Пасвячэнне ў чытачы

- 15:29Нам пішуць

Незабыўны момант у жыцці кожнага дзіцяці — першае самастойнае наведванне бібліятэкі, першая сустрэча з кнігай. Каб гэтая падзея запомнілася надоўга, бібліятэкары сярэдняй школы № 36 Гродна з польскай мовай навучання Ганна Станіславаўна Барысава і Галіна Вацлаваўна Тышчанка кожны год ладзяць для першакласнікаў нашай школы цудоўнае свята “Пасвячэнне ў чытачы”.

У госці да першакласнікаў прыйшла сама каралева Кніга, якая пазнаёміла з правіламі паводзін у бібліятэцы, расказала, як карыстацца кнігамі, каб яны служылі даўжэй і радавалі. Завіталі на цёплую сустрэчу і казачныя героі: Гномы, Кот у ботах. Яны загадвалі дзецям розныя загадкі, правялі цікавую віктарыну па казках.

Але асноўным, доўгачаканым і хвалюючым момантам для першакласнікаў было само пасвячэнне. Вучні агучылі прысягу чытача, атрымалі памяткі з правіламі карыстання кнігай і падарункі ад казачных герояў.
Напрыканцы свята кожны першакласнік запісаўся ў школьную бібліятэку і самастойна выбраў кнігі для чытання дома.

Вольга КАШЛЕЙ,
настаўніца пачатковых класаў
сярэдняй школы № 36 Гродна з польскай мовай навучання.