Патрыятычная эстафета

- 11:47Адукацыйная прастора

24 красавіка сярэдняя школа № 152 Мінска гасцінна прымала ўдзельнікаў міжнароднага форуму навучэнцаў кадэцкіх класаў і класаў прававой накіраванасці. Для сістэмы адукацыі форум, які праводзіўся Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка, камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама і ўпраўленнем адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска, стаў знакавым мерапрыемствам, паколькі праходзіў напярэдадні вялікага свята — Дня Перамогі.

Чым далей ад нас пераможны май 1945-га, тым больш актуальнымі становяцца падобныя мерапрыемствы. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія сабраліся ў гэты дзень у 152-й школе, некалі з гонарам будуць расказваць сваім дзецям, што сустракаліся з жывымі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Ды яшчэ якімі! Напрыклад, Васіль Аляксеевіч Князеў з’яўляецца заслужаным трэнерам СССР і БССР, узначальвае Батальён беларускіх арлянят. А яшчэ ён саліст хору 152-й школы. Старшыні савета ветэранаў Ленінскага раёна Мінска палкоўніку ў адстаўцы Браніславу Віктаравічу Карпенку, які ваяваў у партызанскім атрадзе, потым на фронце і многія гады вядзе актыўную патрыятычную работу з навучэнцамі, таксама ёсць чым падзяліцца з маладым пакаленнем.

— Вельмі важна, што ў навучэнцаў ёсць магчымасць ужывую ўбачыць ветэранаў. Маё пакаленне ў вашым узросце выходзіла на вуліцу, і вялікая колькасць ветэранаў, маладых, прыгожых, моцных, акружала нас. Сёння гэта людзі, у якіх за плячыма больш за 90 гадоў жыцця. Ветэраны, што сёння да нас прыйшлі, — гэта тыя людзі, якія перадаюць вам будучыню Беларусі. Спадзяёмся, што і вы перададзіце гэтую эстафету сваім дзецям. Вы жывяце ў час інфармацыйных тэхналогій. Менавіта перад вашым пакаленнем стаяць дзве асноўныя задачы: навучыцца кіраваць штучным інтэлектам, а навучыўшыся гэта рабіць, не страціць тое, што ў беларускім народзе перадавалася з пакалення ў пакаленне: любоў да Радзімы, да блізкага, да маці, да тых людзей, якія выхоўваюць. Памятайце пра гэта. Спасцігаючы сучасныя тэхналогіі, не страчвайце душу, не страчвайце сэрца, — звярнуўся да юных удзельнікаў форуму начальнік Акадэміі МУС, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт, генерал-маёр міліцыі Уладзімір Уладзіміравіч Бачыла.

Па словах начальніка ўпраўлення адукацыі Ленінскага раёна Мінска Наталлі Генадзьеўны Кучынскай, ніякай лепшай пляцоўкі для стасункаў паміж аднадумцамі, якія вызначаюць праблемы і шукаюць шляхі іх вырашэння, чым форум, няма. “Тры рэчы, пра якія ўжо сёння гаварылася (маці, вера і Радзіма), даюцца чалавеку ад нараджэння, і ім нельга здрадзіць. Вельмі важна, каб з маленства кожны з вас разумеў, што вялікія справы пачынаюцца з маленькіх крокаў. Няхай у вас усё атрымаецца, атрымаецца ў гэтым цудоўным кадэцкім братэрстве, гэтых цудоўных патрыятычных справах і акцыях”, — адзначыла Наталля Генадзьеўна.

У юных патрыётаў на форуме ўсё атрымлівалася. Свае даследаванні яны прадстаўлялі цікава, абгрунтавана, годна, таму журы, у склад якога ўваходзілі выкладчыкі Акадэміі МУС, БДПУ імя Максіма Танка, прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці сталіцы, было няпроста вызначыць прызёраў. На завочным этапе конкурсу было разгледжана 34 работы, сярод якіх даследаванні навучэнцаў не толькі з усіх рэгіёнаў Беларусі, але і з Астаны, Смаленска, Калугі, Масквы.

Па выніках работы форуму ў секцыях “Кадэцкі рух: учора, сёння, заўтра” і “Жыццё Радзіме — гонар нікому” дыпломам І ступені ўзнагароджаны навучэнец сярэдняй школы № 152 Мінска Назар Ражкоў (навуковы кіраўнік — дырэктар установы А.У.Цітова), які прадставіў работу “Абяцаў апраўдаць у баі аказаны мне давер”, прысвечаную ўкладу беларускіх спартсменаў у перамогу над фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны. У секцыі “Айчыны верныя сыны (да 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь)” пераможцай прызнана навучэнка сярэдняй школы № 22 Барысава Дар’я Тарасевіч (навуковы кіраўнік — настаўнік гісторыі М.В.Ліпа) з даследаваннем на тэму “Палітработнікі ў арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: праўда і вымыслы”. Лепшым у секцыі “Героі ў гісторыі маёй сям’і” празнана даследаванне навучэнкі сярэдняй школы № 152 Мінска Ангеліны Бараноўскай (навуковы кіраўнік — настаўніца беларускай мовы і літаратуры А.У.Курылёнак). У секцыі для педагагічных работнікаў “Праблемы фарміравання духоўных, грамадзянскіх, патрыятычных і маральных якасцей навучэнцаў прававых (кадэцкіх) класаў” дыпломам І ступені ўзнагароджана настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Полацка А.У.Варановіч, якая паведаміла пра дзейнасць маладзёжнага атрада аховы правапарадку.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.