Пастаўлена задача выйсці на забеспячэнне мнагадзетных сем’яў жыллём на працягу аднаго года пасля іх пастаноўкі на ўлік

- 11:51Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі ў 2019 годзе будзе ўведзена ў эксплуатацыю 12 тысяч кватэр для мнагадзетных сем’яў, што ў 1,7 разу больш за ўзровень мінулага года. Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, каменціруючы пастанову Савета Міністраў ад 29 снежня 2018 года № 987.

Больш за ўсё кватэр для мнагадзетных сем’яў увядуць у Брэсцкай і Мінскай абласцях — 2,5 тысячы і 2,1 тысячы адпаведна. У Мінску наваселле справяць амаль 1,9 тысячы сем’яў з трыма і больш дзецьмі. Перад будгаліной пастаўлена задача на працягу двух гадоў выйсці на забеспячэнне мнагадзетных сем’яў жыллём на працягу аднаго года пасля іх пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пры гэтым у першачарговым парадку на будаўніцтва жылля накіроўваюцца мнагадзетныя сем’і з чатырма і больш дзецьмі. Нядаўна гэтае права прадаставілі і мнагадзетным сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Усяго для будаўніцтва 12 тысяч кватэр для мнагадзетных сем’яў спатрэбіцца Br948,76 млн, у тым ліку Br238,88 млн уласных сродкаў грамадзян і Br709,28 млн крэдытных рэсурсаў банкаў, з якіх большую частку яны прадаставяць у адпаведнасці з Указам № 240 “Аб адрасным субсідзіраванні жылля” (Br639,8 млн). Дзяржаўныя субсідыі прадастаўляюцца на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам на будаўніцтва жылля, атрыманым грамадзянамі ў любым камерцыйным банку, а мнагадзетным і маладым сем’ям і дзецям-сіротам — таксама на пагашэнне часткі асноўнага доўгу па такіх крэдытах. Згодна з Указам № 13 “Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў”, банкі прадаставяць Br70 млн крэдытных сродкаў.

Павялічацца аб’ёмы будаўніцтва арэндных кватэр. Згодна з апошнімі данымі, у студзені — верасні 2018 года было ўзведзена 99,6 тысячы кв. м. арэндных кватэр пры заданні на ўвесь мінулы год 90 тысяч кв.м. У бягучым годзе плануецца ўвесці больш за 135 тысяч кв.м арэнднага жылля. У 2018 годзе будаўніцтва фінансавалася ў асноўным за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, з гэтага года актыўней плануецца прыцягваць сродкі арганізацый.

Пастановай замацавана даручэнне аказваць усебаковае садзейнічанне грамадзянам у будаўніцтве індывідуальных жылых дамоў. Гэта можа быць дасягнута за кошт пашырэння асартыменту прадукцыі індустрыяльнага домабудавання ў індывідуальным жыллёвым будаўніцтве, стварэння сістэмы паслуг па будаўніцтве такіх дамоў. У бягучым годзе будзе ўзведзена 1,75 млн кв.м індывідуальнага жылля.

Усяго ж у бягучым годзе ў Беларусі пабудуюць 4 млн кв.м жылля — такі ж паказчык 2018 года. На ўзроўні мінулага года засталіся гранічныя нарматывы кошту 1 кв.м агульнай плошчы жылога памяшкання для аказання дзяржпадтрымкі малазабяспечаным грамадзянам пры атрыманні крэдытаў. Гранічны нарматыў у памеры Br718 прадугледжаны пры крэдытаванні ў адпаведнасці з указамі № 13 і № 240 і гранічны нарматыў Br940 — пры крэдытаванні па Указе ад 2 верасня 1996 года № 346 “Аб некаторых мерах па развіцці жыллёвага будаўніцтва ў вёсцы”.