Пастка для караеда

Хітрасць, якую прыдумалі хімікі для абароны лясоў і садоў

Шмат праблем лясной і сельскай гаспадарцы дастаўляюць шкодныя насякомыя. Часам не ведаеш, як справіцца з імі ва ўласным садку. А што казаць пра вялікія лясныя масівы, дзе пасяляюцца калоніі караедаў? Хітрае рашэнне знайшлі хімікі. Для маніторынгу колькасці таго ці іншага віду насякомых яны прапаноўваюць ставіць пасткі, а прынадай служаць адпаведныя ферамоны.

На кафедру арганічнай хіміі хімічнага факультэта БДУ на будучы сезон паступілі заказы ўжо ад 103 лясных гаспадарак. Летась тут зрабілі звыш 15 тысяч дыспенсераў (доз), а значыць, у лясах, садах, на палях было расстаўлена 15 тысяч пастак. Гэта дазваляе спецыялістам хутка выяўляць вялікія калоніі насякомых і прымаць неадкладныя меры па іх абясшкоджванні.

Дзмітрый Асташка.

Простае рашэнне на аснове фундаментальных ведаў

Загадчык кафедры арганічнай хіміі Дзмітрый Асташка расказвае, што ўсё пачалося даволі даўно, яшчэ ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Першыя ферамоны сінтэзаваліся, калі фундаментальная навука перайшла ў прыкладныя распрацоўкі.

— Тады нашай кафедрай кіраваў Алег Рыгоравіч Кулінковіч — настаўнік усіх, хто цяпер тут працуе, вучоны з сусветным імем, — успамінае Дзмітрый Аляксандравіч. — Ён адзіны беларускі хімік, у каго ёсць свая імянная рэакцыя — рэакцыя Кулінковіча. Сёння яна ўключана ва ўсе падручнікі па арганічнай хіміі. (Дарэчы, у аднаго з заснавальнікаў хімічнага факультэта БДУ Мікалая Аляксандравіча Прыляжаева таксама ёсць імянная рэакцыя, якую ён адкрыў у 1905 годзе, але гэта ўсё ж прадстаўнік рускай хімічнай школы. А Алег Рыгоравіч Кулінковіч — наш, айчынны навуковец.) Бясспрэчна, гэта самае буйное дасягненне беларускай хімічнай навукі апошняга паўстагоддзя, дзякуючы якому ў свеце ведаюць нашу кафедру. Прычым, размова не толькі пра рэакцыю, Алег Рыгоравіч выявіў цэлы напрамак у арганічнай хіміі. Пазней на аснове яго фундаментальных даследаванняў і былі ажыццёўлены першыя сінтэзы ферамонаў. У 1989 годзе сур’ёзныя навуковыя часопісы апублікавалі пачатковыя вынікі, пазней з’явіўся асноўны артыкул па гэтай тэме, а з 1993 года пачаўся вал публікацый — і ўжо не толькі беларускіх; сінтэз ферамонаў сталі даследаваць у іншых краінах.

Выйсці за межы лабараторыі і знайсці практычнае прымяненне ферамонам — гэта таксама ідэя Алега Рыгоравіча Кулінковіча. У 90-х гадах фінансаванне навукі амаль спынілася. Гаворка нават не пра зарплаты, не хапала базавых рэактываў, растваральнікаў. Сінтэз і наступны продаж ферамонаў — гэта быў спосаб зарабляць і спрабаваць самім развіваць навуку. Частка тых грошай накіроўвалася на адукацыйны працэс (гэта працягваецца і цяпер), бо хімікаў рыхтаваць дорага. Можна сказаць, што сінтэзаваныя ў 90-х гадах ферамоны паслужылі не толькі лясной і сельскай гаспадарцы, але ў пэўным сэнсе дапамаглі захаваць кафедру арганічнай хіміі БДУ.

— Алег Рыгоравіч сумесна з вучонымі, якія займаліся праблемамі лесу, арганізаваў першыя праекты па ферамонах, — расказвае Дзмітрый Асташка. — Пад яго кіраўніцтвам было распрацавана і зарэгістравана звыш дзесяці ферамонных прэпаратаў для лясной гаспадаркі (напрыклад, для прынады караеда-тыпографа, які ў пэўны час літаральна апанаваў ельнікі), пазней — для сельскагаспадарчых культур.

Работа, якую пачаў прафесар Кулінковіч, працягваецца на кафедры і цяпер. Апошні зарэгістраваны хімікамі прэпарат — ферамон кукурузнага жука. Перад гэтым былі ферамоны вяршыннага шасцізубчатага караеда і таматнай молі. Зараз кафедра арганічнай хіміі рэалізоўвае сумесны праект з Інстытутам лесу НАН Беларусі: пад мікраскопам вучоных — жукі роду Манагамус.

Ферамонная пастка для насякомых.

Як гэта працуе

Прыкладна 25 сакавіка навукоўцы пачнуць перадаваць у лясгасы першыя заказы. Часам тэрміны могуць змяшчацца ў той ці іншы бок, у залежнасці ад таго, наколькі ранняя вясна. Леснікі ўстановяць пасткі на сваіх участках і на працягу ўсяго сезона будуць пастаянна маніторыць колькасць насякомых. Напрыклад, у жукоў-караедаў за лета выводзіцца некалькі пакаленняў, і нечаканыя госці могуць заявіцца ў любы момант.

Людзі размаўляюць адно з адным, жывёлы таксама абменьваюцца інфармацыяй праз пэўныя сігналы (гукі, рухі). Камунікацыю паміж насякомымі аднаго віду забяспечваюць хімічныя злучэнні — ферамоны.

— Мы не вырабляем гатовыя пасткі, — канкрэтызуе Дзмітрый Аляксандравіч. — Наша задача — зрабіць дыспенсеры. Кожны з іх уяўляе сабой невялікую губку, прамочаную ферамоннай кампазіцыяй і ўпакаваную ў двайны пакецік. Супрацоўнікі лясгаса змяшчаюць такія пакецікі ў пасткі. Ферамоны паступова дыфундзіруюць праз поліпрапілен, і гэтага дастаткова, каб прывабіць насякомых. Паколькі патрэбна вельмі нізкая канцэнтрацыя рэчыва, пастка паспяхова працуе цэлы сезон.

Трэба прызнаць, што гэта не надта творчая работа — лічыць насякомых у пастцы, але вельмі ўдзячная. Ляснік ходзіць, час ад часу правярае і раптам бачыць: пастка набіта шкоднікамі. Значыць, сюды прыляцела вялікая папуляцыя і трэба штосьці рабіць. Калі ўдаецца выявіць ачаг заражэння своечасова, пакуль яшчэ не пашкоджана многа дрэў, то ёсць шанс справіцца з жукамі з найменшымі стратамі. Напрыклад, ахвяраваць некалькімі пашкоджанымі дрэвамі, каб не дапусціць заражэння вялікага масіву лесу.

— У кожнага віду насякомых — унікальная ферамонная кампазіцыя, — тлумачыць Дзмітрый Асташка. — Некаторыя ферамоны могуць супадаць, але іх суадносіны, канцэнтрацыя адрозніваюцца. Асноўная задача заключаецца ў тым, каб падабраць правільную ферамонную кампазіцыю, якая будзе працаваць.

Вучоны прызнаецца, што распрацоўка любога ферамоннага прэпарату — працяглы працэс, які займае каля 5 гадоў. Патрэбны час, каб падабраць кампазіцыю, правесці выпрабаванні, прааналізаваць вынікі і, нарэшце, удасканаліць прэпарат. Праводзяцца складаныя разлікі, ствараюцца графікі: якая коль­касць насякомых у пастцы адпавядае нармальнаму ўзроўню, а якая сведчыць пра фарміраванне ачага заражэння. Нарэшце, выпрацоўваюцца метадычныя рэкамендацыі для карыстальнікаў.

Я спытала ў Дзмітрыя Аляксандравіча, чаму ферамонныя пасткі выкарыстоўваюцца толькі для маніторынгу колькасці насякомых. Чаму нельга расставіць іх пад кожным дрэвам у зоне рызыкі і прынадзіць усю папуляцыю?

— У нас цэлы шэраг прэпаратаў вырабляецца для сельскагаспадарчых культур, напрыклад, для барацьбы з парэчкавай шклянніцай, яблыневай пладажэркай і іншымі. Іх можна было б выкарыстоўваць не толькі для маніторынгу, але і для лоўлі шкоднікаў. Але гэта дорага, — тлумачыць навуковец. — Дзеючыя рэчывы для большасці ферамонаў атрымліваюцца складаным шматстадыйным сінтэзам, які можа ажыццявіць толькі высокакваліфікаваны арганік-сінтэтык. Не абавязкова з навуковай ступенню, але з адпаведным дыпломам і вопытам работы. Я не рызыкну даручыць непадрыхтаванаму чалавеку сінтэзаваць нават 10 г рэчыва: ён можа не справіцца (а працэс запушчаны, дагаворы заключаны). Дарэчы, гэта адна з прычын, чаму ў Еўропе ферамонныя пасткі не сталі распаўсюджаным спосабам бараць­бы са шкоднікамі. Унікальная праца высокакваліфікаванага спецыяліста там каштуе вельмі дорага.

Хоць выраб ферамонных прэпаратаў пастаўлены на кафедры амаль што на паток, справа гэтая нестандартная і ў пэўным сэнсе творчая. Так, у ферамонную кампазіцыю могуць уваходзіць не толькі рэчывы, якія выдзяляюць насякомыя, але і рэчывы, якія сінтэзуюцца раслінамі. Жучкі ляцяць таксама і на пах ежы.

Дзмітрый Асташка расказвае, што для некаторых ферамонаў можна сінтэзаваць 3 г рэчыва і гэтага хопіць на 5 гадоў для ўсёй краіны. Некаторых трэба крыху больш, некаторых — значна больш, але ў любым выпадку гаворка не ідзе пра кілаграмы і тоны. Зрэшты, гэта і была адна з прычын, чаму Алег Кулінковіч зацікавіўся ферамонамі: іх сінтэз было рэальна нала­дзіць сіламі кафедры.

— Радыус дзеяння ферамонаў залежыць ад віду насякомых, наколькі яны рухавыя. У некаторых выпадках ён можа даходзіць да 5 км (і гэта пры вельмі нізкай канцэнтрацыі). Зрэшты, не ўсё так проста, — гаворыць Дзмітрый Аляксанд­равіч. — Вядомы японскі хімік Кенджы Моры, які сінтэзаваў шмат ферамонаў, першы апублікаваў ферамон каларадскага жука. Здавалася, гэта адкрые новыя магчымасці для ба­раць­бы з гэтым шкоднікам. Але пазней на адной з канферэнцый Кен­джы Моры заявіў, што ферамон не працуе. Каларадскі жук практычна не лётае. Ён ся­дзіць на адным месцы на бульбяным полі: ежы навокал — многа, самак — многа. Куды ляцець? І яму ўсё роўна, што зусім побач, літаральна за некалькі сантыметраў, стаіць пастка з ферамонамі — яна не працуе.

Чаму гэта перспектыўна?

Безумоўна, ферамонныя пасткі маюць добрыя перспектывы ў барацьбе са шкоднымі насякомымі. Так, гэта нятанна. Але з іншага боку, чалавецтва надае ўсё больш увагі экалагічнай бяспецы. І калі ўжо весці барацьбу з караедамі і іншымі шкоднікамі, то лепш гэта рабіць з дапамогай зялёнай хіміі.

— У адрозненне ад звычайнай хімічнай апрацоўкі, ферамонныя пасткі дазва­ляюць не знішчаць насякомых цалкам, а рэгуляваць іх колькасць, — гаворыць Дзмітрый Асташка. — Можна паставіць столькі пастак, колькі трэба, каб выра­шыць праблему са шкоднікамі і не парушыць экасі­стэму. Так, у лесе могуць выдатна суіснаваць і сосны, і караеды. Папуляцыя таго ці іншага насякомага можа падтрымлівацца ў экалагічна бяспечных межах.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і БелТА.