Патэнцыял далёка не вычарпаны, і бакам ёсць над чым працаваць

Беларусь — Бразілія

Беларусь і Бразілія створаць змешаную міжурадавую камісію, якая вывучыць бягучы стан двухбаковых адносін і перспектывы паглыблення і пашырэння супрацоўніцтва па ўсіх напрамках.
Аб гэтым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Бразіліі Аляксандр Лукашэнка і Дзілма Русеф на сустрэчы, якая адбылася ва Уфе.

Кіраўнікі дзяржаў таксама дамовіліся, што будуць вызначаны ў найбліжэйшы час 4—5 асноўных напрамкаў, праектаў, якія бакі пачнуць рэалізоўваць і якія стануць прыкладам для далейшага развіцця адносін.
Нягледзячы на тое, што тавараабарот паміж дзвюма краінамі дасягае амаль $1 млрд, прэзідэнты перакананы, што патэнцыял далёка не вычарпаны і бакам ёсць над чым працаваць. У Беларусі і Бразіліі ёсць добрыя перспектывы для пашырэння супрацоўніцтва ў авіяцыйнай сферы, аграпрамысловым комплексе. Беларусь закупляе ў Бразіліі самалёты Embraer і мае падрыхтаваныя кадры, базу для стварэння рэгіянальнага цэнтра тэхнічнай падтрымкі для гэтых самалётаў. Прэзідэнт Бразіліі згадзілася з гэтай прапановай беларускага боку. Бакі таксама дамовіліся стварыць на тэрыторыі Бразіліі вытворчы кластар, дзе будзе выпускацца на сумесных прадпрыемствах сельскагаспадарчая тэхніка, велікагрузныя аўтамабілі, трактары.
Аляксандр Лукашэнка запрасіў Дзілму Русеф наведаць з візітам Беларусь у любы зручны для яе час, і Прэзідэнт Бразіліі прыняла запрашэнне.
Як расказаў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, сустрэча прэзідэнтаў была добразычлівай, канструктыўнай. Ён выказаў перакананне, што ў найбліжэйшы час беларуска-бразільскія адносіны выйдуць на больш высокі ўзровень.