Пасылкі ад удзячных нашчадкаў

- 11:05Адукацыйная прастора

Патрыятычную акцыю “Пасылка для ветэрана” правялі напярэдадні Дня Перамогі ў сярэдняй школе № 38 Магілёва.

—У нашай краіне свята шануюць гераічны подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сувязь пакаленняў абавязкова павінна прысутнічаць, таму што свае героі ёсць у кожнай беларускай сям’і. Мы не можам гэта забыць. Наша навучальная ўстанова знаходзіцца на вуліцы, якая носіць імя вядомага пісьменніка-франтавіка Канстанціна Сіманава. Побач — вуліца Куцепава, названая ў гонар легендарнага абаронца Магілёва. Гэтыя вуліцы перасякаюцца, як у ваенныя гады сустрэліся на полі бою Сіманаў і Куцепаў. Грунтуючыся на гэтым, зараз мы рэалізоўваем школьны праект у рамках гарадскога конкурсу “Дарогамі дабра і прыгажосці”. Былі распрацаваны спецыяльныя банеры, памяткі з біяграфіямі герояў, право­дзяцца экскурсіі. Усё гэта робіцца для таго, каб дзеці ведалі, кім былі людзі, у гонар якіх названы вуліцы Магілёва, які подзвіг яны здзейснілі. Наогул, у нашай школе асаблівая ўвага ўдзяляецца захаванню ў падрастаючага пакалення гістарычнай памяці аб героях Вялікай Айчыннай вайны. Пастаянна праводзяцца розныя дабрачынныя, патрыятычныя акцыі, тэматычныя мерапрыемствы, аказваецца ўсебаковая дапамога і падтрымка ветэранам, — расказала намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Н.М.Буланькова.

Паводле яе слоў, сёлета напярэдадні Дня Перамогі па ініцыятыве дырэктара школы С.Ю.Клепчы была арганізавана акцыя “Пасылка для ветэрана”. У ёй прынялі актыўны ўдзел не толькі навучэнцы школы, але і іх бацькі, педагогі. У пасылкі вырашылі пакласці салдацкі паёк і віншавальны ліст-трохвугольнік. Зместам лістоў сталі лепшыя сачыненні школьнага конкурсу “Ліст ветэрану”.

У акцыі прынялі ўдзел абсалютна ўсе класы. Дзякуючы такой актыўнасці, пасылкі з наборам прадуктаў і віншаванні з Днём Перамогі ад удзячных нашчадкаў атрымалі ўсе ветэраны, якія пражываюць у мікразоне школы. Адметна, што пасылкі перадаваліся з улікам усіх неабходных мер прафілактыкі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.