Пасябраваць з кітайскай мовай

- 9:00Першае працоўнае месца

Сярэдняя школа № 25 Барысава пазіцыянуе сябе як полікультурная ўстанова. Тут функцыянуе абласны цэнтр беларуска­-кітайскай дружбы, рэсурсны цэнтр па англійскай мове ў супрацоўніцтве з МДЛУ, а таксама выкладаецца нямецкая мова. З кожным годам усё большую папулярнасць набірае вывучэнне кітайскай мовы.

Прэстыжна і перспектыўна

— Адкрыццё абласнога цэнтра беларуска-кітайскай дружбы адбылося ў кастрычніку 2019 года па ініцыятыве Анатоля Ісачанкі, які ў той час з’яўляўся старшынёй Мінаблвыканкама. Мэта стварэння цэнтра — вывучэнне кітайскай мовы, культуры Кітая ва ўстанове адукацыі, развіццё беларускага кітаязнаўства, умацаванне супрацоўніцтва Мінскай вобласці і правінцый КНР у сферы адукацыі і культуры, а таксама паглыбленне дружбы і ўзаемаразумення паміж народамі Беларусі і Кітая, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Кацярына Дземчанкава. — У напаўненні цэнтра экспанатамі ўдзельнічалі нашы кітайскія сябры — прадстаўнікі СЗАТ “БелДжы”, супрацоўнікі Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя. Яны перадалі ў наш цэнтр вялікую колькасць метадычнай і мастацкай літаратуры, прадметаў кітайскай культуры і г.д.

Ва ўстанове праводзіцца мноства тэматычных мерапрыемстваў для настаўнікаў і вучняў, а таксама іх бацькоў, для студэнтаў. Кітайскую мову ў школе выкладае малады спецыяліст Лізавета Варанко, якая працуе тут другі год.  

— Родам я з Барысава, пасля заканчэння школы па мэтавым накіраванні паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка на настаўніка рускай мовы і літаратуры з другой спецыялізацыяй “Кітайская мова”, — гаворыць Лізавета Юр’еўна. — Першапачаткова хацела выбраць англійскую мову, але бацькі пераканалі, што кітайская — гэта больш прэстыжна і перспектыўна. Іх аргументы былі наступныя: англійскую я вывучала ў школе і пры жаданні магу працягнуць засвойваць яе самастойна. А кітайская мова сёння запатрабавана ў свеце, і той, хто яе вывучыць, будзе запатрабаваны. Першыя два курсы ўніверсітэта кітайская ішла ў мяне даволі цяжка. На трэцім курсе сітуацыя цалкам змянілася.

На стажыроўку — у Кітай

На трэцім курсе Ліза адправілася ад універсітэта на стажыроўку ў Кітай, дзе на працягу года падцягнула веданне мовы, дакранулася да культуры і традыцый далёкай краіны. У гора­дзе Ланьчжоу — сталіцы правінцыі Ганьсу — дзяўчына вучылася ва ўніверсітэце з групай замежных студэнтаў, там і пражывала ў інтэрнаце студгарадка. Разам з ёй вучыліся яшчэ 5 студэнтаў з Беларусі. Вучоба для ўсіх была бясплатнай, пералёт і пражыванне маладыя людзі аплачвалі самі.

— Першыя тры месяцы ў Кітаі былі самымі складанымі, — успамінае Лізавета. — Мы дрэнна разумелі мясцовых жыхароў, а яны нас, хоць пад рукой заўсёды быў Google-перакладчык. Англійская мова нам таксама не дапамагала. Яе практычна ніхто з мясцовых жыхароў не ведаў, асабліва людзі сталага ўзросту. Праз тры месяцы надышоў момант ісціны: мы пачалі спакойна падтрымлі­ваць зносіны з кітайцамі на бытавым узроўні. У гэтым горадзе таксама жыве шмат мусульман. На вуліцы заўсёды шматлюдна, няма пешаходных пераходаў, і каб перайсці дарогу, трэба проста ісці ў патоку людзей і машын. За год жыцця ў Кітаі я настолькі прызвычаілася і палюбіла гэтую краіну, што нават не хацелася вяртацца дадому. З бацькамі актыўна кантактавала праз сацыяльныя сеткі. Самае галоўнае, што за гэты час я павысіла веданне кітайскай мовы да 4-га ўзроўню (іх усяго 6) і атрымала адпаведны сертыфікат HSK. Найбліжэйшым летам планую
здац­ь экзамен на наступны ўзровень.

Папулярнасць расце

Пасля заканчэння ўніверсітэта Лізавета Варанко прыйшла працаваць у школу па размеркаванні. У Барысаве кітайская мова выкладаецца ў сярэдніх школах №№ 25 і 12, а таксама ў 1-й гімназіі. Жадаючых вывучаць яе становіцца ўсё больш, асабліва ў гэтым зацікаўлены бацькі дзяцей. Рэклама ідзе праз сацсеткі, на сайце ўстаноў адукацыі, а таксама падчас тэматычных мерапрыемстваў. За мінулы год Лізавета Юр’еўна правяла серыю майстар-класаў для вучняў, бацькоў і педагогаў, дзе наглядна паказала перспектыўнасць вывучэння гэтай мовы. Для многіх гэта і так відавочна: у Барысаве працуе прадпрыемства “БелДжы”, прадстаўнікі якога частыя госці ў школе. 

— У гэтым навучальным го­дзе больш за 70 навучэнцаў 1—6 класаў нашай школы вывучаюць кітайскую мову на факультатыўных занятках 1 раз на тыдзень, — адзначае Лізавета. — Работа ладзі­цца ў групах па 5—15 чалавек. Плануецца арганізаваць выкладанне кітайскай мовы ў якасці вучэбнага прадмета. У такі “кітайскі” клас пойдуць мае цяперашнія вучні, якія з 1 класа займаюцца на факультатыве.

Неўзабаве ў Лізаветы з’явіцца напарніца. Настаўніца англійскай мовы Марыя Тарасевіч, якая, валодаючы азамі кітайскай мовы, пажадала прайсці перападрыхтоўку ў Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ.

Сумесна з Мінскім абласным ІРА Лізавета Варанко распрацавала 12 анлайн-відэаўрокаў для дзяцей і дарослых, якія толькі пачынаюць вывучаць кітайскую мову. Дзякуючы спецыялістам ІРА, якія аказалі Лізавеце метадычную падтрымку, атрымаліся выдатныя ўрокі. У кожным даюцца новыя словы для вывучэння, дыялогі на прадстаўленую тэму, анімацыя, як правільна прапісаць іерогліфы, трэніровачныя заданні для пастаноўкі правільнага вымаўлення і невялікія мультыплікацыйныя фільмы па тэме. Прапануем спасылку на ўрокі ў раздзеле “Суполка настаўнікаў кітайскай мовы” МАІРА — http://minsk.moiro.by/moodle/course/view.php?id=892. (Папярэдне трэба прайсці рэгістрацыю.)

— На практыцы пераканалася, што на пачатковым этапе вывучэння кітайскай мовы пажадана, каб выкладчыкам быў не яе носьбіт (жыхар Кітая), а рускамоўны чалавек. У яго методыка выкладання будзе больш адаптаваная пад нашых дзяцей, — адзначае Лізавета. — Што мы разглядаем з дзецьмі на пачатковым этапе? Фанетыку, вымаўленне простых слоў (прывітанне, дзякуй, да пабачэння, назвы колераў і г.д.), а потым пераходзім да каліграфіі. Дзеці вывучаюць кітайскі алфавіт і іерогліфы — напісанне іх асноўных частак (рыс), а затым і саміх іерогліфаў — пісьмовых знакаў, якія могуць азначаць як асобныя гукі і склады, так і марфемы, цэлыя словы і паняцці. Правапіс — гэта, бадай, самая складаная навука. Нездарма пра штосьці цяжкае і недаступнае для разумення гавораць “кітайская грамата”.

Іерогліфаў больш за 80 тысяч. Не ўсе кітайцы ведаюць іх у поўным аб’ёме. Каб размаўляць і разумець адно аднаго, дастаткова ведаць ад 2 да 5 тысяч. На кожным уроку па тэме даецца ў сярэднім 7—15 новых слоў і невялікае дамашняе заданне: прапісаць іерогліф, паўтарыць фанетычныя практыкаванні. Праверка ведаў (вусная або пісьмовая) праходзіць кожны раз у пачатку ўрока. Ёсць мультыборд, на якім дзеці з задавальненнем выконваюць цікавыя інтэрактыўныя заданні. Адзнак не атрымліваюць, іх стараннасць абумоўлена ўнутранай матывацыяй, моцным жаданнем вывучыць мову.

Па інфармацыі МАІРА, у Мінскай вобласці кітайскую мову сёння вывучаюць 455 навучэнцаў. Навучанне праходзіць у фармаце факультатываў або ўрокаў па замежнай мове. Лідзіруюць у вывучэнні кітайскай мовы Смалявіцкі, Барысаўскі, Маладзечанскі раёны. Плануецца з наступнага навучальнага года адкрыць такую магчымасць для школьнікаў Салігорскага раёна.

Захапіць творчасцю

Для самых зацікаўленых вучняў Лізавета прапануе творчыя заданні. Перш за ўсё звязаныя з маляваннем іерогліфаў. Дзеці таксама малююць і майструюць кітайскіх драконаў, вееры, ліхтарыкі. Два разы на месяц прахо­дзяць суботнія мерапрыемствы — краіназнаўчыя віктарыны, анлайн-падарожжы і святы, падчас якіх дзеці ў нацыянальных кітайскіх касцюмах, часта перад сваімі бацькамі, спяваюць, чытаюць вершы, танцуюць — паказваюць усё, чаму навучыліся. У канцы чвэрці, калі вучэбны матэрыял засвоены і абагульнены, або да пэўнага свята Лізавета Юр’еўна ладзіць з вучнямі чайную цырымонію. (Заварваць і піць кітайскі чай неабходна ў спецыяльна прызначаным для гэтага посудзе.) Адзначаюць і адно з самых любімых свят дзяцей і дарослых — кітайскі Новы год, вядомы як Чуньцзе (свята вясны), або Месячны Новы год. Далей вучняў чакаюць мерапрыемствы, прысвечаныя святам ліхтароў, чысціні і яснасці Цінмін, нябеснай імператрыцы Мацзу і святу лодак драконаў.

Лізавета Варанко пастаянна павышае свой узровень ведаў падчас вэбінараў, канферэнцый, чытання мастацкай літаратуры і інтэрнэт-крыніц на кітайскай мове, а таксама ў працэсе зносін з выкладчыкамі і аднагрупнікамі з універсітэта, дзе прахо­дзіла стажыроўку. Летась дзяўчына атрымала дыплом І ступені ў раённым конкурсе “Метадычная вясна” ў намінацыі “Медыякейс маладога настаўніка” за распрацоўку ўласнага сайта “У дыялогу культур”, на якім расказвае, чаму сёння надзвычай важна ву­чыць як англійскую, так і кітайскую мову. У раскладзе педагога ў найбліжэйшы час — удзе­л у семінары ў дыстанцыйнай форме сумесна з інстытутам Канфуцыя, у фестывалі мастацтваў, правядзенне майстар-класаў па каліграфіі, вырабе ліхтароў і мерапрыемствы, прысвечаныя знаёмству з кітайскай літаратурай, кіно і музыкай.

Пакуль мы размаўляем з Лізаветай, да яе на заняткі спяшаюцца першаклашкі. “Дзеці, вам трэба было дома папраца­ваць з лічбамі, — пачынае ўрок настаўніца. — Палічым ад 1 да 10. Малайцы, усе справіліся! Які пры вымаўленні будзе тон над лічбай адзін? Правільна — першы. Успомнім, што ўсяго існуе чатыры тоны, яшчэ ёсць нулявы. Над лічбай два — чацвёрты тон, над тройкай — першы тон, а над лічбай чатыры — чацвёрты. Разгортваем падручнік, выконваем заданні”.

Незвычайна прыемнае ўражанне складваецца. Здаецца, гэтыя маленькія дзеці толькі пачынаюць спасцігаць азы роднай мовы, а тут ужо добра спраўляюцца і з нюансамі складанай кітайскай.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.