Патрабаванне часу

- 15:20Навіны рэгіёнаў, Рознае

Практычнае прымяненне інфармацыйных тэхналогій у кіраванні ўстановай адукацыі на прыкладзе Аршанскага раёна разгледзелі ўдзельнікі абласнога клуба “Лідар”, чарговае пасяджэнне якога адбылося ў горадзе чыгуначнікаў.

— “Лідар” дзейнічае на Віцебшчыне з 2010 года і аб’ядноўвае менеджараў у сферы адукацыі і педагагічных работнікаў з рэзерву кіруючых кадраў. Створанае як клуб для педагогаў, якія эфектыўна і вынікова працуюць, аб’яднанне вырашае шэраг задач па ўкараненні інавацыйных педагагічных методык і распрацовак, — расказала начальнік аддзела кіруючых кадраў і інавацыйнай адукацыі Віцебскага абласнога ІРА Таццяна Арэхава. — Пры гэтым выкарыстоўваюцца разнастайныя формы і метады работы.
Як паведаміў метадыст аддзела Алег Палавінка, Орша была выбрана месцам правядзення пасяджэння невыпадкова: у кірунку інфарматызацыі ўстаноў адукацыі педагогі раёна дасягнулі значных поспехаў і маюць багаты практычны вопыт.
— У клубе сабраліся творчыя кіраўнікі і педагогі, каму цікава развівацца і самаўдасканальвацца, адкрываць новае, шукаць эфектыўныя мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу і рэалізоўваць іх у прафесійнай дзейнасці. Усе мы робім агульную справу і разумеем: калі самі будзем сапраўднымі лідарамі, зможам узгадаваць, выхаваць лідараў сярод педагогаў, вучняў, — пераканана ўдзельніца клуба дырэктар сярэдняй школы № 4 Віцебска Наталля Данілава. — Работа клуба мае шырокі рэзананс. Напрыклад, праектнае навучанне ў нашай школе было ўведзена менавіта пасля аднаго з пасяджэнняў аб’яднання. Потым мы прыйшлі да мадэлі ўзаемадзеяння асноўнай і дадатковай адукацыі праз урок, факультатыў, сацыяльна значную дзейнасць. Сталі эксперыментальнай пляцоўкай як школа — сацыякультурны цэнтр мікрараёна. Фактычна гэта практычнае прымяненне праектнай дзейнасці, якое істотна ўплывае на павышэнне рэйтынга і фарміраванне станоўчага іміджу школы, педагагічнага калектыву. Новы этап эксперымента звязаны з эфектыўным урокам: сёлета мы былі ўключаны ў лік устаноў адукацыі, на базе якіх ажыццяўляецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі метадычнай работы па праектаванні эфектыўнага ўрока”. Несумненна, практычнаму прымяненню інфармацыйных тэхналогій тут, як і на любым этапе адукацыйнага працэсу, належыць важная роля. Дарэчы, у нашай школе 100 працэнтаў педагогаў — сертыфікаваныя ІТ-карыстальнікі. Сённяшняя сустрэча дала магчымасць шырокага абмену вопытам паміж калегамі, наладжвання сеткавага ўзаемадзеяння. Цікава і карысна было даведацца, чым жывуць школы Оршы, што яны робяць у гэтым напрамку.
Для ўдзельнікаў клуба “Лідар” былі арганізаваны тэматычная выстава метадычных матэрыялаў з прэзентацыямі ўстаноў адукацыі, экскурсіі па філіяле “Лядовая арэна” Аршанскай дзяржаўнай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 2 і гімназіі № 1 Оршы, прэзентацыя кампаніі “Медынат ІТ”, наведванне музейнага комплексу Аршанскага езуіцкага калегіума і аглядная экскурсія па горадзе. З работай сістэмы адукацыі, спорту і турызму гасцей Аршанскага раёна азнаёміў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Андрэй Загурскі.
— У сувязі з тым, што на сённяшні дзень аснашчанасць камп’ютарнай тэхнікай і праграмным забеспячэннем знаходзіцца на высокім узроўні (які, тым не менш, штогод узрастае), паўстае пытанне аб якасці іх выкарыстання для павышэння якасці навучання і выхавання дзяцей і падлеткаў. Інфармацыйныя тэхналогіі — патрабаванне часу, але яны дарэмныя і нават шкодныя, калі побач з вучнем няма прафесійна кампетэнтнага, інтэлектуальна мабільнага, аўтарытэтнага педагога. Такі настаўнік пры ўмове валодання інфармацыйнымі тэхналогіямі можа зрабіць школу сучаснай, адукацыю — запатрабаванай, а выпускнікоў — паспяховымі людзьмі, — адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. — У плане практычнага прымянення інфармацыйных тэхналогій Аршанскаму раёну ёсць што паказаць і расказаць. Сёння мы прэзентуем агульную сістэму работы ў рамках рэсурсных цэнтраў, а таксама непасрэдны вопыт аддзела адукацыі, спорту і турызму. Гаворка ідзе аб аўтаматызацыі кіраўніцкай дзейнасці і справаводства, пра створанае сваімі сіламі і апрабаванае намі праграмнае забеспячэнне (“План работы”, “Планёрка”, “Кадры”, “Алімпіяды”, “Інтэрнэт-дзённік”), аўтаматызаваную сістэму кіравання “Школа” — усё гэта дае пэўныя вынікі па павышэнні якасці адукацыі. Акрамя таго, праграма семінара прадугледжвае знаёмства з магчымасцямі мультысэрвіснага інфармацыйнага асяроддзя “Віртуальная школа”, якое сёлета праходзіць апрабацыю на базе гімназіі № 1. Спадзяюся, што наша сустрэча будзе змястоўнай і выніковай.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.