Пасябраваць з дубам

Традыцыя экалагічнага выхавання ў сярэдняй школе № 23 Гродна мае шматгадовую гісторыю. Гэтым летам яна атрымала далейшае развіццё, пашырыўшы краязнаўчую тэматыку. Упершыню ў школе арганізавалі аздараўленчы неперасовачны краязнаўчы 9-дзённы лагер “СакрэціК” з кругласутачным знаходжаннем дзяцей.

Так, выпускнікі 9 і 10 класаў праводзяць у гарадской школе цэлы дзень і цэлую ноч.

— Канечне, хваляваліся, якой атрымаецца такая эксперыментальная пляцоўка адпачынку, але рыхтавацца да арганізацыі лагера пачалі загадзя і ў метадычным, і ў матэрыяльным плане, а калі ўбачылі зацікаўленасць дзяцей, то ўпэўніліся ў карысці такога летняга адпачынку нашых вучняў, — гаворыць дырэктар школы Аліна Вацлаваўна Фядуцік. — А задачы “СакрэціКа” — выхаванне любові да роднага горада, да яго гісторыі і гісторыі краіны, фарміраванне даследчых кампетэнцый, у тым ліку ў экалагічным кірунку.

— Праграму распрацавалі вельмі насычаную, — расказвае дырэктар лагера настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 23 Людміла Анатольеўна Цермянёва. — Кожны дзень праходзіць пад пэўным дэвізам: “Дзень замкаў Гродзеншчыны”, “Дзень дрэў-патрыярхаў, дрэў памяці Гродзеншчыны”, “Дзень культуры. Літаратурная Гродзеншчына”, “Дзень даследаванняў і адкрыццяў”. Былі распрацаваны тры тэматычныя экскурсіі — “Дарогамі старога Гродна”, “Дубы — сведкі гісторыі. Дубовы шлях” і “Літаратурны Гродна”.

У першы дзень школьнікі прайшлі знаёмымі вуліцамі Гродна і даведаліся пра іх шмат новага і цікавага, пабывалі ў музеі Гарадніцы і на яго гарышчы, у заапарку. І гэтыя падарожжы не пасіўныя, а вельмі актыўныя, таму што трэба падрыхтавацца і выканаць заданні квестаў. Напрыклад, адшукаць на вуліцах Гродна сем старажытных дубоў, а яшчэ даведацца аб гісторыі месца, дзе расце дрэва, аб падзеях і людзях, звязаных з ім.

— Адзін з самых старажытных дубоў Гродна мае ўзрост 321 год, — расказвае Вадзім Мілько. — Мы даведаліся, што ўзрост дрэва можна вызначыць не толькі па кольцах на яго зрэзе, але і па дыяметры ствала. У Румлёўскім парку адзін з дубоў мае дыяметр 360 сантыметраў. А пра 321-гадовы ўзрост дуба стала вядома з гістарычнай даведкі, што яго пасадзілі ў год закладкі касцёла, побач з якім дрэва расце да гэтага часу.

У гэтым годзе ў 23-й школе заняліся стварэннем бізнес-кампаніі і школьнага экскурсійнага бюро для правядзення экскурсій для малодшых школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў. Напісалі сцэнарый мерапрыемства “Пяць сакрэтаў Гродна” і правялі яго ў двух першых класах школы. Дзецям вельмі спадабалася. Падчас работы школьнага лагера яго ўдзельнікі збіраюць матэрыял і для гэтага праекта.

У праграме “СакрэціКа” — паходы ў гродзенскія лесапаркі Пышкі і Румлёва, у Гродзенскі лясгас, з якім у школы наладжана цеснае супрацоўніцтва.

На тры дні гродзенскія школьнікі выязджалі ў Брэст, пабывалі ў абласным краязнаўчым музеі і музеі Дзмітрыя Карбышава 20-й брэсцкай школы, у Брэсцкай крэпасці, у музеі паравозаў, паглядзелі, як вечарам запальваюцца ліхтары на цэнтральнай вуліцы горада. Дарэчы, экскурсію ў музеі Карбышава для гродзенскіх навучэнцаў правялі брэсцкія школьнікі.

— За гэтыя дзевяць дзён нашы вучні змяніліся, даведаліся шмат новага. Яны задавалі пытанні, ім падабалася размаўляць, дзяліцца інфармацыяй, — гаворыць настаўніца рускай мовы і літаратуры Мар’яна Станіславаўна Валюлік. — Яны сталі сапраўднымі даследчыкамі, цікаўнымі, актыўнымі, яшчэ больш пасябравалі.

Навучэнка 11 класа Юлія Нагорная шкадуе, што на наступны год не зможа трапіць у такі лагер яшчэ раз, але калі б была магчымасць, то абавязкова выкарыстала б яе, таму што “СакрэціК” стаў сапраўдным адкрыццём — як можна пазнаваць горад, па-сапраўднаму жыць у школе, цікава арганізоўваць свой час. А Вадзім Мілько дадае, што ўжо думае пра наступнае лета ў “СакрэціКу”.

На працягу работы лагера навучэнцы стваралі яго фотагісторыю і зрабілі фотаальбом, а ў самым канцы арганізавалі дзень гісторый і ўспамінаў і атрымалі сертыфікаты, якія дазваляюць праводзіць экскурсіі ў школьнай бізнес-кампаніі. Таксама школьнікі пасадзілі тую ў памяць аб цікава праведзеным часе.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.