Патэнцыяльныя кандыдаты самі кантралююць перадвыбарныя штабы, а тэрытарыяльныя камісіі і ЦВК сочаць за выкананнем заканадаўства

- 12:31Выбары 2015

Зборшчыкі подпісаў павінны мець магчымасць свабодна размаўляць з выбаршчыкамі. Аб гэтым заявіў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік, які правёў у Віцебску семінар-вучобу з кіруючым складам тэрытарыяльных выбарчых камісій рэгіёна.

“Самае галоўнае для тых камісій, якія ўжо сфарміраваны, — стварыць добрыя ўмовы для работы ініцыятыўных груп. Зборшчыкі подпісаў не павінны адчуваць нейкіх абмежаванняў, уціску, яны павінны мець магчымасць свабодна размаўляць з выбаршчыкамі”, — падкрэсліў сакратар ЦВК.
Ён таксама адзначыў, што ў далейшым тэрытарыяльным камісіям трэба аб’ектыўна падысці да праверкі подпісаў. “Гэта работа вельмі аб’ёмная, у кожным раёне будзе нямала падпісных лістоў, хацелася б, каб работа прайшла зладжана, арганізавана, у строгай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам”, — сказаў субяседнік.
Мікалай Лазавік падкрэсліў, што ЦВК не кантралюе ход збору подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта. “Інфармацыю мы атрымаем, калі падпісныя лісты стануць паступаць у раённыя выбарчыя камісіі, пакуль яшчэ такіх фактаў у нас няма. Патэнцыяльныя кандыдаты самі кантралююць перадвыбарныя штабы, а тэрытарыяльныя камісііі ЦВК проста сочаць за выкананнем заканадаўства”, — растлумачыў ён.
Сакратар ЦВК падкрэсліў, што дзякуючы таму, што выканаўчыя камітэты разумна падышлі да абмежавання месцаў па зборы подпісаў, скаргаў у ЦВК не паступае. “Выканкамы не сталі забараняць пікетаванне там, дзе можна не забараняць, і скаргаў няма. Чым больш абмежаванняў — тым больш будзе скаргаў. Цяпер абмежаванняў мала”, — канстатаваў Мікалай Лазавік.
Фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій павінна прайсці гэтак жа галосна, адкрыта і дэмакратычна, як і тэрытарыяльных, адзначыў у час семінара сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
“Хацелася б, каб фарміраванне ўчастковых камісій прайшло адкрыта, ліберальна і дэмакратычна, гэтак жа, як і тэрытарыяльных. Наколькі я ведаю, у Віцебскай вобласці пры фарміраванні абласной і раённых камісій на пасяджэннях прысутнічалі прадстаўнікі тых суб’ектаў, якія вылучалі прадстаўнікоў”, — сказаў сакратар ЦВК. Ён падкрэсліў, што прадстаўнікам палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і працоўных калектываў была прадастаўлена магчымасць “сказаць добрыя словы ў адрас сваіх вылучэнцаў”.
Гаворачы аб далейшых этапах выбарчай кампаніі, Мікалай Лазавік адзначыў, што ў той час, калі для кандыдатаў пачнецца агітацыйная кампанія, арганізатары выбараў зоймуцца не менш важнай і адказнай работай — абсталяваннем участкаў, складаннем спісаў і “падрыхтоўкай усяго неабходнага, каб выбаршчыкі маглі свабодна выказаць сваё меркаванне ў час галасавання”.