Патрабаванне кіраўніка дзяржавы — каб ніякая дапамога не размяркоўвалася без удзелу мясцовай улады

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам прэм’ер-міністра Сяргея Румаса.

Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу пацікавіўся вынікамі работы эканомікі за чатыры месяцы бягучага года. “Першы квартал мы аналізавалі. Красавік месяц, зразумела, з-за пэўных умоў, і вельмі сур’ёзных для нашай экспартна арыентаванай эканомікі, быў няпростым. Таму хацелася б у першым прыбліжэнні бачыць вынік гэтых чатырох месяцаў і асноўныя тэндэнцыі, якія перш за ўсё нас насцярожваюць”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся сітуацыяй у сферы дзяржаўнага доўгу. “Якая сітуацыя, што мы бачым, як будзем разлічвацца па даўгах?” — акрэсліў ён пытанне.

“Трэцяя тэма — гэта МВФ. Я даручаў ураду перш за ўсё заняцца гэтымі пытаннямі. Ну і іншыя міжнародныя банкаўскія арганізацыі, якія не супра ць нас прафінансаваць у гэты час, у тым ліку па ахове здароўя”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на яшчэ адным важным практычным пытанні — цане расійскага прыроднага газу, які пастаўляецца ў Беларусь. “Учора я атрымаў інфармацыю, што Расія прадае прыродны газ у Еўропе ў гэты няпросты час да $70: $65—68, але ніяк не $127, як для Беларусі. Якая тут сітуацыя і абстаноўка, на што мы можам разлічваць у будучыні? Я гэтае пытанне ўзнімаў на відэаканферэнцыі ў рамках ЕАЭС, і ў найбліжэйшы час у нас адбудзецца ў такім жа фармаце канферэнцыя. Хацелася б ве­даць, што да гэтага часу зроблена па зніжэнні цаны на прыродны газ для Беларусі, — сказаў прэзідэнт. — Гэта ж нядобра, я ўжо не гавару пра год 75-годдзя (перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. — Заўв. БелТА.), што Германіі прадаюць прыродны газ да $70, як у мяне інфармацыя (там па-рознаму было), але ніяк не $127, як для Беларусі”.

Як расказаў па выніках даклада кіраўніку дзяржавы прэм’ер-міністр Сяргей Румас, за чатыры месяцы гэтага года як рэспубліканскі, так і мясцовыя бюджэты выкананы з прафіцытам. “У абодвух выпадках прафіцыт па Br600 млн. Гэта сведчыць аб тым, што расходы і даходы бюджэту збалансаваны”, — сказаў ён.

Сяргей Румас падкрэсліў, што Беларусь цалкам і ў тэрмін разлічваецца па ўсіх знешніх пазыках. У той жа час структура гэтых пазык зменіцца з улікам сітуацыі, якая склалася ў свеце. “Мы больш разлічвалі на прыцягненне сродкаў ад размяшчэння еўрааблігацый. Але сёння сітуацыя на рынках капіталу не такая спрыяльная: і запазычанні падаражэлі, і рынкі, па сутнасці, не працуюць так, як хацелася. Але ў нас ёсць іншыя крыніцы, і ўсе абавязацельствы краіны, якія трэба будзе пагасіць у 2020 годзе, будуць выкананы безумоўна і ў тэрмін”, — запэўніў прэм’ер-міністр.

Журналісты пацікавіліся ходам перагавораў з МВФ. Як паведамлялася, Урад Беларусі і Нацыянальны банк звярнуліся ў МВФ з заяўкай на атрыманне хуткага фінансавання ў сувязі з пагаршэннем глабальнай эканамічнай сітуацыі. Зыходзячы з умоў доступу да інструмента хуткага фінансавання, Бе­ларусь можа прэтэндаваць на суму, эквівалентную прыкладна $900 млн.

“Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з Міжнародным валютным фондам. Ідзе звычайная бюракратычная работа, мы прадастаўляем дакументы. Па тэрмінах пакуль, на жаль, не магу сказаць. Але тое, што ўсе перагавор­шчыкі знаходзяцца ў пастаянным кантакце дыстанцыйна (гэта зразумела ва ўмовах пандэміі), я магу пацвердзіць. Тут усё ідзе пазітыўна”, — адказаў Сяр гей Румас.

Паводле даных на 1 красавіка, знешні дзяржаўны доўг Беларусі склаў $16,6 млрд, зменшыўшыся з пачатку года на $0,5 млрд (з улікам курсавых розніц), або на 2,9 працэнта.

У студзені — сакавіку прыцягнуты знешнія дзяржаўныя пазыкі на суму $247,7 млн, у тым ліку $222,7 млн — Урада і банкаў Расіі, $12,8 млн — Экспартна-імпартнага банка Кітая, $8 млн — МБРР, $4,2 млн — ЕБРР і СІБ.

Пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу ў першым квартале склала $504,9 млн, з якіх $221,6 млн — Ураду Расіі, $171,2 млн — банкам Кітая, $88,3 млн — ЕФСР, $22 млн — МБРР, $1,3 млн — ЕБРР і СІБ, $0,5 млн — Таварна-крэдытнай карпарацыі ЗША.

Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 красавіка склаў Br53,7 млрд і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам бягучага года на Br8,9 млрд, або на 19,9 працэнта.

Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 красавіка склаў Br10,4 млрд, павялічыўшыся з пачатку года на Br1,7 млрд (з улікам курсавых розніц), або на 19,1 працэнта.

Адносна мер падрымкі, якія прапануе ўрад у складаных эканамічных умовах, прэм’ер-міністр адзначыў, што другі пакет мер, які дапрацоўваецца ва ўрадзе, будзе арыентаваны канкрэтна на дапамогу грамадзянам.

“У другім пакеце мер — мерапрыемствы, якія накіраваны на падтрымку людзей. У прыватнасці, урад прапанаваў тым, хто працуе ва ўмовах няпоўнай занятасці, у каго зарплата такім чынам стала меншай за мінімальную, за кошт бюджэту зрабіць даплату. І шэраг іншых мер, якія непасрэдна тычацца грамадзян”, — сказаў прэм’ер-міністр.

“Патрабаванне кіраўніка дзяржавы нязменнае, і сёння яшчэ раз было даведзена да ўрада, што галоўнае ў гэты няпросты час (мы разумеем, што крызісы прыходзяць і адыходзяць) — гэта захаваць працоўныя калектывы. Праз захаванне працоўных калектываў мы захоўваем працаздольнасць прадпрыемстваў. І калі адкрыюцца рынкі, гэтыя прадпрыемствы будуць гатовы запоўніць тую нішу прадукцыі, якая ўтварылася за час вымушанага прастою ў іншых дзяржавах”, — падкрэсліў Сяргей Румас.

Гаворачы аб другім пакеце мер падтрымкі, прэм’ер-міністр паведаміў, што прэзідэнт вярнуў гэты пакет ва ўрад для дапрацоўкі. “Патрабаванне кіраўніка дзяржавы — каб ніякая дапамога на месцах не размяркоўвалася без удзелу мясцовых органаў улады. Таму мы бачым, як дапрацаваць гэты пакет мер падтрымкі. Сапраўды, гэта справядлівая заўвага. Губернатары гатовы ўзначаліць такую работу і, адпаведна, несці адказнасць за гэтыя вынікі. Таму што яны лепш бачаць, якія прадпрыемствы і сектары маюць патрэбу ў падтрымцы”, — сказаў Сяргей Румас.

Ён дадаў, што ў пачатку наступнага тыдня ўрад дапрацуе пакет мер з улікам заўваг кіраўніка дзяржавы і ўнясе дакументы ў Адміністрацыю прэзідэнта.