У мінулую пятніцу, 26 чэрвеня, як і паведамлялася, нашу рэдакцыю наведаў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Анатольевіч Богуш. З яго ўдзелам і ўдзелам галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” В.А.Кнышава прайшла прамая лінія, на якую паступілі тэлефонныя званкі нашых чытачоў. Пытанні былі самыя разнастайныя і тычыліся развіцця вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, правядзення сёлетняй прыёмнай кампаніі, пытанні аб магістарскай падрыхтоўцы студэнтаў і перападрыхтоўцы педагогаў.
— Беларусь нядаўна ўступіла ў Балонскі працэс. Як гэта паўплывае на развіццё вышэйшай школы? Ці чакаюцца нейкія змены ў гэтым кірунку?
— Уступленне нашай краіны ў Балонскі працэс мае на ўвазе развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі ў святле агульнасусветнай інтэграцыі. Многія аспекты, якія выкладзены ў асноўных прынцыпах еўрапейскай вышэйшай адукацыі пад эгідай Балонскага працэсу і над якімі мы сёння працуем, нацэлены на тое, каб у сістэме вышэйшай адукацыі былі створаны ўсе ўмовы для максімальнага задавальнення патрэб заказчыкаў кадраў у якаснай падрыхтоўцы спецыялістаў, і з другога боку — павінны быць створаны ўмовы для развіцця здольнасцей самога студэнта. Гэтая задача стаяла перад нашай сістэмай адукацыі і ў савецкія часы, таму яна для нас не новая. А ўключэнне Беларусі ў Балонскі працэс надае дадатковы імпульс развіццю яе сістэмы адукацыі, адкрывае новыя магчымасці для абмену вопытам, для распрацоўкі новых кірункаў.
Нельга ставіцца да ўваходу нашай краіны ў Балонскі працэс як да таго, што ў нас нешта зменіцца рэзка. Неабходныя новаўвядзенні будуць праходзіць паступова, і многія пачалі рэалізоўвацца раней. Так, у рамках адпрацоўкі змяненняў у Кодэкс аб адукацыі ўжо адпрацавана і ўзгоднена схема нарматыўнага замацавання двухступеньчатай сістэмы адукацыі, і дэ-факта мы яе ўжо рэалізоўваем.
У нас ёсць вельмі важная задача, звязаная з развіццём дыстанцыйнай адукацыі, і з гэтай нагоды мы таксама плануем уключэнне адпаведных змяненняў у Кодэкс аб адукацыі, дзе дыстанцыйная адукацыя будзе выдзелена ў асобную форму, і ў далейшым для гэтага кірунку будзе распрацоўвацца нарматыўная база. Безумоўна, актуальным з’яўляецца пытанне развіцця акадэмічнай мабільнасці, згодна з чым шмат увагі будзе ўдзелена міжнароднаму ўзаемадзеянню і падрыхтоўцы ў нашай краіне замежных студэнтаў. Мы ставім задачу, каб гэтая падрыхтоўка вялася не толькі на рускай, але і на іншых мовах, у першую чаргу на англійскай. Асабліва гэта актуальна для магістарскіх праграм, якія маюць больш кароткі тэрмін, патрабуюць больш высокага прафесійнага ўзроўню і будуць зразумелымі і актуальнымі для замежных студэнтаў, у тым ліку з еўрапейскіх краін. Мы чакаем, што еўрапейскі вектар развернецца ў бок нашай краіны.
Многія напрамкі, якія мы будзем адпрацоўваць у рамках членства ў Балонскім працэсе, будуць тычыцца зместу і якасці адукацыі, узаемадзеяння з рынкам працы. Для гэтага будзе весціся вялікая міжведамасная сумесная работа па стварэнні новых падыходаў да сістэмы кваліфікацый, каб максімальна аптымізаваць і вырашыць задачу балансу практычнай і агульнаакадэмічнай падрыхтоўкі ва УВА. З гэтай мэтай мы разлічваем на актыўнае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў і будзем далучаць больш эфектыўна работадаўцаў да гэтага працэсу, таму што фарміраванне кваліфікацыйных патрабаванняў без іх удзелу немагчыма. Заказчыкі кадраў павінны быць рэальнымі работадаўцамі, а не проста спажыўцамі, яны павінны ўдзельнічаць не толькі ў фарміраванні кваліфікацыйных патрабаванняў і заказу на падрыхтоўку кадраў, але дастаткова актыўна ўдзельнічаць у арганізацыі адукацыйнага працэсу. На жаль, не ва ўсіх галінах гэтае ўзаемадзеянне арганізавана на высокім узроўні. Але ў нас ёсць асобныя прыклады. Так, установы вышэйшай адукацыі маюць на вядучых прадпрыемствах філіялы кафедр, вопытныя спецыялісты прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы кадраў для сваёй вытворчасці. Абавязковай умовай у вышэйшай школе з’яўляецца ўдзел заказчыкаў кадраў у выніковай атэстацыі.Такім чынам мы імкнёмся выбудоўваць сістэму ўзаемадзеяння з рынкам працы і рэагуем на змены, якія там адбываюцца.
— Пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта я хацела б займацца навукай. Скажыце, калі ласка, якія тэмы цяпер найбольш актуальныя? Як наша міністэрства плануе ў далейшым развіваць педагагічную навуку?
— Гэты кірунак, безумоўна, трэба развіваць, і ён мае трывалую падтрымку з боку міністэрства. Для развіцця даследаванняў у педагогіцы ў гэтым годзе міністэрства распачало спецыялізаваную праграму прыкладных даследаванняў “Якасць адукацыі”. Праграма нацэлена на атрыманне практычных вынікаў у навуковых даследаваннях, звязаных з развіццём педагогікі, а гэта новы змест адукацыі, сучасныя тэхналогіі, дыдактычныя матэрыялы, праграмная дакументацыя. Праграма мае поўны практычны выхад. У гэтым годзе для падтрымкі навуковай дзейнасці мы сфакусіравалі свае намаганні на двух асноўных кірунках: першы — гэта падтрымка моладзі і другі — педагогіка і якасць адукацыі. З улікам Года моладзі мы павялічылі аб’ёмы фінансавання ў параўнанні з мінулым годам па маладзёжных грантах, развіваем іншыя кірункі, якія тычацца ў цэлым сацыяльна-эканамічных пытанняў і асобна тых праектаў, якія рэалізуюцца ў сферы педагагічнай адукацыі. У гэтым задзейнічаны Нацыянальны інстытут адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, акадэмічныя школы і іншыя ўстановы адукацыі. Такім чынам, увесь патэнцыял, які створаны ў краіне, накіраваны на тое, каб сфарміраваць прыярытэтныя кірункі ў развіцці педагагічнай навукі. Пачаты канкрэтныя праекты па змесце адукацыі, у тым ліку прафесійна-тэхнічнай, над чым працуе Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. Думаю, што склад навукоўцаў у педагогіцы папоўніцца новымі імёнамі з ліку кандыдатаў і дактароў педагагічных навук, і гэта залежыць у тым ліку ад дзеючага складу навукоўцаў, ад якаснага навуковага кіраўніцтва і ад імкнення саміх маладых людзей займацца навукай. Вядома, што дысертацыйныя даследаванні — вельмі адказная задача, якая патрабуе самаахвяравання, упартасці і творчых здольнасцей. Я лічу, што сярод нашай моладзі шмат людзей з такімі якасцямі.
Калі гаварыць у цэлым, то развіццё нашай адукацыі, яе якасць немагчымы без адпаведнага вучэбна-метадычнага забеспячэння, якое засноўваецца на навуковай базе. Таму распрацоўка вучэбна-метадычнага забеспячэння і ёсць задача праграмы “Якасць адукацыі”, аб якой я ўжо гаварыў. Гэтая задача прыкладная, якая вырашаецца двума кірункамі. Перш-наперш гэта сучасны змест адукацыі, хаця для малодшага ўзросту школьнікаў гэта ў меншай ступені крытычна, таму што адной з галоўных задач пачатковай адукацыі з’яўляецца фарміраванне ў дзіцяці базісу для далейшага яго развіцця. Што тычыцца іншых узроўняў адукацыі, то яны патрабуюць пастаяннага абнаўлення зместу адукацыі, што немагчыма без адпаведных навуковых даследаванняў у прадметнай галіне. Вяртаючыся да пытанняў педагагічнай адукацыі, хачу звярнуць увагу яшчэ на адзін аспект, звязаны з развіццём новых тэхналогій. Зразумела, што сучасны змест адукацыі павінен падтрымлівацца сучаснымі напрацоўкамі, выкарыстаннем магчымасцей не толькі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, але і новых дыдактычных напрацовак, новых форм арганізацыі вучэбных заняткаў, гульнявых форм. Для гэтага неабходна стварыць суполку спецыялістаў, якія сумесцяць сучасны змест і апрабаваныя эфектыўныя падыходы ў арганізацыі адукацыйнага працэсу і тыя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў сістэме адукацыі. Важна ўлічваць і педагагічны склад, які быў бы гатовы ўспрымаць гэтыя новыя напрацоўкі. У нашай сістэме адукацыі дзейнічае шмат агульнаадукацыйных устаноў, якія маюць напрацоўкі ў гэтым напрамку, якія павінны быць акумуляваны і распаўсюджаны сярод іншых.
— Мы заканчваем магістратуру і хацелі б даведацца, якія перавагі атрымаем пры працаўладкаванні.
— Цяпер ступень магістра вызначана ў Адзіным кваліфікацыйным даведніку пасад, што прадастаўляе дадатковую магчымасць для работадаўцаў прымаць на работу выпускнікоў вышэйшых устаноў пасля заканчэння магістратуры на больш высокія пасады. Па ўзгадненні з рэктарскай супольнасцю сёння вядзецца работа па развіцці магістратуры як другой ступені вышэйшай адукацыі. Наша задача навучыць работадаўцаў эфектыўна выкарыстоўваць спецыяліста ў такім статусе. Да гэтага ў першую чаргу павінны падключыцца ўніверсітэты, якія ў абавязковым парадку ўзаемадзейнічаюць з рынкам працы, непасрэдна з прадпрыемствамі і арганізацыямі і вядуць ў тым ліку асветніцкую работу сярод работадаўцаў наконт магістарскай падрыхтоўкі спецыялістаў і ўзроўню атрыманай імі кваліфікацыі.
У далейшым магістратура як другая ступень вышэйшай адукацыі будзе мець адзіныя праграмы, і пасля яе заканчэння будзе прысвойвацца ступень магістра. Магістратура — гэта выдатны імпульс для мэтанакіраваных маладых людзей удасканальваць свае веды, самаразвівацца і тым самым паступова будаваць сваю працоўную кар’еру. Калі чалавек узняў сваю кваліфікацыю на больш высокі, магістарскі ўзровень, то ў яго, безумоўна, будуць перавагі пры працаўладкаванні і далейшым руху наперад. Магчыма, такі службовы рост будзе не імгненным, як многія лічаць, а паступовым у залежнасці ад таго, як праявіць сябе выпускнік на рабоце і як ацэніць яго работадаўца. Галоўнае, каб гэта было аб’ектыўна.
— Цікавіць пытанне павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных кадраў. Згадзіцеся, што гэты кірунак патрабуе змяненняў, асабліва ў частцы пашырэння форм і тэматыкі. Што вы думаеце на гэты конт?
— Мы працуем над пашырэннем форм павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі нашых педагогаў, у тым ліку над укараненнем дыстанцыйнай формы, у чым сёння задзейнічана Акадэмія паслядыпломнай адукацыі. Другі напрамак — павелічэнне разнастайнасці тэматыкі павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Мы па-ранейшаму працуем у рамках ужо існуючай сістэмы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, калі трэба аператыўна падрыхтаваць педагогаў па вузкіх пытаннях, звязаных з нарматыўнай базай, новымі прадметамі, асаблівасцямі навучання.
Гэтая задача ўскладзена на рэгіянальныя інстытуты развіцця адукацыі, Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Разам з тым мы хацелі б пашырыць магчымасці перападрыхтоўкі для кіраўнікоў устаноў адукацыі, педагогаў па вузкапрафесійных складаных пытаннях або па агульных пытаннях, якія неабходны для прафесійнага педагагічнага развіцця. Пакуль гэтую работу мы мяркуем лакалізаваць на ўзроўні інавацыйных цэнтраў у абласцях, а таксама на ўзроўні нашых вядучых школ, якія могуць стаць цэнтрамі кампетэнцый, правадніком педагагічнага вопыту, і на іх базе можна будзе арганізоўваць стажыроўкі для педагогаў іншых навучальных устаноў як адной з найбольш эфектыўных форм павышэння кваліфікацыі. Акрамя таго, педагогі могуць выкарыстоўваць універсітэцкія цэнтры павышэння кваліфікацыі, прафесійныя цэнтры для праходжання курсаў па той ці іншай тэматыцы. Варыянтаў шмат, галоўнае, каб кіраўнік установы дакладна адсочваў, каму з яго педагогаў патрэбна перападрыхтоўка, і, безумоўна, важным з’яўляецца жаданне самога педагога імкнуцца самаразвівацца і ўдасканальвацца.
— Хацелася даведацца, ці не прагадаем мы пры паступленні ў прыватны ўніверсітэт? Як даведацца, наколькі якаснае там навучанне? Ці праводзяцца міністэрствам неабходныя маніторынгі?
— Для ўсіх устаноў прафесійнай адукацыі дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці прадугледжаны дзве абавязковыя працэдуры: атрыманне ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць і праходжанне (пацвярджэнне) дзяржаўнай акрэдытацыі. Апошняя дае права ўстанове на выдачу дакументаў аб адукацыі дзяржаўнага ўзору. Калі некаторыя з іх не вытрымліваюць устаноўленых законам патрабаванняў, то могуць страціць права весці падрыхтоўку спецыялістаў і выдаваць ім дыпломы. Таму пры наяўнасці ва ўстанове вышэйшай адукацыі прыватнай формы ўласнасці ліцэнзіі і сертыфіката аб акрэдытацыі стаўленне да яе павінна быць такім, як і да дзяржаўнай. У сваю чаргу з боку галіновага міністэрства рэгулярна праводзяцца маніторынгі, звязаныя з вызначэннем якасці адукацыйнага працэсу, у тым ліку ў межах асобных спецыяльнасцей. Але спецыяльных даследаванняў, дзе можна было б вызначыць, які з дзяржаўных ці прыватных універсітэтаў лепшы, мы не праводзілі, ды і сусветнай методыкі не існуе. Напэўна, самым аптымальным вырыянтам у выбары навучальнай установы можа стаць асабістае стаўленне абітурыента да гэтай установы. Для гэтага трэба яе наведаць у дзень адкрытых дзвярэй, пазнаёміцца з вучэбнай базай, з педагогамі, даведацца аб умовах навучання, пражывання, калі патрэбна. Менавіта такое знаёмства і паўплывае на выбар.
Трэба прызнаць, што дзяржаўныя ўстановы адукацыі ў параўнанні з прыватнымі маюць больш развітую вучэбную базу, высокі ўзровень прафесарска-выкладчыцкага складу, багатую гісторыю і традыцыі. Акрамя таго, у дзяржаўных УВА наладжана цесная сувязь з рынкам працы, а выпускнікі маюць рэальныя перспектывы ў працаўладкаванні і далейшай выбудове свайго працоўнага шляху. Гэта пацвярджае і тое, што нашы вядучыя УВА займаюць высокія пазіцыі ў сусветных рэйтынгах, у тым ліку ў тых, дзе ўлічваюцца меркаванні работадаўцаў.
— Ці ёсць сёлета асаблівасці пры паступленні ў прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя ўстановы? Як увогуле будуць развівацца гэтыя ўзроўні адукацыі ў далейшым?
— Сёлетняя ўступная кампанія ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі не адрозніваецца ад мінулагодняй. Аб’ём прыёму таксама захаваўся на ранейшым узроўні. Але што тычыцца пераліку спецыяльнасцей, па якіх вядзецца падрыхтоўка, то ён штогод адсочваецца згодна з патрэбамі рынку працы, у тым ліку рэгіянальнага. Сістэма прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі дакладна і мабільна рэагуе на ўсе змяненні і рыхтуе менавіта тыя кадры, якія неабходны той ці іншай галіне. З улікам гэтага незапатрабаваныя спецыяльнасці анулююцца, а ўводзяцца новыя, больш перспектыўныя.
Важнай асаблівасцю з’яўляецца падрыхтоўка кадраў з больш высокай кваліфікацыяй, здольных працаваць у інавацыйнай эканоміцы, на сучасна абсталяваных, высокатэхналагічных прадпрыемствах. Гэта, безумоўна, патрабуе фарміравання сучаснага зместавага насычэння прафесійнага навучання і ўкаранення новых тэхналогій. Нельга ажыццявіць якасную падрыхтоўку кадраў, якая б адпавядала запытам заказчыкаў кадраў, практычнае навучанне канкрэтным працоўным функцыям без наяўнасці ва ўстанове сучаснага абсталявання. Аснашчаць кожную навучальную ўстанову найноўшай тэхнікай было б эканамічна немэтазгодным, таму мы пайшлі па шляху стварэння рэсурсных цэнтраў на базе вядучых устаноў, дзе сканцэнтраваны сучаснае абсталяванне, найноўшыя тэхналогіі, распрацавана адпаведнае вучэбна-метадычнае забеспячэнне. У такіх цэнтрах праходзяць практычную падрыхтоўку навучэнцы з розных аднапрофільных устаноў прафесійнай адукацыі, майстры вытворчага навучання і выкладчыкі, арганізавана навучанне дарослага насельніцтва.
Адным з важных напрамкаў развіцця сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з’яўляецца выбудоўванне траекторыі бесперапыннай адукацыі, прадастаўленне магчымасцей для павышэння адукацыйнага і прафесійнага ўзроўню па выбранай спецыяльнасці праз інтэграваныя праграмы. Гэта дазваляе пашырыць магчымасці навучэнцаў удасканальваць свае веды і атрымаць вышэйшую адукацыю ў скарочаны тэрмін. Сёння мы над гэтым актыўна працуем.
— Хвалюе пытанне нестыкоўкі пераліку іспытаў, якія неабходна праходзіць пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Напрыклад, на юрыдычныя спецыяльнасці ў БДУ трэба здаваць рускую або беларускую мову, замежную мову і грамадазнаўства. А вось пры паступленні ў каледж на спецыяльнасць “Правазнаўства” патрэбны сертыфікаты па матэматыцы і мовах. У выніку атрымліваецца, што калі выпускнік школы не паступіў ва ўніверсітэт, то яму закрыта дарога і ў каледж. Ці мяркуецца ўрэгуляваць гэтую сітуацыю?
— Ужо падрыхтаваны праект пастановы, дзе прапісаны пералік уступных іспытаў на наступны год, і цяпер ён праходзіць працэдуру ўзгаднення. Пры стварэнні гэтага дакумента былі ўлічаны меркаванні вучэбна-метадычных аб’яднанняў, устаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, якія фарміруюць пералік уступных іспытаў для сваіх абітурыентаў у залежнасці ад таго, якая кваліфікацыя будзе дадзена спецыялісту за перыяд навучання, каб чалавек, які прыходзіць вучыцца, меў неабходны пачатковы ўзровень ведаў па тым ці іншым прадмеце. Цяпер у гэты дакумент ужо ўнесена неабходная карэкціроўка.
— Вадзім Анатольевіч, хацелася б задаць вам пытанне як старшыні фізкультурна-спартыўнага клуба “Буравеснік”. У апошнія гады ў міжгаліновых прафсаюзных спартакіядах сістэма адукацыі, на жаль, паказвае не вельмі высокія вынікі. Што будзе зроблена, каб павысіць стымул у педагогаў да заняткаў фізкультурай і спортам?
— Я зусім нядаўна быў абраны на пасаду старшыні фізкультурна-спартыўнага клуба “Буравеснік”, таму мне цяжка прааналізаваць папярэднія гады яго дзейнасці. Але, безумоўна, у далейшым я буду імкнуцца да таго, каб гэтую сітуацыю выправіць, і не толькі каб дасягнуць больш высокіх вынікаў на спаборніцтвах, а перш-наперш для таго, каб клопат аб сваім здароўі стаў асновай жыцця кожнага педагога, які павінен асабістым прыкладам уплываць на фарміраванне здаровага ладу жыцця сваіх выхаванцаў, усіх тых людзей, якія яго акружаюць. Для гэтага мы павінны выпрацаваць адпаведныя механізмы, каб падтрымаць фізкультурна-спартыўны рух у сістэме адукацыі, павысіць стымул у педагагічнай грамадскасці да заняткаў фізкультурай і спортам.
У бліжэйшы час мы будзем распрацоўваць магчымыя рычагі стымулявання, але гэта будуць не фінансавыя стымулы, а меры, хутчэй, арганізацыйнага характару. Магчыма, той настаўнік, які клапоціцца аб сваім здароўі, прапагандуе здаровы лад жыцця сярод сваіх навучэнцаў, удзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах, будзе мець прэферэнцыі ў сваіх прафесійных абавязках. Было б мэтазгодным падключыць да стымулявання педагогаў і галіновы прафсаюз, які б мог, напрыклад, выдзяляць педагогам абанементы ў аздараўленча-спартыўныя арганізацыі. Магчыма, у хуткім часе з’явяцца і іншыя формы стымулявання.
— Мяне хвалюе лёс прадмета “Геаграфія”. Мала таго, што ён выкладаецца ўсяго адну гадзіну ў тыдзень, дык яшчэ ў гэтым годзе яго выключылі з уступных іспытаў па спецыяльнасці “Геалогія”, а таксама ўвялі фізіку на спецыяльнасць “Геаінфармацыйныя сістэмы”. І ўвогуле пералік спецыяльнасцей, дзе можна прымяніць геаграфію, даволі абмежаваны. Ці будуць зроблены нейкія захады ў гэтым напрамку?
— Безумоўна, гэтая сітуацыя будзе ўлічана ў будучыні. Цяпер мы распачалі вялікую работу па пераглядзе Агульнадзяржаўнага класіфікатара Рэспублікі Беларусь у частцы спецыяльнасцей для таго, каб будучыя профільныя спецыялісты ў галіне геаграфіі мелі профільны экзамен па геаграфіі і адпаведныя перавагі.
Я патлумачу, што геаграфія з’яўляецца профільным прадметам у гэтым годзе па спецыяльнасці “Геаграфія” і ў тым ліку па кірунку спецыяльнасці “Геаінфармацыйныя сістэмы”. Тут геаграфія як была, так і засталася профільным іспытам. Але пытанне ў тым, што была распрацавана новая інжынерная спецыяльнасць, яна прадугледжвае падрыхтоўку інжынераў і адпаведную інжынерную кваліфікацыю па ГІС. Таму, можа, тут не зусім дакладнае найменне спецыяльнасці, што не дае поўнага ўяўлення аб кваліфікацыі спецыяліста, якую ён атрымлівае.
Я мяркую, што геаграфія — такая ж неад’емная частка адукацыі, як матэматыка, фізіка і іншыя прадметы. Асабліва гэта тычыцца эканамічнай геаграфіі, якая неабходна любому спецыялісту ў прафесійнай дзейнасці, увогуле сучаснаму чалавеку. Таму значнасць гэтага прадмета ніколькі не змяншаецца. Геаграфію можна і патрэбна выкладаць цікава, захапляльна, у тым ліку у рамках дадатковых заняткаў.
Сёння адукацыйны рэсурс настолькі разнастайны, што з дапамогай відэаматэрыялаў, мультымедыйных тэхналогій геаграфію можна зрабіць адным з самых цікавых прадметаў у школе. Безумоўна, галоўную ролю ў гэтым павінен адыгрываць настаўнік, яго прафесійнае майстэрства, творчы падыход, што паўплывае на далейшы прафесійны выбар нашай моладзі ў бок геаграфіі.
— Ці магчыма ў рамках школьнай праграмы або на ўзроўні факультатываў праводзіць урокі танцаў?
— Па пытанні танцаў у школьнай праграме я магу выказаць толькі асабістае меркаванне. Безумоўна, заняткі музыкай, танцамі, маляваннем і іншымі відамі мастацкай творчасці аказваюць вялікі ўплыў на фарміраванне і развіццё асобы, асабліва ў раннім узросце. Далучэнне да цудоўнага станоўча ўплывае на нашых дзяцей і дапамагае ім у дарослым жыцці. Але хачу сказаць, што развіваць свае здольнасці, задавальняць свае жаданні не абавязкова толькі ў межах школы. Мы хочам зрабіць школьную праграму не толькі разнастайнай, але і аптымальнай, таму ўмясціць у яе ўсё немагчыма, ды і непатрэбна. Калі чалавек адчувае патрэбу ў тым ці іншым занятку, ён можа рэалізаваць сваю мару ў спецыялізаваных установах. Але калі ў школе ёсць апантаны настаўнік, які гатовы і мае жаданне падзяліцца сваім танцавальным майстэрствам са школьнікамі, то ніхто яму не будзе перашкаджаць.
Прамую лінію правяла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.