Пасвяцілі ў хімікі

«Вучыцца павінна быць цікава, і толькі тады навучанне будзе паспяховым»— пад такім дэвізам прайшоў прадметны тыдзень хіміі і біялогіі ў сярэдняй школе №3 Ашмян.

Пачаўся тыдзень з афармлення іфармацыйных стэндаў у фае і калідорах школы, дзе былі змешчаныя газеты, буклеты, выказванні вялікіх хімікаў, крыжаванкі, рэбусы, пастаянна трансліраваліся відэасюжэты хімічных доследаў і эксперыментаў.

У правядзенні тыдня хіміі і біялогіі былі задзейнічаны навучэнцы 1—11 класаў школы. Для пачаткоўцаў была арганізавана дэманстрацыя хімічных доследаў, і ўсім вучням былі ўручаны сертыфікаты “Юным аматарам хіміі”.

Запамінальнай падзеяй гэтага тыдня стала мерапрыемства для вучняў 7 класаў “Пасвячэнне ў хімікі”, у ходзе яго вучні выпрабавалі свае сілы не толькі ў тэарэтычных конкурсах, але і ў эксперыментальных. У канцы мерапрыемства ўсе навучэнцы атрымалі дыпломы “Юны хімік”.

Заключныя мерапрыемствы прайшлі ў суботу:адбыліся алімпіяда па хіміі і інтэлектуальная гульня “Што? Дзе? Калі?”, у якой паспрабавалі сілы каманды 8—9 класаў. Былі прапанаваны пытанні не толькі на веды хімічных законаў, формул і элементаў, але і на кемлівасць. За ходам мерапрыемства сачыла журы з вучняў 9—11 класаў. Напрыканцы мерапрыемства навучэнцы атрымалі дыпломы за 1, 2 і 3 месцы.

Галоўнай асаблівасцю прадметнага тыдня хіміі і біялогіі стала тое, што ён аб’яднаў усе ўзроставыя групы навучэнцаў з 1 па 11 клас і стварыў умовы для іх сумеснай пазнавальнай і творчай дзейнасці. Навучэнцы не толькі пашырылі кругагляд, павысілі ўзровень матывацыі да вучэбнай дзейнасці, але і даведаліся, наколькі цікавая і займальная навука хімія.

Святлана БАБРАЎНІЦКАЯ,
настаўніца хіміі сярэдняй школы №3 Ашмян.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *