Патрэбна мабілізацыя ўсіх рэсурсаў

- 11:01Інфармацыйная гадзіна

Для павышэння эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу краіны неабходна мабілізацыя ўсіх існуючых рэсурсаў, заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Косінец на пасяджэнні Мінскага аблвыканкама, дзе разглядаліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскай вобласці за 2015 год, а таксама за апошнюю пяцігодку.

Аляксандр Косінец нагадаў, што 23 лютага кіраўнік дзяржавы падпісаў указ № 78. Гэты дакумент вызначыў шэраг першачарговых задач, якія неабходна вырашыць на шляху да павышэння эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Беларусі. “Галоўнае — гэта мабілізацыя ўсіх існуючых рэсурсаў, эфектыўная работа прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, правільная арганізацыя і кіраванне ўсёй эканомікай краіны, — сказаў Аляксандр Косінец. — Ва ўмовах сацыяльна арыентаванай эканомікі неабходна забяспечыць абарону інтарэсаў грамадзян. Важны рэальны, прагматычны падыход да выканання бюджэту. Зыходзячы з гэтага, неабходна адказаць на пастаўленыя пытанні: якія мэты і канкрэтныя задачы для рэалізацыі”.
Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта канстатаваў, што ў Мінскай вобласці за апошнія пяць гадоў былі выкананы прагнозныя паказчыкі толькі па аб’ёмах будаўніцтва жылля і заработнай плаце. Акрамя таго, у 2015-м тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту (ВРП) у вобласці склаў 98,2 працэнта, а ў студзені бягучага года — 87,1 працэнта. У сувязі з гэтым Аляксандр Косінец лічыць неабходным максімальна задзейнічаць усе вытворчыя магутнасці. Ён паставіў задачу перад Камітэтам дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці і абласной пракуратурай прааналізаваць існуючую сітуацыю з іх загрузкай. “Неабходна звярнуць увагу на магутнасці, што не выкарыстоўваюцца, у якія ўкладзены вельмі вялікія грошы. Незразумела, куды патрачаны гэтыя грошы: на мадэрнізацыю вытворчай сферы або сцяны, чаму і па чыёй віне на сённяшні дзень дрэнна працуюць прадпрыемствы”, — дадаў ён.
На думку Аляксандра Косінца, пралікі ў вытворчай сферы звязаны са слабай работай маркетынгавай службы. Дырэктарскі корпус недапрацоўвае ў пытаннях пошуку патэнцыяльных спажыўцоў прадукцыі і ў цэлым слаба валодае сітуацыяй на рынках. “Увесь акцэнт робіцца на негатыўнай знешняй кан’юнктуры, звязанай эканамічнымі санкцыямі, накладзенымі на Расію, з канфліктамі ва Украіне і іншых дзяржавах. Але тады трэба займацца дыверсіфікацыяй, шукаць сатэлітаў, якія дапамагалі б ствараць канкурэнтаздольную прадукцыю, і максімальна задзейнічаць усе існуючыя магчымасці для таго, каб істотна павялічыць аб’ёмы продажаў”, — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.