Патрэбны небанальныя ідэі

- 10:20Навіны рэгіёнаў

Напярэдадні з’езду Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ўдзельнікі 33-й справаздачна-выбарнай канферэнцыі Гомельскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” ацанілі поспехі маладзёжнай палітыкі ў рэгіёне і звярнулі ўвагу на праблемныя пытанні. На абмеркаванне быў вынесены шэраг прапаноў і ініцыятыў, якія плануецца рэалізаваць на працягу гэтай пяцігодкі. Размова ішла пра якасна новы ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў маладзёжнага саюза, стварэнне электроннай базы валанцёраў і медыяхаба…

Пленарнай частцы папярэднічала інтэрактыўная. Усе кірункі дзейнасці арганізацыі і дасягненні моладзі вобласці прадставілі на экспазіцыі ў Гомельскім аблвыканкаме. Адна з самых яркіх пляцовак — “Беларусь — крынiца натхнення”. Акрамя прэзентацыі тэматычных праектаў саюза моладзі тут прайшоў майстар-клас па вырабе патрыятычных упрыгажэнняў маладога рамесніка Дзіяны Шмойлавай. Лакацыя “Труд-крут” азнаёміла з працоўнымі буднямі студэнцкіх атрадаў. Гасцей форуму захапілі тэматычныя гульні, а таксама майстар-клас па вырабе карціны з экаматэрыялаў…

Мерапрыемства сабрала ў абласным цэнтры больш за 200 актывістаў саюза моладзі і арганізацый-партнёраў. Перад пачаткам пазачарговага агульна­рэспубліканскага з’езду БРСМ моладзь Гомельшчыны атрымала магчымасць абагульніць прапановы ў праект стратэгіі развіцця маладзёжнай арганізацыі на 2021—2025 гады.

— Мы імкнёмся будаваць сваю работу такім чынам, каб зацікавіць маладых людзей, прыцягнуць іх да дзейнасці саюза не проста як пасіўных назіральнікаў, а як думаючых, крэатыўных і актыўных ­удзельнікаў і ініцыятараў мерапрыемстваў, праектаў, — адзначыла першы сакратар Гомельскага абласнога камітэта БРСМ Вераніка Гудкова.

Арганізацыя БРСМ на Гомельшчыне па колькасці саступае толькі сталічнай. Многія маладзёжныя праекты, пра якія зараз ведае краіна, зарадзіліся тут. Гэта і папулярныя “Тата-залы”, і дзелавая гульня “Азбука грамадзяніна”. Між тым патэнцыял моладзі рэгіёна далёка не цалкам раскрыты. Маладзёжны лідар Гомельшчыны адзначае, што на будучую пяцігодку абласная арганізацыя БРСМ будзе ўдасканальваць кадравую палітыку, укараняць новыя формы работы з маладымі людзьмі, якія ўключаны ў рэзерв кадраў.

“Школа маладога лідара” — адзін з праектаў, якія плануюць укараняць. Вопыт забяспечыць больш паспяховую адаптацыю маладых спецыялістаў. Сярод важных прапаноў, якія агучаны гомельскім актывам, — правядзенне метадычных заняткаў для ўсіх арганізатараў студатрадаўскага руху. Ёсць намер распрацаваць пакрокавую інструкцыю для прадпрыемстваў і арганізацый, якія даюць рабочыя месцы студэнтам. Сярод ідэй і стварэнне электроннай базы валанцёраў. Яна бу­дзе фіксаваць іх работу і дасягненні. Таксама плануецца стварэнне медыяхаба — маштабнай віртуальнай прасторы для ўзаемадзеяння моладзі, абмену вопытам і ахопу новай маладзёжнай аўдыторыі.

— Мы, БРСМ, — прэзідэнцкая арганізацыя, — звярнуўся да моладзі рэгіёна першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Варанюк. — Такую ўнікальную падтрымку, якая ёсць у нашай арганізацыі і ў цэлым у беларускай моладзі, у свеце яшчэ пашукаць трэба. І гэта не проста падтрымка, але і вялікая адказнасць. Наша мэта — выбудаваць стратэгію развіцця на найбліжэйшыя пяць гадоў. Гэта, безумоўна, і рэфармацыя нашага руху, і, магчыма, змяненне назвы арганізацыі, атрыбутыкі, брэнда, гэта і новыя падыходы да ўнутранага складу арганізацыі, пераразмеркаванне самых розных юрыдычных паўнамоцтваў і многае іншае.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей выказаў свае пажаданні маладзёжным лідарам рэгіёна. Ён падкрэсліў, што значныя намаганні павінны быць накіраваны на павышэнне сацыяльнай актыўнасці членаў арганізацыі, жывыя зносіны і развіццё новых ідэй. Адным з найбольш важных кірункаў у рабоце маладзёжнага саюза павінна заставацца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне: 

— У вас у статуце напісана, што саюз моладзі створаны для канкрэтных спраў і карысных пачынанняў, — адзначыў губернатар. — Прынцып “роўны роўнаму” павінен рэалізоўвацца не толькі на мерапрыемствах, але і ў нефармальнай атмасферы. Важна весці ненадакучлівую, але паслядоўную работу па выхаванні павагі да дзяржаўных сімвалаў, нацыянальных традыцый. Вывучэнне гісторыі, яе сапраўдных герояў павінна цалкам спыніць на падсвядомым узроўні любыя спробы яе перапісаць.

Кіраўнік рэгіёна адзначыў важ­насць укаранення новых форм работы, цікавых моладзі і карысных для грамадства. Як прыклад патрыятычнага і працоўнага выхавання адзначаны водгук моладзі рэгіёна на народны праект захавання ваеннай памяці — добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол мемарыяла “Партызанская крынічка”. Там практычна штодзень працуе некалькі дзясяткаў валанцёраў з ліку навучэнцаў і студэнтаў. Іх рабочыя змены пачынаюцца з пазнавальных лекцый аб партызанскім атрадзе “Бальшавік”. Свой уклад у абнаўленне помніка ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны ўжо зрабілі больш за тысячу юнакоў і дзяўчат з Гомеля, Добрушскага, Веткаўскага і Гомельскага раёнаў.

На палях рэгіёна працуюць 94 мала­дзёжныя экіпажы камбайнераў і 82 маладыя вадзіцелі. 5 маладзёжных экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон збожжа, у рэгіёне таксама — 9 маладых вадзіцеляў-тысячнікаў. Закрануў губернатар і тэму фізкультуры і спорту:

— Ва ўзаемадзеянні з упраўленнем спорту праводзьце любыя лакальныя спаборніцтвы па папулярных у моладзі відах: ад футбола і хакея да паркура, веласпорту, спаборніцтваў на скейтах. Памятайце, каб зарабіць аўтарытэт, неабходна быць наперадзе, генерыраваць ідэі. Прычым ідэі ад жыцця, каб і з карысцю, і з цікавасцю. Асноўная мэта БРСМ у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі — выхаванне моладзі ў духу патрыятызму, развіццё патэнцыялу маладых грамадзян для іх самарэалізацыі і актыўнага ўдзелу ў стварэнні моцнай і квітнеючай краіны. І ў гэтым наша агульная задача — каб усе пакаленні адчувалі сябе ў роднай краіне камфортна і былі ў бяспецы.

Старшыня аблвыканкама, карыстаючыся магчымасцю, звярнуўся да мола­дзі з заклікам пазбаўляцца скептыцызму ў дачыненні да працаўладкавання ў сферы АПК, бо гэтая галіна мае сур’ёзныя перспектывы. Увогуле, упэўнены кіраўнік рэгіёна, моладзі вельмі важна быць у курсе, як развіваецца прамысловы патэнцыял вобласці, рэалізоўваюцца найбуйнейшыя інвестпраекты.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.