Пасылка з псіхатропамі

- 16:22Рознае, Сацыяльны ракурс

За апошнія 7 месяцаў у краіне колькасць выяўленых і канфіскаваных псіхатропаў вырасла да 60—70%. Курыльныя сумесі атрымалі шырокае распаўсюджанне сярод моладзі 15—20 гадоў. Тыя кампаненты, якія ўтрымліваюцца ў сінтэтычных наркотыках, выклікаюць вельмі моцную залежнасць, за якую часам даводзіцца плаціць жыццём. Так, за 8 месяцаў бягучага года ад перадазіроўкі памерлі 20 чалавек.

Менавіта тэме ўжывання наркотыкаў была прысвечана прэс-канферэнцыя “Супрацьдзеянне распаўсюджанню наркаманіі ў маладзёжным асяроддзі”, якая днямі адбылася ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
Як паведаміў выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Рэспублікі Беларусь Васіль Міхайлавіч Лосіч, у краіне за 8 месяцаў бягучага года органамі ўнутраных спраў прыпынена дзейнасць 12 падпольных наркалабараторый, а таксама выяўлены 12 памяшканняў, абсталяваных для вырошчвання наркакультур. Акрамя гэтага, сёлета ўжо былі выяўлены 4,7 тысячы нарказлачынстваў і канфіскаваны 121 кг розных псіхаактыўных рэчываў, з большасці якіх “гатуюцца” курыльныя сумесі.
— Засмучае той факт, што значна вырасла колькасць крымінальных спраў, фігуруюць у якіх непаўналетнія, — адзначыў Васіль Міхайлавіч. — Калі за 8 месяцаў мінулага года ў адносінах да падлеткаў была ўзбуджана 61 крымінальная справа, то на 1 верасня 2014 года гэты паказчык вырас да 296. Да гэтага варта дадаць, што МУС сумесна з Міністэрствам аховы здароўя і Дзяржаўным камітэтам судовых экспертыз працуюць на апярэджанне. На сёння ў нас не існуе легальных наркотыкаў. Але ў мінулым годзе толькі ў Мінску мы павінны былі прыняць рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальных спраў у 450 выпадках. Гэта звязана з тым, што супрацоўнікамі міліцыі былі канфіскаваны некаторыя псіхаактыўныя рэчывы, якія не былі ўнесены ў спіс забароненых. Зараз у нас зафіксаваны ўсяго 4 такія факты. Што тычыцца спісу забароненых сродкаў, то сёлета яго папоўнілі 76 відаў псіхатропаў.
Дарэчы, асноўная маса курыльных сумесей трапляе да нас з Паўднёва-Усходняй Азіі, а таксама з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.
— На жаль, нашы “ўмельцы” ўжо самі навучыліся вырабляць сумесі з тых кампанентаў, якія купляюць праз інтэрнэт, а пасля атрымліваюць на пошце як звычайную пасылку, — расказаў Васіль Лосіч.
Для таго, каб трымаць сітуацыю з ужываннем і распаўсюджваннем наркотыкаў пад яшчэ большым кантролем, Міністэрства ўнутраных спраў вынесла на абмеркаванне некалькі ініцыятыў. Так, для падлеткаў, якія займаюцца распаўсюджаннем наркатычных сродкаў, крымінальную адказнасць плануецца зрабіць яшчэ больш жорсткай (да 13 гадоў пазбаўлення волі). Акрамя таго, за вытворчасць наркотыкаў ва ўмовах наркалабараторыі пакаранне таксама будзе больш сур’ёзным (15 гадоў). Яшчэ адна ідэя, якую плануецца ажыццявіць, — гэта ўвядзенне адміністратыўнай адказнасці за знаходжанне ў стане наркатычнага ап’янення.
Разам з тым і правядзенне прафілактычнай работы з падлеткамі на тэму ўжывання наркотыкаў можа ў нейкай меры абараніць непаўналетніх ад цяжкіх наступстваў.
— Прафілактычная работа з падлеткамі павінна пачынацца ў сям’і, — лічыць загадчыца падлеткавага аддзялення Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера Людміла Алікаўна Шпакоўская. — Ні адзін з бацькоў не павінен быць упэўнены ў тым, што яго дзіця не паспрабуе наркатычнае рэчыва. Ніколі не трэба думаць, што такая бяда можа прайсці міма. Як вядома, у падлеткаў многа знаёмых. І ні адна маці, ні адзін бацька не павінны выключаць тое, што нехта з акружэння іх дзіцяці не знаёмы з тым, хто можа прапанаваць наркотык. Гэтую сітуацыю трэба кантраляваць.

Наталля ДУБІК.