Пасябравалі школамі

- 11:22Выхаванне

Першы візіт дэлегацыі з Кітая ў гродзенскую гімназію № 5 адбыўся ў маі гэтага года. Тады госці пабывалі на канцэрце беларускіх школьнікаў і былі вельмі ўражаны іх творчасцю. Вырашылі сябраваць, і ў верасні група ў складзе 17 навучэнцаў і педагогаў сярэдняй школы № 4 горада Лунань правінцыі Ганьсу наведала Гродна.

Дзве навучальныя ўстановы маюць творчы ўхіл. Як расказала дырэктар гімназіі № 5 Вольга Хітрушка, усе навучэнцы гімназіі з першага класа займаюцца творчасцю — ва ўстанове ёсць музычныя, тэатральныя, харэаграфічныя класы і класы выяўленчага мастацтва. Кітайскія школьнікі вывучаюць класічную культуру сваёй краіны, куды ўваходзіць ігра на традыцыйных духавых інструментах, ушу, каліграфія.

Візіт замежных гасцей пачаўся з экскурсіі па гімназіі. Потым прайшлі майстар-класы па беларускай выцінанцы і традыцыйнай кітайскай каліграфіі. Кітайскім школьнікам вельмі спадабаліся беларускія цымбалы, а гродзенскіх школьнікаў уразілі традыцыйныя кітайскія духавыя інструменты.

Вялікі агульны канцэрт быў дадзены на базе адпачынку “Прывал”, гледачамі сталі навучэнцы гімназіі і сярэдняй школы № 38, дзе вывучаецца кітайская мова. Дарэчы, зразумелі адно аднаго беларускія і кітайскія школьнікі хутка — размаўлялі на кітайскай і англійскай мовах, а таксама пры дапамозе інтэрнэт-перакладчыкаў у тэлефонах. Так што, калі хочаш сябраваць — перашкод няма.

А каб сяброўства стала больш плённым, дырэктары гімназіі № 5 Гродна Вольга Хітрушка і дырэктар сярэдняй школы № 4 Лунаня Ляа Чжыцзюнь падпісалі рамачны дагавор аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі і культурнага абмену.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.