Паспяховую міграцыйную палітыку можна праводзіць і без дапамогі глабальнага пакта аб міграцыі

- 12:13Інфармацыйная гадзіна

Аўстралія адмовілася падпісаць глабальны дагавор аб міграцыі, узгоднены ў ААН. Аб гэтым паведаміў амерыканскі тэлеканал CNN, спасылаючыся на заяву прэм’ер-міністра краіны Скота Морысана.

Аўстралійскі прэм’ер выказаў асцярогу, што далучэнне Аўстраліі да пагаднення можа стварыць пагрозу бяспецы яе граніц. Ён таксама адзначыў, што краіна не мае патрэбы ў такім пакце, паколькі здольна кантраляваць уласныя граніцы і ажыццяўляць паспяховую міграцыйную палітыку. Скот Морысан указаў на недахопы дакумента, падкрэсліўшы, што ён не ўстанаўлівае выразнага адрознення паміж нелегаламі і людзьмі, якія выязджаюць на тэрыторыю Аўстраліі законна.

Паводле даных аўстралійскай газеты The Sydney Morning Herald, Скот Морысан мае намер таксама скараціць квоту для мігрантаў, якія прыбываюць у краіну, са 190 тысяч да 160 тысяч.

У ліпені 2018 года ўсе краіны — члены ААН (за выключэннем ЗША) узгаднілі канчатковы тэкст глабальнага пакта аб бяспечнай, упарадкаванай і легальнай міграцыі — першага ўсёабдымнага міжурадавага дагавора, які ахоплівае розныя аспекты гэтай сферы. Акрамя Аўстраліі, аб сваёй адмове далучыцца да пакта заявілі Венгрыя, Аўстрыя, Чэхія і Ізраіль.

Дагавор плануецца падпісаць па выніках міжурадавай канферэнцыі, якая пройдзе 10—11 снежня 2018 года ў Маракешы (Марока).