Пасябруй са спортам!

- 11:47Апошнія запісы, Выхаванне, Рознае

Днямі ў Зале алімпійскай славы Нацыянальнага алімпійскага камітэта адбылася ганаровая цырымонія ўзнагароджання фіналістаў рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “Пасябруй са спортам!”. Ініцыятарам творчых спаборніцтваў выступіў Прэзідэнцкі спартыўны клуб, у ліку арганізатараў — Міністэрства адукацыі Беларусі.

У студзені стартаваў першы этап конкурсу, падчас якога школьнікі краіны ў дзвюх узроставых групах (1—3 і 4—6 класы) пры дапамозе алоўкаў і пэндзляў дэманстравалі сваё бачанне спорту. Аўтары больш як 100 тысяч малюнкаў змагаліся за права ўдзельнічаць у рэспубліканскім фінале. Трэба адзначыць, што на кожным з трох конкурсных этапаў фарміравалася журы, у склад якога ўваходзілі вядомыя спартсмены і прадстаўнікі спартыўных арганізацый.

Творчую атмасферу падчас цырымоніі ўзнагароджання стваралі самі малюнкі, якія дэманстраваліся на вялікіх экранах. І канкурсанты, і госці цырымоніі былі прыемна здзіўлены высокім узроўнем работ. Бадай, самымі папулярнымі сярод юных мастакоў сталі такія віды спорту, як хакей, біятлон, фігурнае катанне, лыжныя гонкі і фрыстайл, а галоўнымі героямі творчых работ — Дар’я Домрачава, Ала Цупер, Антон Кушнір, Міхаіл Грабоўскі і інш.
У лік фіналістаў трапілі семдзесят удзельнікаў конкурсу (па дзесяць ад кожнай вобласці і Мінска), чые работы з гонарам дайшлі да фінішнай рысы. Можна сабе ўявіць, як складана было членам журы вылучыць шасцёрку лепшых.

На рэспубліканскім узроўні ў склад журы ўвайшлі: трохразовая алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 па біятлоне Дар’я Домрачава, алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 па фрыстайле Ала Цупер, заслужаны трэнер Беларусі галоўны трэнер нацыянальнай каманды па фрыстайле Мікалай Казека, сярэбраная прызёрка Лондана-2012 і чэмпіёнка свету па мастацкай гімнастыцы ў групавым практыкаванні Марына Ганчарова, двухразовая параалімпійская чэмпіёнка (Турын-2006 і Ванкувер-2010), шматразовая сярэбраная прызёрка Параалімпіяд Людміла Ваўчок і шматгадовы капітан зборнай па хакеі лепшы хакеіст Беларусі-2007 Алег Антоненка.

У выніку пераможцай малодшай узроставай групы была названа Ангеліна Галец (Мінская вобласць) з малюнкам “Пасябруй са спортам!”. Другое месца заняла Дар’я Сас (Мінская вобласць) з работай “Фігурнае катанне”. На трэцім месцы — Яўген Ашвілаў (Магілёўская вобласць) з малюнкам “Быць першым, быць лепшым”.
У старэйшай узроставай групе лепшай, на думку журы, стала работа Антона Ледаховіча (Мінская вобласць) “Спорт — гэта мая будучыня”. На другім месцы малюнак Марыі Жыцінец (Брэсцкая вобласць) “Домрачава Даша — наш гонар!”, на трэцім — малюнак Настассі Аляксандравай (Мінская вобласць) “Наперад да перамогі”.
Удзельнікамі цырымоніі, з рук якіх пераможцы атрымалі ўзнагароды, сталі вядомыя спартсмены і куміры падрастаючага пакалення — алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 па фрыстайле Ала Цупер і лепшы хакеіст Беларусі (2009, 2011 і 2013 гадоў), аўтар трох пераможных шайб чэмпіянату свету па хакеі 2014 года Міхаіл Грабоўскі.

Арыгінальныя медалі, пуцёўкі ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, памятныя сувеніры і наборы для творчасці знайшлі сваіх уладальнікаў. Аднак, думаецца, самым каштоўным падарункам для канкурсантаў будуць білборды з малюнкамі, якія ў хуткім часе ўпрыгожаць сталіцу, — работы ўсіх 70 канкурсантаў.

 

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.