Паспяховы візіт з прыцэлам на перспектыву

Кубак, дыплом, дагавор аб супрацоўніцтве — з такімі каштоўнымі трафеямі вярнуўся з XI Міжнароднага фестывалю маладзёжных духавых інструментаў у Замбруве (Польшча) узорны духавы аркестр Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў.

XI Міжнародны фестываль маладзёжных духавых інструментаў праходзіў у Замбруве 23—24 чэрвеня. Прыгожае музычнае свята праводзіцца для жыхароў і гасцей горада раз у два гады. У адзінаццатым па ліку фестывалі прынялі ўдзел 7 вядомых духавых аркестраў з Літвы, Латвіі, Польшчы і Беларусі. Нашу краіну на гэтым грандыёзным музычным фэсце прадстаўляў духавы аркестр Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў (кіраўнік Аляксей Шалар).

У праграме фестывалю былі ўрачыстае адкрыццё, сольныя канцэрты духавых калектываў на адкрытых пляцоўках, нефармальная сустрэча ўдзельнікаў форуму ў сасновым бары з размовамі пра творчасць і музыку. А здзіўляць жыхароў і гасцей Замбрува ўдзельнікі фестывалю пачалі яшчэ перад яго ўрачыстым адкрыццём, калі святочным парадам з дэфіле мажарэтак аркестры прайшлі да стадыёна, дзе быў узведзены летні амфітэатр, і музычную моладзь з чатырох краін цёпла прывітаў мэр горада Казімір Дамброўскі.

Цырымонію адкрыцця працягнуў Вялікі зводны маладзёжны духавы аркестр, у склад якога ўвайшлі 7 аркестраў і больш за 300 удзельнікаў. У яго выкананні прагучалі сусветна вядомыя Brass Orchestras, Happy Marshing Band і Fastinating Drums. Трое кіраўнікоў аркестраў, у тым ліку Аляксей Шалар, пад авацыі гледачоў па чарзе выходзілі дырыжыраваць вялікай колькасцю музыкантаў. Гэта было вельмі ўзрушальнае відовішча.

Падчас сольнага канцэрта духавы аркестр Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў выканаў класічныя творы, сучасныя хіты і нацыянальныя мелодыі, выклікаўшы бурныя апладысменты гледачоў. Бясконцымі просьбамі “Jeszcze, jeszcze!” (“Яшчэ, яшчэ!”) публіка адрэагавала на выкананне магіляўчанамі папуры з савецкіх кінафільмаў. Дарэчы, многія слухачы пазнавалі музыку з першых нот і адразу ж пачыналі падпяваць.

Аркестр з Магілёва быў адзначаны кубкам і дыпломам лаўрэата ХІ Міжнароднага фестывалю маладзёжных духавых аркестраў “Замбруў-2018”. Але толькі музычнымі выступленнямі дэлегацыя з Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў не абмежавалася. У канцэртнай зале дзяржаўнай музычнай школы імя Вітольда Лютаслаўскага быў заключаны дагавор аб творчым супрацоўніцтве паміж згаданай школай і магілёўскай гімназіяй-каледжам. Дагавор падпісалі дырэктары ўстаноў Кшыштаф Віткоўскі і Аляксандр Курсакоў, а таксама начальнік упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Ірына Новікава і мэр Замбрува Казімір Дамброўскі. Паводле дакумента, на працягу наступных пяці гадоў педагогаў і навучэнцаў абедзвюх навучальных устаноў будуць аб’ядноўваць агульныя канцэрты, конкурсы, майстар-класы, семінары. Візіт у Польшчу завершаны, а Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў ужо чакае новых сустрэч з сябрамі і добрай музыкай!

Наталля КУРЫЛА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *