Патрэбныя дзеці

Інклюзіўная фотавыстава “Патрэбныя дзеці”, прымеркаваная да Дня абароны дзяцей, адкрылася ў Мінску на тэрыторыі Верхняга горада. Арганізатары выставы — валанцёрскі рух “Патрэбныя людзі” сумесна з Асіповіцкай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школай-інтэрнатам для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату пры падтрымцы адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. Цырымонію адкрыцця фотавыставы наведаў кіраўнік адміністрацыі Ігар Іванавіч Бузоўскі.

Мэта сацыяльнага праекта “Патрэбныя дзеці” — прыцягнуць увагу грамадскасці да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, да месца, якое яны займаюць у нашым грамадстве, паказаць, што яны маюць патрэбу ў разуменні, што павінны нароўні са звычайнымі дзецьмі вучыцца, развівацца, паўнацэнна жыць. Кіраўнік валанцёрскага руху “Патрэбныя людзі” Вікторыя Крут расказала, што яго ўдзельнікі праводзяць дабрачынныя акцыі ў дамах-інтэрнатах Беларусі. У камандзе 15 маладых людзей ва ўзросце 25—35 гадоў. За год валанцёры правялі каля 50 мерапрыемстваў — дапамагалі не толькі дзецям, але і пажылым людзям.

“Пазбягаць тых, хто выбіваецца з класічных і стандартных уяўленняў аб нармальнасці — стэрэатып, звычка, якая сфарміравалася на працягу не аднаго дзесяцігоддзя. Першы крок на шляху да вылячэння грамадства — прыняць і палюбіць усіх такімі, якія яны ёсць, — адзначыла Вікторыя. — Асаблівыя дзеці вылучаюцца з агульнай масы і прыцягваюць да сябе позіркі многіх. У гэтым падабенства людзей з абмежаваннямі са знакамітымі спартсменамі ці зоркамі эстрады, да якіх таксама павышаная ўвага. Невыпадкова на выставе “Патрэбныя дзеці” мы бачым серыю фотапартрэтаў вядомых у сваёй прафесіі людзей побач з навучэнцамі Асіповіцкай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату”.

Сярод удзельнікаў фотапраекта — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі алімпійскі чэмпіён па веславанні Аляксандр Багдановіч, старшыня савета дырэктараў ТАА “Пожснаб” Алег Аляксандравіч Дзярабін, зоркі беларускага шоу-бізнесу: саліст і кіраўнік ансамбля “Сябры” народны артыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Ярмоленка, беларуская спявачка Настасся Ціхановіч, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь спявак Аляксандр Саладуха, спявак Аляксей Хлястоў, спявак і музыкант Дзядзя Ваня, а таксама тэлевядучая, журналіст і блогер Ганна Бонд. Акрамя таго, у праекце прынялі ўдзел беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка, хакеіст Андрэй Касціцын, а таксама футбаліст клуба БАТЭ Ігар Стасевіч і інш.

Адкрываючы выставу, кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Ігар Іванавіч Бузоўскі адзначыў: “Без валанцёраў, людзей неабыякавых да чужых праблем, падобных сацыяльных ці эканамічных ініцыятыў не існавала б. Калі грамадства будзе адчуваць сябе як адзіны арганізм, праяўляць увагу да кожнага чалавека, тады мы зможам адказваць на любыя выклікі часу і паспяхова развівацца. Сёння мы павінны задумацца над тым, дзе будуць вучыцца дзеці з АПФР, дзе потым працаваць, наколькі будзе запатрабавана іх праца і яны самі ў далейшым”.

“Практычна 2 месяцы нашы навучэнцы жылі радасцю ад удзелу ў праекце, — адзначыла дырэктар Асіповіцкай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату Ларыса Адамаўна Гормаш. — Дзеці прыязджалі ў Мінск на фотасесію ў прафесійную студыю, знаёміліся са знакамітасцямі. Нашы хлопчыкі разам з футбалістамі клуба БАТЭ выходзілі на футбольнае поле пад бурныя апладысменты. Такія мерапрыемствы дзеці запомняць на ўсё жыццё. І для валанцёраў, якія ў нас бываюць, гэта таксама важна: побач з нашымі навучэнцамі яны адчуваюць сябе сапраўды патрэбнымі, добрымі людзьмі”.

Ні адно фота не пакіне вас абыякавым! У кожным з іх любоў, дабрыня, цудоўная энергія! Здымкі зрабіў прафесіянальны фатограф Аляксандр Вафік. Выстава прадоўжыцца да 1 чэрвеня.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *