння ўзроўню дасведчанасці грамадскасці па пытаннях змянення клімату”. Праект рэалізаваны за сродкі прадстаўніцтва Праграмы малых грантаў глабальнага экалагічнага фонду ў Рэспубліцы Беларусь у асобе нацыянальнага каардынатара Юрыя Салаўёва пры падтрымцы Пухавіцкага райвыканкама і раённага грамадскага аб’яднання “Пухавіцкі край”. У цэнтры пачаліся тэарэтычныя і практычныя заняткі і пазакласныя мерапрыемствы з выкарыстаннем комплексу трэнажораў і настольных гульняў па развіцці ў дзяцей экалагічнай культуры, што садзейнічае іх сацыялізацыі і адаптацыі да жыцця ў грамадстве.

У інфармацыйна-экалагічным цэнтры.

Рэсурс развіцця ўстановы

“Кожная інтэрнатная ўстанова павінна знайсці свой шлях развіцця ў сучасных умовах. Гэта можа быць стварэнне рэсурсных цэнтраў, рэалізацыя інавацыйных і эксперыментальных праектаў, — гаворыць дырэктар школы Наталля Анатольеўна Дзіроўская. — На працягу сямі гадоў у нашай установе дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр спецыяльнай адукацыі па рабоце з асобамі з інтэлектуальнай недастатковасцю. Яго мэта — аказанне кансультатыўна-метадычнай дапамогі педагогам Мінскай вобласці, якія вучаць дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю. Дзякуючы спонсарскай падтрымцы галандскага дабрачыннага фонду “Дзіцячыя дамы Беларусі” і яго прэзідэнта Марыі Элізабэт Страверус-Нікер, з мэтай асваення зместу адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі з улікам асаблівасцей псіхафізічнага развіцця кожнага дзіцяці сёлета ва ўстанове адкрыўся LEGO-клас. Незвычайны клас, незвычайныя дзеці… На сталах стаяць скрыначкі з канструктарам, кожны ўрок нашы выхаванцы працуюць з ім, выконваюць займальныя і складаныя заданні настаўніка. Яны ўспрымаюць заняткі як гульню, вучацца быць уважлівымі, уседлівымі, дакладна выконваць інструкцыі. Гэта дапамагае лепшаму засваенню неабходнага матэрыялу. Падчас выканання практычных заданняў у дзяцей задзейнічаны розныя групы мышцаў, адбываецца развіццё і карэкцыя маторыкі рук, пазнавальна-маўленчай дзейнасці і эмацыянальна-валявой сферы”.

“Вучэбна-азнаямляльны комплекс інфармацыйна-экалагічнага цэнтра, які адкрыўся ў нас месяц назад, уяўляе сабой сучасную прастору для дзяцей і падлеткаў, дзе ў гульнявой форме можна вывучаць навакольны свет, — расказала намеснік дырэктара школы Людміла Эдуардаўна Калюціч. — Для даследавання такіх сусветных праблем, як глабальнае пацяпленне, недахоп прэснай вады, утылізацыя адходаў, распрацавана больш за 30 інтэрактыўных трэнажораў-экспанатаў. Навучэнцы могуць самастойна мераць узровень шуму і вуглякіслага газу ў памяшканні, убачыць парніковы эфект, змайстраваць батарэйку пры дапамозе лімона, дроту і цвікоў. У працэсе зборкі электрычных ланцугоў вучні даведаюцца аб прынцыпе работы радыё, прапелера і дзвярнога званка. Экакабінет абсталяваны тэматычнымі плакатамі-стэндамі, шырокафарматным тэлевізарам і спецыяльнай сцяной-“калькулятарам”, якая дазваляе вылі­чыць найлепшы цеплаізаляцыйны матэрыял для будаўніцтва дома”.

На занятках з шасцігадовым Віталікам.

Цэнтр дае ўнікальныя магчымасці для правядзення школьных заняткаў, адкрытых урокаў, пазакласных мерапрыемстваў, падрыхтоўкі да алімпіяд. База экалагічнага цэнтра будзе выкарыстоўвацца не толькі для заняткаў з навучэнцамі дапаможнай школы, у якой ён размешчаны. Установа пачала наладжваць супрацоўніцтва з насельніцтвам, з агульнаадукацыйнымі ўстановамі, з ліцэямі і каледжамі. Іх педагогі і вучні могуць праводзіць урокі ў экалагічным цэнтры, рыхтаваць даследчыя работы. Комплекс трэнажораў і займальных настольных гульняў, які тут знаходзіцца, дазваляе адапта­ваць заняткі пад любы ўзрост навучэнцаў і іх інтарэсы. Энерга­зберажэнне, абыходжанне з адходамі, хімічная бяспека — аб складаных экалагічных пытаннях можна расказаць проста і даступна, фарміруючы пры гэтым цэласнае ўяўленне аб эканомным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, культуру выкарыстання розных крыніц энергіі ў штодзённым жыцці.

З акцэнтам на сацыяльную і прафесійную падрыхтоўку

У бягучым навучальным годзе ў Рудзенскай дапаможнай школе-інтэрнаце вучацца і пражываюць 116 дзяцей. Гэта дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, — навучэнцы з інтэлектуальнай недастатковасцю. Упершыню ва ўстанове з’явілася група для дашкольнікаў. Работа з такімі дзецьмі — новы вопыт для калектыву ўстановы.

Настаўнік-дэфектолаг Марына Аляксееўна Бранавіцкая ў гэты дзень праводзіла індывідуальныя заняткі па развіцці дробнай маторыкі з шасцігадовым Віталікам. Пайшоў другі месяц знаходжання хлопчыка ў інтэрнаце. Педагог адзначае станоўчую дынаміку ў яго развіцці, з’яўленне новых эмоцый, усмешкі, жадання паўтараць за педагогам.

“Адна з асноўных мэт навучання і выхавання дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю — іх паспяховая сацыялізацыя, прафарыентацыя і прафесійная падрыхтоўка, — гаворыць дырэктар школы Наталля Анатольеўна Дзіроў­ская. — Нашы навучэнцы не выву­чаюць фізіку, хімію і англійскую мову, замест інфарматыкі асвойваюць элементы камп’ютарнай пісьменнасці. Беларуская мова і літаратура як вучэбныя прадметы з’яўляюцца ў нашых вучняў у 5 класе. Пачынаючы з 8 класа ў школе выкладаецца гісторыя Беларусі, з 7 — геаграфія і біялогія (да гэтага — курс “Чалавек і свет”). Выпускнікі школы пасля заканчэння 10 класа працягваюць навучанне ў 11—12 класах паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі, дзе атрымліваюць прафесіі рабочага зялёнага будаўніцтва, кветкавода, агародніка, садавода. Або паступаюць у прафесійныя ліцэі, у асноўным — у Чэрвеньскі прафесійны будаўнічы ліцэй, Капыльскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй і Слуцкі дзяржаўны прафесійны сельскагаспадарчы ліцэй”. 

Асвойваем розныя віды творчасці.

  Працоўнае навучанне і сацыяльна-бытавая арыенціроўка — адны з самых важных прадметаў для вучняў дапаможнай школы. Паўнацэнныя працоўныя навыкі дазваляе фарміраваць спецыяльна арганізаванае навучанне, змест і методыка якога ўлічваюць асаблівасці вучэбна-працоўнай дзейнасці навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю.

Ва ўстанове ёсць слясарная і сталярна-слясарная май­стэрні, майстэрні па апрацоўцы тканін і па рамонтна-будаўнічых работах у быце. Ёсць кабінет сацыяльна-бытавой арыенціроўкі, швейная майстэрня, вучэбны клас з зімовай цяпліцай, кабінет сельскагаспадарчай працы з поўным наборам інструментаў для земляробства, гаражы, якія ацяпляюцца, і клас, дзе праводзяцца практычныя заняткі па рамонце сельгастэхнікі. У школе таксама ёсць вучэбна-падсобная гаспадарка і вучэбна-доследны ўчастак. Унутрышкольная тэрыторыя складае каля 5 гектараў, амаль гектар яе займа­юць сад і агарод. На 17 гектарах зямлі, што арандуе ўстанова, вырошчваецца агародніна, бульба, травы і зерне для корму жывёле (20 галоў свіней), ёсць і свой млын. У распараджэнні школы ёсць трактар, збожжаўборачны камбайн, неабходны навясны і прычапны інвентар. Усё гэта дае магчымасць дзецям гаспадарыць самім, стымулюе іх да працы, да атрымання заробку. Выпускнікі школы стапрацэнтна працаўладкоўваюцца, як правіла, у сферы будаўніцтва, жыллёва-камунальнай і сельскай гаспадаркі.

“Калі мы адпраўляем сваіх выхаванцаў у дарослае жыццё, на працягу двух гадоў ажыццяўляем іх постынтэрнатнае су­праваджэнне, клапоцімся пра працаўладкаванне і месца пражывання, — гаворыць дырэктар. — У нашых выпускнікоў пачынаецца самастойнае жыццё, але гэта не зна­чыць, што мы, педагогі, развітваемся з імі. Яны тэлефануюць нам, пішуць і дасылаюць гукавыя і відэапаведамленні праз сацыяльныя сеткі, каб падзяліцца навінамі, добрым словам успом­ніць школу, параіцца. Прыязджаюць у госці, каб яшчэ раз сустрэцца з любімымі педагогамі, якіх і пасля выпуску працягваюць называць мамамі”.

Творчыя і спартыўныя

Настаўніца працоўнага навучання Людміла Уладзіміраўна Комлік вучыць дзяцей падчас урокаў, на факультатыве і гуртку не толькі азам вядзення гаспадарчых спраў, але і розным відам творчасці. “Згодна з вучэбным планам, на ўроках мы асвойваем з дзецьмі ручную вышыўку і апрацоўку тканіны (шыем на швейных машынках і ўручную), — адзначыла педагог. — Напрыклад, у 8 класе дзеці асвойваюць вышыўку глад­дзю, у 9 — вышыўку крыжыкам, у 10 класе — усе разнавіднасці вышыўкі. Праяўляю індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, бо ў кожнага свае інтарэсы і здольнасці. Дакладных рамак для творчасці няма. Мы робім дэкупаж, працуем у тэхніках ганутэль, квілінг, робім вітражы, вырабы з фаамірану, вышыўку стужкамі і пацеркамі, алмазную вышыўку, варым мыла, робім свечкі, вырабы з крэпіраванай паперы, з фетру, вяжам кручком. У фестывалі мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” навучэнцы школы пастаянна атрымліваюць дыпломы на ўзроўні раёна, вобласці і рэспублікі ў кірунку дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У 2019 годзе наша ўстанова адукацыі была адзначана дыпломам Міністэрства адукацыі за выставу работ выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладнай творчасці”.

Комплекс трэнажораў і настольных гульняў.

Прызавыя месцы рудзенскія школьнікі бяруць на спартыўных спаборніцтвах і турнірах: атрыманы 5 залатых, 2 сярэбраныя і 7 бронзавых медалёў на рэспубліканскіх спаборніцтвах па водных відах спорту, 1-е месца на Рэспубліканскім турніры па баскетболе ў рамках еўрапейскага тыдня баскетбола, прызавое месца на турніры па футболе для асоб, якія трэніруюцца па праграмах Special Olympics — 2018. Перамогі выхаванцаў — заслуга настаўніка фізкультуры Дзяніса Мікалаевіча Шакуры. Вясной 2018 года вучні дапаможнай школы ездзілі ў Люксембург на турнір EuroBocce-2018 Special Olympics Europe/Eurasia, дзе ім удалося атрымаць залаты, 4 сярэбраныя і 6 бронзавых медалёў. На футбольным турніры ў Санкт-Пецярбургу навучэнцы школы зноў сталі лепшымі. А гэтай вясной каманда адправілася на спецыяльныя Алімпійскія гульні World Games Abu Dhabi — 2019, адкуль вярнулася з узнагародамі за 1-е месца па бочэ і 2-е месца па футболе.

Будучыя праекты шукаюць спонсараў

Упраўленне па адукацыі, спорту і турызму Пухавіцкага райвыканкама Мінскай вобласці і Рудзенская дапаможная школа-інтэрнат шукаюць спонсараў для новых гуманітарных праектаў. Першы праект — “Карысныя шчэпкі”. Ва ўстанове плануецца абсталяваць для навучэнцаў 6—12 класаў слясарную майстэрню па апрацоўцы драўніны і майстраванні вырабаў з дрэва. Наступны праект — “Дворык нашай мары” — па добраўпарадкаванні прагулачнай тэрыторыі для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту на тэрыторыі школы-інтэрната. Дзіцячы гульнявы комплекс, у якім будзе арганізавана пазнавальная, творчая і аздараўленчая дзейнасць дзяцей, прынясе ім велізарную радасць і неацэнную карысць для здароўя. Комплекс можа быць усталяваны на існуючым ці зноў зробленым травяным газоне або на іншым пакрыцці. Яшчэ адзін праект — адкрыццё ганчарнай майстэрні “Адраджэнне”. У планах калектыву ўстановы аднавіць і захаваць спецыфіку работы ганчароў, стварыць умовы для захавання і перадачы навучэнцам з АПФР навыкаў гэтага майстэрства. Рэалізацыя ініцыятывы будзе садзейнічаць развіццю праекта бізнес-школы, атрыманню грашовых сродкаў для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Але самае галоўнае, што выхаванцы школы-інтэрната з карысцю змогуць праводзіць у майстэрні свой вольны час.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.