“Патрымаць” прафесію ў руках

- 13:03Выхаванне

Лясная сцежка, якая вядзе да Мінскага гарадскога адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лідар”, пахне ранішняй свежасцю. Зноў дождж. Яшчэ некалькі хвілін — і можна будзе ўбачыць палатачны летнік, у якім размясціліся ўдзельнікі міжнароднай змены, арганізаванай у рамках праекта “Фарміраванне матывацыі да прафесійнага самавызначэння сярод навучэнцаў з мэтай аптымізацыі выканання сацыяльнага заказу на забяспечанасць кадрамі ва ўсіх галінах эканомікі”. За такой мудрагелістай назвай хаваецца даволі простая рэч: 12 беларускіх падлеткаў сабраліся разам, каб з дапамогай нямецкіх спецыялістаў паспрабаваць сябе ў розных рабочых прафесіях.
Намоклыя ад дажджу палаткі арганічна ўпісваюцца ў лясны масіў дзякуючы свайму зялёнаму колеру. Але жыхароў не відаць. Нягледзячы на тое, што вакол сыра, яны ўжо за работай.
“Сёлетняя міжнародная змена арганізавана пры падтрымцы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, а таксама Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханеса Рау і культурна-спартыўнай арганізацыі “Віта” (Дортмунд, Германія), — адзначае мадэратар змены Ганна Мікалаеўна Дасько. — У рамках праекта распрацаваны і праведзены факультатыўныя курсы для навучэнцаў 7—9 класаў па фарміраванні сацыяльна-прафесійных кампетэнцый, а таксама арганізаваны прафесійныя пробы, якія дазволяць кожнаму з удзельнікаў зразумець, наколькі цікавая яму тая ці іншая справа”.

лідар 2Тыя, хто сутыкаўся з тэмай будоўлі ці рамонту, не па чутках ведаюць, як няпроста знайсці добрага плітачніка, муляра, цесляра, спецыяліста па ландшафтным дызайне і інш. Падышлі да вырашэння праблемы тут з нямецкай скрупулёзнасцю. Як матываваць дзяцей да атрымання рабочых прафесій? Адказ ляжыць на паверхні: пазнаёміць іх з улюбёнымі ў сваю справу і паспяховымі ў ёй людзьмі.
Ландшафтны садоўнік Маркус Фляйшэр назірае, як яго беларускія вучні нацягваюць шнур пад узровень. Хлопцы і дзяўчаты стараюцца не памыліцца, бо ўжо знаёмыя з педантычнасцю свайго настаўніка. Днямі ён не толькі тлумачыў усе нюансы гэтай працэдуры, падказваў, якім вузлом лепш замацаваць шнур, але і патрабаваў, каб кожны не менш за 20 разоў выканаў пастаўленую задачу. На шчасце, адказнасць падлеткаў выклікае ў садоўніка ўсмешку.
З Маркусам займаецца толькі адна частка атрада. Хлопцы і дзяўчаты працуюць на пляцоўцы, дзе ўжо ўстаноўлены невялікая альтанка і дэкаратыўны млын. Іх сённяшняя задача — пакласці дэкаратыўную плітку.
Побач працуе другая частка, дзе настаўнічаюць браты Міха і Рубэн Мартэрэры. Міха — цясляр, Рубэн — мехатронік.
“Хлопцы натуральна рванулі да цесляра! — смяецца Ганна Мікалаеўна. — Ім падабаецца працаваць з малатком, пілой, рубанкам… Разам яны ствараюць невялікі драўляны вазок, які стане арыгінальным кветнікам”.
Потым кветнік будзе ўстаноўлены каля млына, кампазіцыю дапоўняць іншыя аксесуары ў рустыкальным стылі, і на тэрыторыі летніка з’явіцца не толькі новае месца адпачынку, але і прыгожая фотазона. Пляцоўка будзе радаваць вока як дзецям, так і турыстам, якія спыняюцца ў кемпінгу на тэрыторыі адукацыйна-аздараўленчага цэнтра.

міха

***

Нямецкі характар змены адсочваецца літаральна ва ўсім. Перш чым прыступіць да рэалізацыі праекта, запрошаныя спецыялісты доўга і з непадробным захапленнем расказвалі пра свае прафесіі. Потым быў распрацаваны план работ, адпрацаваны дэталі. Як самыя сапраўдныя педагогі Маркус, Міха і Рубэн упэўніліся, што абсалютна ўсім зразумелы кожны этап рэалізацыі ідэі.
Атмасфера на пляцоўцы, дзе кіпіць работа, незвычайная. Падлеткі і спецыялісты разумеюць адно аднаго з паўслова, чуецца не толькі нямецкая, але і англійская мова. Можа, таму перакладчыкі зусім свабодна і з не меншай цікавасцю, чым самі дзеці, капаюць зямлю, шліфуюць дэталі будучага кветніка.
“Я вучуся ў 22-й гімназіі Мінска і ў “Лідар” трапіла дзякуючы распрацаванаму намі праекту “Я — профі!”, — расказвае Настасся Лук’яновіч. — Гэта быў калаж, дзе мы прадстаўлялі самыя розныя прафесіі. Прыйшоў час задумацца, кім жа хачу быць я сама. Пасля знаёмства з рабочымі прафесіямі ўпэўнена, што чалавек павінен умець працаваць і рукамі. Гэтым летам вывучаю садовы дызайн. лідар 3Маркус — выдатны настаўнік. У гімназіі я вучу англійскую мову і ўжо другі год займаюся нямецкай мовай з рэпетытарам. Для мяне тут унікальная размоўная практыка, бо Маркус выдатна валодае дзвюма мовамі. А яшчэ ён вывучаў французскую мову і латынь. І гэта садоўнік! Нам ёсць з каго браць прыклад. Мы будуем свае адносіны як роўныя, наш педагог выдатна разумее нас не толькі ў рабоце. Напрыклад, з вялікай цікавасцю абмяркоўваем такія рэчы, як стэрэатыпы, якія складваюцца ў грамадстве”.
Разам з Настассяй у міжнароднай змене прымаюць удзел навучэнцы Гальшанскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці, Бабініцкай сярэдняй школы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, сярэдніх школ №№ 76, 121 і гімназіі № 22 Мінска.
Акрамя магчымасці дакрануцца да кожнай прафесіі ўласнымі рукамі, для ўдзельнікаў атрада арганізавана наведванне ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі сталіцы: ад ліцэяў і каледжаў будаўнічага профілю да тых, якія спецыялізуюцца на сістэме камунальнай гаспадаркі, і інш. У Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы мантажных і пад’ёмна-транспартных работ і падлеткі, і нямецкія спецыялісты праверылі ў дзеянні трэнажор зварачных работ, а навучэнка сярэдняй школы № 76 Мінска Дзіяна Ваяводзіна нават паспрабавала сябе ў якасці кранаўшчыцы.
Культурная праграма, наведванне экапарку і Нацыянальнага батанічнага саду, спартыўныя спаборніцтвы, удзел у мерапрыемствах летніка — кожны дзень насычаны падзеямі.
“Важнай часткай нашай работы з’яўляюцца розныя бізнес-трэнінгі і семінарскія заняткі, — адзначае Ганна Мікалаеўна Дасько. — Напрыклад, у рамках аднаго з іх выканаўчы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці ў Беларусі Генадзь Калёнаў пазнаёміў нас з такой прафесій, як хаус-майстар. Яна вельмі распаўсюджана ў Германіі ў якасці сямейнага бізнесу. Хаус-майстар адказны за ўтрыманне гарадскога шматкватэрнага дома, у кампетэнцыю якога ўваходзіць абслугоўванне не толькі дома (не ўлічваючы кватэр), але і дваровай тэрыторыі. Па словах Генадзя, у Германіі няма патрэбы ў аварыйных службах, усе пытанні вырашаюцца хутка і на месцы. Як аказалася, у беларускай сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі рыхтуюць вельмі падобных спецыялістаў, выкарыстоўваючы сінтэз такіх прафесій, як электрык, газазваршчык, сантэхнік”.

***

Маркус Фляйшэр уражаны не толькі сістэмай прафесійна-тэхнічнай адукацыі, але і беларускімі падлеткамі. “Яны вельмі цікаўныя і хочуць сваімі рукамі паспрабаваць тое, пра што я расказваю, — з усмешкай расказвае ён. — А які ў іх інтарэс да спорту! У летніку падлеткі ўсё робяць разам, што адрознівае іх ад юных немцаў. У нас увогуле няма такіх кэмпаў, падчас канікул усе аддаюць перавагу сямейнаму адпачынку, разам едуць куды-небудзь.
Што тычыцца прафарыентацыі, у Германіі яна праводзіцца ў дачыненні да навучэнцаў 7—8 класаў. Дзеці ходзяць на прадпрыемствы, дзе знаёмяцца з рознымі прафесіямі. У Беларусі мяне ўразіла абсталяванне каледжаў і ліцэяў, той падыход, які нам прадэманстравалі, вельмі прафесійны”.
Канечне, нельга было ўпусціць такую магчымасць і не запытацца ў ландшафтнага садоўніка, што ён думае пра азеляненне беларускай сталіцы.
“У Мінску вельмі дагледжаныя газоны, а вось кветкавых кампазіцый я дадаў бы. Можна было б пашырыць і разнастайнасць раслін. лідар 4 Сцежкі, па якіх мне даводзілася хадзіць, патрабуюць лепшага ўмацавання і аздаблення. Так ці інакш азеляненне адрозніваецца ад нямецкага. Горад вельмі чысты і ўпарадкаваны, але крыху не хапае крэатыву”.
Напрыканцы Маркус дадае, што быў бы не супраць, каб яго дзеці атрымлівалі прафесійна-тэхнічную адукацыю ў Беларусі, бо тут прапануюць відавочны плюс — гарантыю працаўладкавання.
Міха выказвае свае ўражанні больш эмацыянальна: “Я ніколі не бачыў больш чыстага горада, чым Мінск. Гэта нешта неверагоднае! Прыемна, што нам паказалі столькі каледжаў і ліцэяў. Гэта асабліва цікава, бо паміж беларускімі і падобнымі нямецкімі ўстановамі вялікая розніца. У Беларусі, акрамя вучобы, дзеці тут жа, у каледжы, маюць магчымасць займацца спортам, наведваць заняткі па інтарэсах, і ўсё гэта бясплатна!
У “Лідары” мне хочацца падзяліцца ўсім, што ўмею сам. Калі некага зацікавіць прафесія цесляра, буду вельмі рады. Думаю, што ў цэлым у вашай краіне не так шмат часу адводзіцца на вывучэнне рабочых прафесій, як яны таго патрабуюць. Яшчэ адрозненне ў тым, што, напрыклад, нямецкая моладзь, праходзячы працоўную практыку, адразу атрымлівае паўнацэнны заробак, што вельмі матывуе. Магчыма, таму ў нашай моладзі большы інтарэс да рабочых прафесій”.

***

“Нам хацелася б працягнуць развіццё праектаў па папулярызацыі прафесійна-тэхнічнай адукацыі, — расказвае прарэктар па міжнародным супрацоўніцтве і інфармацыйна-ідэалагічнай рабоце Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Якаўлеўна Янушкевіч. — Тут існуе некалькі магчымых шляхоў. Канечне, нам бы вельмі хацелася мець прафарыентацыйны рэсурсны цэнтр, дзе магчыма было б, як і ў “Лідары”, дакрануцца да прафесіі. Але можна сабе ўявіць, колькі прафесій мы павінны прэзентаваць! На наш погляд, выдатны варыянт — гэта прафтуры, распрацаваныя Цэнтрам дадатковай адукацыі “Настаўнік” МГІРА. Падчас такіх прафтураў дзеці змогуць наведваць самыя розныя ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, дзе атрымаюць магчымасць не толькі даведацца пра тыя ці іншыя прафесіі, але і паспрабаваць сябе на працоўным месцы.
Каштоўным дапаўненнем да прафарыентацыйнай работы можна назваць дыстанцыйны курс для педагогаў “Арганізацыя прафарыентацыйнай работы ва ўстанове адукацыі”, які прайшоў апрабацыю і можа выкарыстоўвацца ў кожнай школе. У любым выпадку самай эфектыўнай мы лічым прафарыентацыю па прынцыпе “пачуў — пабачыў — паспрабаваў”.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота аўтара.