Паспяховы той, хто найперш перамагае сябе

Настаўніца біялогіі Алена Уладзіміраўна Мішына настаўнічае ўжо 25 гадоў у гімназіі № 8 Віцебска. У педагогіку трапіла па збегу акалічнасцей (марыла стаць медыкам), але расчаравання не зведала. Настаўніца пераканана, што цяжкасці ёсць у кожнай прафесіі, яны робяць мацнейшым кожнага з нас, а педагог, як ніхто іншы, павінен быць моцным і ўпэўненым у сабе. Як заўважыла Алена Уладзіміраўна, паспяховы той, хто найперш перамагае сябе і сваю ляноту.

На прафесійным шляху Алены Уладзіміраўны сустракаліся выдатныя педагогі, моцныя прадметнікі і метадысты, якія паўплывалі на яе як па-чалавечы, так і прафесійна. “Маім універсітэцкім (скончыла тады яшчэ Віцебскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя П.Машэрава) выкладчыкам методыкі быў В.С.Конюшка, які вельмі многа даваў методыкі і вучыў добра. Калі прыйшла ў школу, то са мной зноў працавалі прафесіяналы — М.М.Ласякіна, А.М.Купрыянава. Я трапіла ў такое асяроддзе, дзе можна было навучыцца стаць сапраўдным настаўнікам.

У прыватнасці, калі ва ўніверсітэце вучыліся праектаваць урокі, то заўсёды давалася парада рабіць некалькі варыянтаў заданняў для замацавання матэрыялу, для адточвання практычных навыкаў. У школе больш вопытныя калегі проста садзіліся побач і разбіралі ўрокі, паслядоўнасць этапаў, заданні, тлумачылі гэтую паслядоўнасць з пункту гледжання методыкі”, — адзначыла Алена Уладзіміраўна.

Мая сённяшняя гераіня — класічная настаўніца, прыхільніца ў большасці сваёй традыцыйных урокаў, хаця трымае ў полі зроку і сучасныя метадычныя тэндэнцыі. Даволі даўно выкарыстоўвае элементы тэхналогіі крытычнага мыслення. У 2017 годзе скончыла дыстанцыйныя курсы па засваенні стратэгіі актыўнай ацэнкі. “За гады работы змянілася многае, бо само жыццё памянялася. Калі раней быў падручнік і пару дапаможнікаў, то цяпер у арсенале настаўніка, акрамя падручніка тэставыя зборнікі, сшыткі для практычных і лабараторных работ і шмат іншага. Разам з тым усё роўна трэба ўчытвацца, пераглядаць, адаптаваць пад сваіх вучняў.

Выкарыстоўваю на сваіх уроках зручныя для мяне элементы актыўнай ацэнкі. Мне падабаецца, што гэтая тэхналогія дапамагае вучыць дзяцей ставіць мэты, саміх сябе ацэньваць. Дарэчы, да АА прыйшла ў тым ліку і з дапамогай “Настаўніцкай газеты”, дзе сваім вопытам дзяліліся педагогі з Віцебшчыны Галіна Сухава і Вольга Жыткая. Апошняя якраз і расказала мне, як можна зарэгістравацца і павучыцца на дыстанцыйных курсах. Калі коратка, то мая методыка — гэта класічны ўрок, плюс прыёмы крытычнага мыслення, плюс элементы актыўнай ацэнкі”, — адзначыла А.У.Мішына.

Цяпер Алена Уладзіміраўна выкладае ў 6, 8, 10 класах, у якіх практыкуе самыя розныя формы работы. “Усё залежыць ад характару класа, — зазначае яна. — Вы ж ведаеце, што адзін і той жа канспект урока ў розных класах можа па-рознаму спрацаваць, не кардынальна, але нюансы будуць абавязкова. Дзеці ж розныя: ёсць актыўныя і пасіўныя, ёсць вучні, для якіх біялогія прывабная толькі асобнымі тэмамі. Высокая матывацыя ў старшакласнікаў профільных класаў, бо яны ўжо больш-менш уяўляюць сваю будучыню, адпаведна, ведаюць, якія прадметы ім спатрэбяцца ў большай ступені”.

У педагагічную практыку маёй гераіні ўваходзіць і такі напрамак дзейнасці, як навучанне дарослых. Перыядычна Алена Уладзіміраўна праводзіць заняткі для сваіх калег падчас курсаў павышэння кваліфікацыі як на ўзроўні горада, так і вобласці. Летам яна працавала ў раённай школе для настаўнікаў хіміі і біялогіі Талачына. А на пазамінулым тыдні настаўніца тлумачыла калегам падыходы да кантрольна-ацэначнай дзейнасці ў межах сучаснага ўрока, расказвала пра групавыя формы работы і ўласную методыку выкладання.
“Работа тых заняткаў (а гэта былі маладыя настаўнікі) пачыналася з тлумачэння паняцця адзнакі, затым яшчэ раз разгледзелі 10-бальную шкалу, разабралі, якія веды якому ўзроўню адпавядаюць, аналізавалі дапаможнікі (дыдактычныя, лабараторныя, практычныя), якія ёсць у нас у наяўнасці.

Я, каб пазбегнуць непаразумення наконт адзнакі, пачынаю з дзецьмі весці работу з 6 класа. У мяне на стэндзе вісіць 10-бальная шкала з тлумачэннем кожнага ўзроўню ведаў і кожнага бала. Ёсць такі прыём крытычнага мыслення — “Тоўстыя і тонкія пытанні”. З яго мы і пачынаем вучыцца разбірацца ў сістэме ацэньвання”. Я імкнуся, каб дзеці вучыліся разумець, што пытанне і заданне бываюць рознымі, адпавядаюць розным узроўням прастаты і складанасці. Тут мне дапамагае і актыўная ацэнка, дзе вялікая ўвага ўдзяляецца самаацэнцы, калі навучэнец вучыцца ставіць мэту і ацэньваць ступень яе дасягнення.

Заўсёды з вучнямі аналізуем пісьмовую работу, як гавораць навучэнцы, “ацэньваем кошт кожнага задання”. Для гэтага ў нас ёсць шкала пераводу. Затым, пры праверцы такой пісьмовай работы, стаўлю на палях умоўныя абазначэнні (правільна, няправільна, нешта прапусціў/згубіў), якія пры неабходнасці тлумачацца на наступным уроку.

Пры ацэньванні вуснага адказу галоўнае — сфармуляваць пытанне так, каб яго можна было ацаніць па 10-бальнай сістэме. Часцей за ўсе вучань спачатку нешта расказвае, а пасля яму задаюцца пытанні, каб зразумець, наколькі добра ён валодае гэтай інфармацыяй, умее параўнаць, абагульніць. Адказ вучня каменцірую я і аднакласнікі, каб усе разумелі кошт той ці іншай адзнакі. Вострых канфліктаў у нас з вучнямі ніколі не ўзнікала, як, зрэшты, і з іх бацькамі (са шкалой ацэньвання знаёмлю і іх). І, дарэчы, калі ўзнікае гаворка наконт адзнакі з мамай ці татам, то заўсёды імкнуся, каб у такой размове ўдзельнічаў і вучань”, — расказала настаўніца.

Алена Уладзіміраўна часта нагадвае сваім навучэнцам, што перамагаць сябе і сваю ляноту — гэта справа, якая не церпіць перапынку, інакш шансы дасягнуць лепшага (у тым ліку і больш высокай адзнакі) будуць невысокія. Каб пераканацца ў гэтым, трэба проста не ленавацца.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *