Патэнцыял ёсць

- 15:08Адукацыйная прастора, Рознае
Беларускія навучэнцы сталі паспяховымі ўдзельнікамі XXIII Адкрытай маскоўскай прыродазнаўча-навуковай канферэнцыі школьнікаў “Патэнцыял”, якая праходзіла ў пачатку лютага.

Гэтае штогадовае мерапрыемства збірае адораных дзяцей з Масквы, рэгіёнаў Расіі, блізкага замежжа і праходзіць на базе маскоўскага ліцэя № 1502. Традыцыйна на канферэнцыі заслухваюць і абмяркоўваюць навукова-даследчыя даклады навучэнцаў у галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, экалогіі, хіміі, біялогіі, энергазберажэння, робататэхнікі. Удзельнікамі канферэнцыі могуць быць навучэнцы 9—11 класаў.
Сярод мэт і задач канферэнцыі можна вылучыць развіццё інтэлектуальнай творчасці навучэнцаў, прыцягненне іх да навукова-даследчай дзейнасці; дэманстрацыя і прапаганда дасягненняў школьнікаў у галіне навуковай творчасці, вопыту работы адукацыйных устаноў па арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці школьнікаў; далучэнне навуковых работнікаў і выкладчыкаў навукова-даследчых цэнтраў і ўстаноў вышэйшай прафесійнай адукацыі да работы з таленавітымі школьнікамі і вучэбнага працэсу ў сярэдняй школе.
Даследчая дзейнасць у беларускай школе развіваецца даволі імкліва. Гэта падкрэслівалася і на канферэцыі, у якой, дарэчы, нашы навучэнцы прымаюць удзел ужо не першы раз. Але самае галоўнае прызнанне для юных даследчыкаў і іх кіраўнікаў — гэта, канечне ж, дыпломы пераможцаў. Іх уладальнікамі падчас канферэнцыі ў Маскве сталі многія беларускія школьнікі.
Напрыклад, Дзмітрый Данкевіч з сярэдняй школы № 1 Нясвіжа быў адзначаны дыпломам ІІ ступені. Журы адзначыла яго за работу “Спектры сонечнага святла як рэгулятары росту і развіцця зялёных раслін” (кіраўнік Н.У.Наркевіч).
Павел Слепчанка з Нясвіжскай раённай гімназіі за даследаванне ўздзеяння электрамагнітнага мікрахвалевага поля нізкай інтэнсіўнасці на сумарную актыўнасць амілаз у прарошчаным насенні азімага рапсу быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені (кіраўнік Н.В.Шчурская).
Дыплом ІІІ ступені атрымаў і Уладзіслаў Молчан са Смалявіцкай гімназіі за распрацоўкі ў галіне заалогіі і фізіялогіі чалавека (кіраўнік І.Я.Янчына).
Даследаванне ў галіне матэматыкі прадстаўляў Антон Якімовіч з гімназіі № 1 Салігорска. Яго “Лічбы на акружнасці” (кіраўнік К.Г.Гоглева) былі адзначаны дыпломам ІІ ступені.
Дыплом ІІ ступені атрымалі прадстаўнікі сярэдняй школы № 1 Смілавіч. Яны паспяхова абаранілі даследаванне “Непастаянныя магніты” (кіраўнік А.К.Шабусаў).
Аляксей Бакавец з Брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна заняў першае месца. Яго даследаванне на тэму “Палімерныя матэрыялы на аснове мадыфікаванага крухмалу, якія раскадаюцца” (кіраўнік В.А.Халецкі) зачапіў не толькі членаў журы, але і ўдзельнікаў канферэнцыі.
Такі ж фурор быў і з работай “Птушкі ратуюць птушак” Міхаіла Горскага з гімназіі № 2 Салігорска (кіраўнік Т.А.Алекса). У Міхаіла, зразумела, таксама дыплом І ступені.
Не менш паспяховай стала абарона работы Яны Радзюк з ліцэя № 1 Баранавіч. Дзяўчына прадстаўляла даследаванне па тэме “Цяжкія металы ў глебе прышкольнага ўчастка” (кіраўнік Н.В.Вярбіла), якое было ацэнена дыпломам ІІ ступені.
Яшчэ адзін дыплом ІІ ступені ў Віктара Беляўцова з Мінскага абласнога ліцэя. Журы вельмі зацікавілася яго “Інтэлектуальнай сістэмай асвятлення дома” (кіраўнік К.Д.Сячко).

 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.