Паспяховы ўрок грунтуецца на метадычнай падкаванасці

- 10:30Адукацыйная прастора

Конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2020” стаў самым яркім момантам у педагагічнай грамадскасці краіны. Конкурс дапамог раскрыць і паказаць педагагічны талент многіх настаўнікаў. Іх публічнасць выйшла на новы ўзровень. Цяпер яны дзеляцца сваімі прафесійнымі здабыткамі не толькі з вучнямі, але і з калегамі з самых розных куткоў краіны.

У цэнтры ўвагі застаецца пераможца конкурсу — настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 19 Гомеля Вадзім Лосеў. Вадзім Алегавіч з тых педагогаў, прафесіяналізм якіх вызначаецца не гадамі працы, а энтузіязмам і вялікім жаданнем увесь час развівацца і ўдасканальвацца. Ён заўсёды ўважліва слухае, глядзіць, аналізуе, часта дзейнічае інтуітыўна. А прафесійная інтуіцыя, як вядома, адзін з галоўных складнікаў поспеху. Разам з тым Вадзім Алегавіч мае грунтоўную метадычную падрыхтоўку. Інакш яго ўрокі не былі б такімі змястоўнымі, дынамічнымі і цэласнымі.

З аднаго боку, педагогіка — гэта творчасць, а з другога — методыка

У памяці і сёння ўсплываюць фрагменты яго ўрока на сцэне АПА падчас закрыцця конкурсу “Настаўнік года”. Тады Вадзім Алегавіч правёў урок-падарожжа.“Вывучаць геаграфію лепш за ўсё ў падарожжах”, — сказаў ён і прапанаваў паляцець у Расію. Пакуль “ляцелі”, педагог расказваў пра краіну, яе геаграфічныя адметнасці і знакамітыя аб’екты. Затым са сваім класам настаўнік на цягніку паехаў ва Украіну. І на першай станцыі яны пагулялі ў гарады. Вярнуцца ў Беларусь Вадзім Алегавіч прапанаваў пешшу праз палескія балоты — лёгкія Еўропы. Урок, нягледзячы на кароткую працягласць, атрымаўся вельмі пазнавальным.

Пасля конкурсу было інтэрв’ю з пераможцам, дзе ён расказваў пра арганізацыю сваіх ўрокаў. “З аднаго боку, педагогіка — гэта творчасць, а з другога — методыка. Разам з тым яна дазваляе настаўніку быць варыятыўным. А гэта менавіта тое, што мне трэба, бо я павінен бачыць, куды мы з вучнямі рухаемся. І калі на адным уроку мая метадычна-арганізацыйная прапанова не спрацавала, то на другім я ўсё памяняю: методыку, падыход, форму — поўнасцю перавярну ход урока. Тут метадычную значнасць набываюць інтуіцыя і мэтапакладанне. Важна, каб мэты настаўніка супадалі з вучнёўскімі. Калі я ў клас прыходжу з урокам-загатоўкай, то няма ніякай гарантыі, што ён пройдзе па плане.

А ўжо тое, што адзін і той жа ўрок у паралелі ні разу не паўторыцца, факт неаспрэчны. Сёння, каб быць эфектыўным, трэба быць мабільным і ведаць як мага больш розных метадаў і прыёмаў. Адукацыя праз усё жыццё пастаянна напаўняецца новымі сэнсамі, бо мы ўвесь час рушым наперад. Разам з тым трывалая тэарэтычна-метадычная база — аснова любога ўрока. Тут я заўсёды ўспамінаю мастакоў-экспрэсіяністаў або авангардыстаў, якія атрымалі класічную мастацкую адукацыю. Калі гаварыць канкрэтна пра маю методыку, то частку я пераняў у сваіх калег на шматлікіх майстар-класах, а частку — прыдумаў сам”, — расказваў Вадзім Алегавіч.

Падчас інтэрв’ю педагог шмат разважаў пра эфектыўнасць урока, вучэбныя патрэбы сучасных вучняў і магчымасці сучаснага настаўніка. У прыватнасці, Вадзім Алегавіч адзначаў, што пры фармулёўцы мэт урока найперш зыходзіць з практыкаарыентаванасці (разуменне куды лепш завучвання), што пры фарміраванні асноўнага зместу ўрокаў вялікае значэнне набывае ўзроставая псіхалогія (у рознага ўзроўню дзяцей розныя вучэбныя патрэбы, і калі з дарослымі дзецьмі трэба весці дыялог і дыскутаваць, то для меншых ідэальна падыхо­дзіць гульня), што ацэньваць веды неабходна на кожным уроку (педагог можа карыстацца як сваёй сістэмай ацэньвання (на аснове інтэлектуальных гульняў), так і класічнай), што настаўніку вельмі важна зразумець сябе і свае педагагічныя патрэбы (гэта проста неабходна, каб выбудаваць пэўныя межы як для сябе, так і для сваіх вучняў).

Пасля інтэрв’ю я вырашыла, што пра ўрокі Вадзіма Лосева трэба не слухаць. Куды лепш на іх папрысутнічаць, каб адчуць сэнс сказанага, паглядзець у вочы яго вучням. І вось жаданне маё ажыццявілася. Забягаючы наперад, хачу адзначыць, што Вадзім Алегавіч сапраўды дакладна разумее свае педагагічныя патрэбы, а яго вучні ўсведамляюць свае запыты. У гэтым ім вельмі дапамагае зварот да эмацыянальнага інтэлекту. Радасць і задавальненне ад зносін з настаўнікам і паміж сабой панавалі на ўроку як у 8, так і ў 11 класе. Мне пашчасціла пабыць на двух уроках настаўніка года.

Для васьмікласнікаў — контурныя карты

Першым быў урок у 8 класе. Пазітыўная настроенасць на ўрок адчувалася яшчэ на перапынку. Васьмікласнікі заходзілі ў клас і радасна віталіся з настаўнікам. Ніякай нервовасці і страху. Толькі прадчуванне чагосьці цікавага і незвычайнага. Звініць званок, усе займаюць свае месцы ў гатоўнасці пачынаць працаваць. І праца пачынаецца з першых жа мінут.

Тэмай урока геаграфіі ў 8 класе была “Украіна”. Тэма даволі шырокая, але за 45 мінут былі вызначаны геаграфічнае становішча, прыродныя ўмовы, рэсурсы Украіны, яе тэрытарыяльныя межы (краіны, з якімі мяжуе), склад насельніцтва, турыстычны патэнцыял. Ішла размова пра сельскую гаспадарку і сферы прамысловасці, транспарт Украіны.

Адметнасцю ўрока стала тое, што дзеці паралельна працавалі з контурнымі картамі, адказвалі на пытанні і слухалі вучэбны матэрыял. Зразумела, была і гульнявая частка, падчас якой я пераканалася, што інтэлектуальная гульня на ўроку — гэта не толькі развіццё разумовых здольнасцей дзяцей, а яшчэ і мора пазітыву.

“Важным складнікам урока сталі контурныя карты. Я часта звяртаюся да работы з контурнымі картамі. Гэта геніяльная метадычная прыдумка, такая размалёўка для дарослых дзяцей. А ўвогуле блокава-модульная сістэма контурнай карты закранае розныя аспекты. Напрыклад, у іх пазначаны краіны, з якімі мяжуе Украіна, а гэта вельмі важна, бо ў канцы вывучэння раздзела ў нас будзе ўрок, прысвечаны сталіцам краін Еўропы (такі своеасаблівы залік па еўрапейскіх сталіцах). У канцы ІІІ чвэрці будзе залік па азіяцкіх сталіцах. Контурныя карты пры вывучэнні такога матэрыялу — вялікая дапамога настаўніку, можна сказаць, выратаванне. Увогуле, вывучэнне сталіц у геаграфіі — гэта ад зін з самых эрудзіраваных кампанентаў прадмета. У гэтым значэнне геаграфіі для звычайнага чалавека”, — адзна­чыў Вадзім Алегавіч.

У першым блоку ўрока васьмікласнікі вызначылі, што Украіна размешчана на паўднёвым усходзе Еўропы і мяжуе з Расіяй, Беларуссю, Малдовай, Польшчай, Славакіяй, Венгрыяй і Румыніяй. Такое суседскае становішча абумоўлівае важнае транзітнае значэнне Украіны. Праз яе тэрыторыю праходзяць самыя кароткія сухапутныя і паветраныя шляхі, якія злучаюць краіны, размешчаныя ў раёне Балтыйскага і Чорнага мораў, а Расію — з краінамі Усходняй, Заходняй і Паўднёвай Еўропы. Пераважна раўнінная тэрыторыя краіны размяшчаецца ў межах Усходне-Еўрапейскай платформы. Яе нетры багатыя на разнастайныя карысныя выкапні. У Крыварожскім і Нікапальскім басейнах засяроджаны жалезныя і марганцавыя руды. На ўсходзе краіны знаходзіцца Данецкі каменнавугальны басейн. Шырока распаўсюджана хімічная і будаўнічая сыравіна: каменная соль, фасфарыты, сера, вапнякі.

Клімат умерана кантынентальны. З поўначы на поўдзень назіраецца ярка выяўленая змена прыродных зон. Праз усю краіну з усходу на захад шырокай паласой распасціраецца зона лесастэпу і стэпу, пад якой сфарміраваліся ўрадлівыя каштанавыя глебы і чарназёмы. Чарназёмы займаюць больш за 60% тэрыторыі краіны.

Другі блок урока быў прысвечаны галінам прамысловасці Украіны. Тут педагог з вучнямі вусна прагаварылі, якія галіны прамысловасці ва Украіне найбольш развітыя, на чым будуецца прамысловасць гэтай краіны, якія там развіты вытворчасці, якія з іх з’яўляюцца асноўнымі, а якія — другараднымі, што з’яўляецца асновай прамысловага росту. Аснову энергетыкі Украіны складае вугальная прамысловасць. Аб’ёмы здабычы ўласнай нафты і прыроднага газу нязначныя і забяспечваюць патрэбы эканомікі толькі на 10—20%. Краіна з’яўляецца буйным імпарцёрам гэтых відаў сыравіны. Асноўная частка электраэнергіі выпрацоўваецца на буйных ЦЭС. Прыкладна 40% вытворчасці забяспечваюць чатыры атамныя электрастанцыі: Ровенская, Хмяльніцкая, Паўднёва-Украінская і Запарожская.

Акрамя таго, гаварылася пра дэмаграфію, колькасць насельніцтва, пра дыяспары, якія ёсць ва Украіне. Затым разам палічылі і зрабілі выснову, што асноўная частка насельніцтва Украіны — гэта ўкраінцы (больш за 70%). Тут былі выкарыстаны веды па матэматыцы (спатрэбіліся навыкі па вылічэнні працэнтаў), і, адпаведна, рэалізаваны прынцып міжпрадметнасці.

“Мы з дзецьмі разабраліся, што Украіна дзеліцца на зоны, калі абмяркоўвалі сельскую гаспадарку. Вывучылі новае паняцце “Бахча”. Акрамя таго, прагаварылі, што існуе заходняя і ўсходняя Украіна, падзеленая ракой Днепр. Апошнім пытаннем для вывучэння быў турыстычны патэнцыял Украіны. Мне здаецца, што гэта самы важны момант, бо дзеці даведаюцца карысную для сябе інфармацыю па турыстычных маршрутах. На контурнай карце вучні праклалі геаграфічны маршрут, рухаючыся па якім можна вывучаць асноўныя турыстычныя пункты Украіны”, — працягваў каменціраваць Вадзім Алегавіч.

У заключэнне было сказана, што прыродныя ўмовы і рэсурсы Украіны спрыяльныя для развіцця шматгаліновай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Дэмаграфічную сітуацыю ў краіне характарызуюць натуральнае змяншэнне насельніцтва і яго міграцыйны адток. У галіновай структуры прамысловасці вялікую ролю маюць чорная металургія і машынабудаванне. Украіна з’яўляецца адным з найбуйнейшых у Еўропе вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі.
Апошнія мінуты ўрока былі прысвечаны замацаванню пройдзенага матэрыялу. І для гэтага настаўнік арганізаваў інтэлектуальную гульню “Веру — не веру”, дзе трэба было праявіць веды і эрудыцыю, адказваючы на пытанні кшталту: “Ці верыце вы, што самая магутная электрастанцыя Еўропы — Запарожская?”,“Ці верыце вы, што Кіева-Пячэрская лаўра знаходзіцца ў Кіеве?”. Дзеці былі ў захапленні.

“Мне таксама вельмі падабаецца гэты элемент, бо вучні, якія па ходзе гульні выбываюць, не адчуваюць сябе пераможанымі. Сэнс майго ўрока — заахвочванне да ведаў, а не пакаранне за няведанне. Тыя, хто выбывае з гульні, падтрымліваюць сваіх аднакласнікаў і паралельна вучацца, запамінаючы тое, што ўпусцілі. Некаторыя адказы на пытанні патрабавалі логікі, а некаторыя можна было знайсці ў тэксце падручніка і ў контурных картах. Гульня заснавана на ўвазе, уважлівасці і шанцаванні. Арганізацыя гульнявой дзейнасці падтрымлівае педагагічны сэнс урока, дазваляе падвесці яго вынікі і ацаніць веды вучняў”, — адзначыў педагог.

Падчас урока Вадзім Алегавіч пастаянна абапіраўся на параграф падручніка. Сам ён гэта тлумачыць тым, што дзеці не ўмеюць чытаць вучэбны тэкст, калі трэба выбіраць галоўнае і другараднае. Педагог лічыць, што вельмі вялікае значэнне мае фарміраванне чытацкай пісьменнасці. Менавіта гэтае ўменне з’яўляецца адным з асноўных, якое правяраецца Міжнароднай праграмай па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў PISA. Беларускія школьнікі па выніках апошняга ўдзелу ў PISA знаходзяцца дзесьці пасярэдзіне, што сведчыць аб недастаткова сфарміраваным уменні чытаць вучэбныя тэксты, а затым рабіць планы-канспекты, апорныя схемы.

Для адзінаццацікласнікаў — дыскусія

Урок у 11 класе быў зусім іншым. Гэта абумоўлена і яго тэмай, і ўзроставымі асаблівасцямі навучэнцаў. Па меркаванні Вадзіма Лосева, з дарослымі дзецьмі трэба весці дыялог і дыскута­ваць, што і было прадэманстравана падчас урока.

Тэма ўрока гучала так — “Геаэкалагічныя праб­лемы атмасферы”. Дарэчы, такая тэма ёсць у пераліку вусных тэм на выпускным экзамене па англійскай мове ў 11 класе. Праўда, на англійскай мове яна гучыць як “Забруджванне навакольнага асяроддзя”. Адразу хочацца заўважыць, што вучням было цікава, бо прапанаваная Вадзімам Алегавічам тэма разглядалася ў кантэксце: як я ўплываю на зямлю і як зямля ўплывае на мяне.

“Абавязкова трэба даваць магчымасць вучням абмеркаваць прапанаваныя пытанні, бо праз абмеркаванне ідзе паўторнае ўзнаўленне і замацаванне вучэбнага матэрыялу. Калі яны зразумелі, што смецце неабходна сартаваць і як гэты працэс ўплывае на азонавы слой, то можна гаварыць пра педагагічную перамогу. Акрамя таго, вучань павінен пастаянна пытацца ў сябе і ў мяне, навошта яму патрэбны тыя ці іншыя веды. Пры разглядзе агульных для планеты экалагічных праблем мы павінны канцэнтравацца на іх у нашай краіне. Важна гаварыць пра раздзяленне смецця, пра сувязь экалогіі і анкалагічных захворванняў. Напрыклад, далей у 11 класе мы будзем разглядаць геаэкалагічныя праблемы гідрасферы, і я планую навучыць іх знімаць паказанні з лічыльнікаў вады ”, — каменціраваў настаўнік.

Урок пачаўся з пастаноўкі праблемнага пытання: як геаэкалагічныя праблемы ўплываюць канкрэтна на нас, людзей, якія жывуць у Беларусі. Далей быў сегментарны аповед, што такое атмасфера, азонавы слой, парніковы эфект, — такое ўвядзенне ў курс справы. У прыватнасці, настаўнік адзначыў, што асабліва хуткія змяненні клімату адбываюцца з сярэдзіны мінулага стагоддзя. У значнай ступені яны выкліканы гаспадарчай дзейнасцю чалавека. У першую чаргу антрапагеннымі выкідамі дыаксіду вугляроду, метану, закісу азоту і іншых парніковых газаў. Прыкладна 65% антрапагенных выкідаў СО2 у атмасферу звязана са спальваннем выкапнёвага паліва — нафты, газу, вугалю і інш., а 35% — з памяншэннем яго паглынання, выкліканага засваеннем новых зямель і масавай высечкай лясоў. Пры гэтым прыкладна 45% ад агульнай сумы выкідаў СО2 застаецца ў атмасферы, 30% — паглынаецца акіянам, а астатняя частка засвойваецца біясферай.

З’ява натуральнага парніковага эфекту дазваляе падтрымліваць на паверхні Зямлі тэмпературу, пры якой стала магчымым узнікненне і развіццё жыцця. У выніку натуральнага парніковага эфекту сярэдняя тэмпература паверхні Зямлі роўная плюс 15°С, а без парніковага эфекту яна была б мінус 18°С.

Затым Вадзім Алегавіч разам з вучнямі абмяркоўваў, што і як уплывае на азонавы слой, як мы ўплываем на яго. Настаўніка цікавіла вучнёўскае бачанне праблем азонавага слою і парніковага эфекту. І, натуральна, цікава было паслухаць прапановы адзінаццацікласнікаў па абароне і барацьбе з забруджваннем. Магчыма, для аднаго — гэта будзе адмова ад аўтамабіля, а для іншага — сартаванне смецця. Гаворка ішла пра зручны і прымальны выбар у барацьбе з антрапагеннымі забруджваннямі.

Канечне, такое абмеркаванне было б немэтазгодным без агульных для Беларусі праб­лем — забруджвання ад нафтаперапрацоўчай прамысловасці, выкідаў адходаў вытворчасці ў вадаёмы. Не менш важнае значэнне мае наладж­ванне перапрацоўкі бытавых адходаў. Падчас урока дэманстраваўся фільм з сайта Міжведамаснай камісіі па абароне азонавага слоя. Пры вывучэнні такіх глабальных тэм, як, напрыклад, экалогія, дэмаграфія, педагог заўсёды абапіраецца на беларускі матэрыял.

“На жаль, мы не заўсёды ведаем пра праекты і ініцыятывы, якія рэалізуюцца ў нашай краіне. Для мяне самога стала адкрыццём, што, напрыклад, сайт “Мэта 99” з’яўляецца адукацыйным. За “Мэтай 99” (грамадзянская ініцыятыва па сартаванні і перапрацоўцы 99% бытавых адходаў) стаіць дзяржаўная ўстанова “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” — некамерцыйная спецыяльна ўпаўнаважаная арганізацыя, створаная ў 2012 годзе Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Цяпер пра “Мэту 99” я стараюся расказваць не толькі сваім вучням, але і калегам.

Папера, шкло, пластык, метал, старая тэхніка — пры разумным падыходзе ўсё гэта з адходаў ператвараецца ў карысныя рэсурсы. А энергазберагальныя лямпы і батарэйкі перастаюць быць небяспечнымі для прыроды. Дарэчы, пра сартаванне смецця трэба гаварыць значна раней, чым у 11 класе. У гэтым 11 класе толькі двое дзяцей ведаюць усё пра раздзяленне смецця, бо жывуць у прыватным сектары, дзе патрабуецца сартаваць смецце. А хацелася б, каб такіх дзяцей было больш, каб яны разумелі сэнс гэтых экалагічных дзеянняў”, — адзначыў Ва­дзім Алегавіч.

Падчас размовы аб раздзяленні смецця на экране дэманстраваліся карцінкі, якія візуалізавалі гаворку. На думку педагога, візуалізацыя працэсу навучання важная як у 5, так і ў 11 класе. “У 8 класе я не выкарыстоўваў экран, бо ўсю інфармацыю вучні бралі з контурных карт і падручніка. Гэтага было дастаткова. У 11 класе трэба гаварыць пра тое, што існуе вакол нас. Адзінаццацікласнікі заўсёды мне ка­жуць: “Не веру, пакажыце”. Але, нягледзячы на тое, што вучні выпускнога класа больш інтэлектуальна развітыя, навучанне з імі ідзе па тых жа алгарытмах, што і ў 6 класе: візуалізуй, уяўляй, гавары. Акрамя таго, карцінкі давалі магчымасць канцэнтравацца на канкрэтных рэчах. Напрыклад, калі з’явілася шкляная бутэлька, то адны прапанавалі пры сартаванні смецця пакінуць яе ў кантэйнеры для шкла, а другія — здаць у спецыяльны пункт прыёму шкляной тары.

“У гэтым 11 класе пару ўрокаў назад вучні дэманстравалі свае відэаролікі, у якіх паказвалі праблемы сваіх вуліц і раёнаў. Чаму на ўроку мы загаварылі пра раздзяленне смецця? Бо дзеці ў сваіх роліках ставілі праблему невыканання правіл карыстання смеццевымі кантэйнерамі. Яны гаварылі пра тое, што лю­дзі выкідваюць смецце не ў кантэйнер, а побач з ім. Увогуле, на гэтым уроку мы падводзілі вынікі вырашэння тых праблем, якія ставіліся раней, падчас прагляду відэаролікаў”, — заўважыў настаўнік.

Зноў хачу адзначыць, што, нягледзячы на дыскусійны характар урока, педагог пастаянна звяртаўся да школьнага падручніка, які з’яўляецца асноўным элементам, базай школьнага навучання. Падручнік для 11 класа вельмі насычаны, хоць напісаны лёгка і проста, па будове з’яўляецца блочна-модульным. Але памер параграфа — 6—8 лістоў. Гэта вялікі аб’ём, які палохае.

“На самай справе, такі аб’ём параграфаў спачатку палохаў і мяне. Але потым я зразумеў, як будаваць на яго аснове ўрок. Канцэпцыя такая: мы ставім з вучнямі праблему, а потым шукаем шляхі яе вырашэння. Работа будуецца па прынцыпе круглага стала, дзе арганізуецца дыя­лог. Арганізуючы такі дыялог, імкнуся ўцягнуць у гутарку як мага большую колькасць навучэнцаў. Важна, каб дзеці па максімуме маглі выказ­аць свае думкі. Але тут узнікае праблема недахопу матывацыі. Некаторыя спрабуюць проста адся­дзецца, не разумеючы глабальнага сэнсу навучання. Асноўная маса дзяцей арыентуецца на тыя прадметы, па якіх будзе здаваць ЦТ. Геаграфія ў іх пералік трапляе рэдка. Таму тут, каб хоць крыху змяніць сітуацыю, на першае месца выходзіць асоба настаўніка”, — патлумачыў Вадзім Алегавіч.

“Ці была дасягнута мэта ўрока ў 11 класе?” — спытала я на перапынку. “Тут я сябе крыху дакараю, бо рэфлексію заўсёды пакідаю дзецям. Таму, па сутнасці, мэта ўрока ў кожнага свая, індывідуальная. Але калі некалькі маіх вучняў замест аўтамабіля будуць ездзіць на веласіпедзе, то ўжо можна гаварыць аб дасягненні мэты. Наогул у глабальным сэнсе мэта ўрока недасяжная. Пра яе дасягненне зможам даведацца гадоў праз 10, калі будзе відаць, што вучань вядзе здаровы і экалагічны лад жыцця. Таму мэтапакладанне немагчыма адсачыць за 45 мінут.

Нядаўна быў вечар сустрэчы з выпускнікамі і да мяне прыйшлі некалькі чалавек. Ведаеце, я змог убачыць, што мая мэта, закладзеная ў 6 класе, знайшла ўвасабленне ў дарослым жыцці. Адна з маіх былых вучаніц стала дальнабойшчыцай, яна займаецца міжнароднымі перавозкамі. Прычым яна адна з першых жанчын, хто дасягнуў у гэтым поспеху ў нашай краіне. І, безумоўна, геаграфія для яе стала асноватворным прадметам”, — адказаў настаўнік.

Некалькі слоў хочацца сказаць пра арганізацыю дамашняга задання. Па меркаванні Вадзіма Алегавіча, эфектыўнае дамашняе заданне — гэта творчае заданне. “У 11 класе трэба развіваць прамоўніцкае мастацтва і арганізоўваць работу па падрыхтоўцы да студэнцкага навучання, каб вучні разумелі, што такое залік, ўзаемазалік. Можна прапаноўваць ім падрыхтаваць разнастайныя прэзентацыі па небанальных тэмах. А не банальна ўсё тое, што тычыцца асабіста цябе або знаходзіцца ў аб’ектыве праблем твайго рэгіёна. Напрыклад, складанне графіка радыяцыйнага фону. Гэта складана спампаваць з інтэрнэту, таму трэба рабіць самому. У 11 класе дамашняе заданне павінна быць самастойным і творчым”, — лічыць педагог.

Дарэчы, васьмікласнікам у якасці дамашняга задання трэба прачытаць першую частку наступнага параграфа, прысвечанага Польшчы. А вучням 11 класа настаўнік прапанаваў паглядзець постапакаліптычны фільм “Скрозь снег” (мае “Оскар”), які яны пасля будуць абмяркоўваць, засяро­дзіўшыся на сацыяльным і экалагічным аспекце.

Педагагічная глабалізацыя

У канцы сустрэчы мы з Вадзімам Алегавічам зноў вярнуліся да пытання арганізацыі ўрока. “Дакладнай структуры ў маіх урокаў няма. Педагагічная інтуіцыя і метадычная падкаванасць дапамагаюць будаваць урок зыходзячы з настрою і падрыхтаванасці класа. Але каб зразумець, як пабудаваць свой урок, на пачатку педагагічнай дзейнасці трэба пісаць планы-канспекты і прытрымлівацца іх. Спачатку я таксама так рабіў. Цяпер больш займаюся педагагічнай творчасцю. Калі па ходзе ўрока разумею, што трэба больш увагі ўдзяліць нейкаму канкрэтнаму пытанню або звярнуць увагу на пэўны аспект, то раблю гэта, хоць, магчыма, у галаве быў зусім іншы план. Акрамя таго, я чалавек выніку, а не дзеяння. Для мяне запоўненая контурная карта з’яўляецца добрым вынікам урока. А вось у 11 класе вынікам урока стаў прадукцыйны дыялог. Важнай з’яўляецца і эмацыянальная ўцягнутасць вучняў, таму ніколі не патрабую сядзець на ўроку роўна.

Дынаміка ўрока, яго практыкаарыентаванасць залежаць ад многіх складнікаў, але асноўным з’яўляецца пастаноўка праблемы. На светапогляд адзінаццацікласнікаў вельмі моцна ўплываюць інтэрнэт, сацыяльныя сеткі. Не менш важнае значэнне для іх маюць і фільмы, якія яны глядзяць. Як правіла, гэта замежнае кіно, у якім асноватворнымі з’яўляюцца праблемы глабалізацыі. У сувязі з гэтым мне вельмі падабаецца японскае анімэ, бо ў кожным з іх ёсць момант навучання. Іх пасыл такі: горшы становіцца лепшым праз навучанне, праз засяроджаную працу над сабой.

Многія нашы навучэнцы глабалізаваныя і хочуць большага, чым я магу даць як настаўнік. Мяне гэта матывуе развівацца і ўдасканальвацца. У мяне быў урок, пабудаваны на фактах, узятых з Instagram. Некаторыя з іх былі хлуснёй, а некаторыя праўдай. Мы абмяркоўвалі распаўсюдж­ванне ненавуковых фактаў у сацыяльнай сетцы і іх разбуральны ўплыў на карыстальнікаў. Такая ўрочная дзейнасць была прымеркавана да тэмы “Глабалізацыя, інтэграцыя”.

Мая ж асабістая педагагічная мэта — барацьба з адукацыйным невуцтвам. Калі пасля маіх урокаў чалавек верыць у гараскопы, гамеапатыю або ў экстрасэнсаў, то я нешта раблю не так. Я лічу, што геаграфія — гэта найважнейшы інструмент па барацьбе з інтэлектуальным невуцтвам. Геаграфія спрыяе пашырэнню ведаў, павышае інтэлектуальны ўзровень чалавека. У геаграфіі ёсць усё — ад біялогіі да ідэалогіі”, — лічыць Вадзім Лосеў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.