Праз люстэрка стагоддзяў

- 13:52Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

На Міншчыне па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама стартаваў праект “Сельскі настаўнік”, які расказвае аб педагогах і кіраўніках з глыбінкі. На старонках газеты мы прапануем знаёмства з героямі праекта. 

Герой сённяшняга нумара — Антон Сяргеевіч Гульнеў, дырэктар Вяляціцкай сярэдняй школы Барысаўскага раёна, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства. 

На шляху да поспеху

У свае 28 гадоў Антон Гульнеў трэці год займае пасаду кіраўніка невялікай сельскай школы са 177-гадовай гісторыяй і імкнецца не толькі працягваць добрыя старыя традыцыі ўстановы адукацыі, якія захоўваюць настаўнікі Ала Аляксандраўна Зуёнак, Ганна Яўгенаўна Дзеравянка, Людміла Рыгораўна Васілеўская, Ларыса Фёдараўна Белая, Тамара Дзмітрыеўна Ходас і іншыя, але і прыўнесці новыя, сучасныя. На базе школы функцыянуюць музеі “Час і мы”, “Сялянская хата”, музей народнай славы. На прышкольнай тэрыторыі высаджаны 6 алей памяці, апошняя з якіх — у гонар герояў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта было зроблена па ініцыятыве маладога дырэктара.

Першыя крокі 

Прафесійны шлях педагога пачаўся з пасады настаўніка гісторыі ў сярэдняй школе № 3 Барысава, дзе ён, дарэчы, некалі вучыўся. “Прызнацца, я не марыў з дзяцінства быць педагогам, але, скончыўшы БДПУ імя Максіма Танка і пераступіўшы 1 верасня парог школы ў якасці настаўніка, адразу зразумеў, што работа ў школе з дзецьмі — маё прызванне”, — успамінае Антон Сяргеевіч.

З першых дзён работы настаўнік зарэкамендаваў сябе як кампетэнтны, актыўны спецыяліст, які любіць сваю справу. Яго вучні — удзельнікі і пераможцы раённых алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў.

Важным этапам прафесійнага шляху педагога стаў яго ўдзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у 2019/2020 го­дзе. Рашэнне 25-гадовага педагога пасаперні­чаць з вопытнымі калегамі было прадыктавана не толькі і не столькі азартам, колькі выклікам самому сабе. Яму хацелася раскрыць свой патэнцыял у поўным аб’ёме і пашырыць межы ўласных магчымасцей. Стаўшы пераможцам раённага этапу, Антон Гульнеў у ліку пяці лепшых педагогаў Мінскай вобласці годна адстойваў гонар Барысаўшчыны ў фінале абласнога этапу.

Фактар росту

На думку Антона Сяргеевіча, конкурс — гэта магчымасць для педагога прая­віць свае прафесійныя навыкі, узбагаціцца каштоўным вопытам калег, набрацца эмоцый і ўражанняў для новых творчых ідэй і здзяйсненняў.

У ліпені 2020 года педагогу прапанавалі ўзначаліць Вяляціцкую сярэднюю школу Барысаўскага раёна. Гэтую прапанову ён успрыняў як знак вялікага даверу, высокай ацэнкі сваёй прафесійнай дзейнасці і ўзяўся за работу з уласцівым яму запалам і стараннасцю. Пры гэтым малады кіраўнік разумеў, што лёгка не будзе. Але яму дапамагае ўменне спраўляцца з цяжкасцямі, ставіць новыя мэты і дасягаць іх, якому яго навучыў спорт. Заняткі веславаннем, веласіпедным спортам, горнымі лыжамі (у арсенале настаўніка першы дарослы разрад па лыжных гонках. — Заўвага аўтара.) яшчэ ў юнацтве загартавалі характар маладога чалавека.

Прафесіяналізм Антона Сяргеевіча і добрасумленнае стаўленне да даручанай справы былі адзначаны Ганаровай граматай упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта, Ганаровай граматай прэзідыума Барысаўскага райкама беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Па­дзякай начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама.

Да новых перамог і здзяйсненняў

Летась малады кіраўнік прыняў удзел у раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Малады дырэктар года — 2021”, дзе заняў 2-е месца.

Антон Сяргеевіч лічыць, што для поспеху сучаснаму кіраўніку сельскай установы адукацыі важна быць актыўным, мэтанакіраваным, чулым, з любоўю і павагай адносіцца да дзяцей. А яшчэ для кіраўніка важна валодаць асновамі эфектыўнага менеджменту, умець выбудоўваць камунікацыю з рознымі лю­дзьмі. Дзякуючы супрацоўніцтву з вяляціцкай птушкафабрыкай і мясцовым шпалапрапітным заводам, малады кіраўнік умацоўвае матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы, увасабляючы ў жыццё новыя ідэі. Так пачалася рэалізацыя праекта па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі ўстановы “Сучасная клумба праз люстэрка стагоддзя”, развіваецца экалагічны праект “Маленькія гісторыі вялікага Вялят-каменя” (а шматвяковаму валуну ёсць пра што расказаць). У планах кіраўніка — абсталяванне асобнага памяшкання для размяшчэння карціннай галерэі выпускніцы Вяляціцкай школы народнай мастачкі Т.Л.Малярэвіч-Каландырэц. 

“Важна не стаяць на месцы, а ісці толькі наперад, займаць актыўную сацыяльную пазіцыю. Я хачу быць прыкладам як для свайго калектыву, так і для навучэнцаў школы, і весці сваю любімую ўстанову адукацыі да поспеху”, — кажа Антон Сяргеевіч.

І ён не толькі гаворыць, але і актыўна працуе ў гэтым кірунку, прымаючы ­ўдзел у мерапрыемствах абласнога праекта “Метадычнае суправаджэнне маладых спецыя­лістаў у сістэме адукацыі раёна”, маладзёжным праекце “Турыстычны паход выхаднога дня па рацэ Бярэзіне для арганізацыі карпаратыўнага адпачынку”, абласной акцыі “Веладарогамі памяці”, прымеркаванай да Дня Незалежнасці Беларусі, міжнародным праекце “Цягнік Памяці”, дзе знаёміць хлопцаў і дзяўчат з Беларусі і Расіі з гісторыяй і культурай Міншчыны. 

Калегі вераць, што ўсё ў іх маладога і амбіцыйнага кіраўніка абавязкова атрымаецца.

Хто ведае? Можа, ужо і дачакаліся… 

Іна ЖУКАВА, 
дырэктар вучэбна-метадычнага цэнтра Барысаўскага раёна.