Патрыятычная змена ў “Зубраняці”

- 9:03Актуальна, На парадку дня

У нацыянальным дзіцячым адукацыйна­аздараўленчым цэнтры “Зубраня” адбылося ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскага патрыятычнага злёту моладзі і пастаянна дзеючых дыялогавых пляцовак “Ад меркавання да светапогляду”. Ва ўрачыстасцях прыняў удзел міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Патрыятычны злёт моладзі аб’яднаў навучэнцаў 10-х класаў, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай і грамадскай працы, займаюцца праектаваннем у галіне сацыяльных ініцыятыў, пераможцаў алімпіяд па грамадазнаўстве, членаў дыскусійных клубаў, удзельнікаў конкурсаў прамоўніцкага майстэрства. 

Як было заўважана на адкрыцці, падчас такой змены будуць ладзіцца мерапрыемствы і заняткі, асноўнай мэтай якіх стане фарміраванне светапогляду, грамадзянскасці, патрыятызму, станаўленне актыўнай жыццёвай пазіцыі моладзі праз уключэнне ў камунікатыўныя практыкі і рэалізацыю сацыяльных ініцыятыў.

Дыялогавыя пляцоўкі будуць працаваць у НДЦ “Зубраня” цэлы год. У іх праграму ўключаны адукацыйныя экскурсіі, вучэбна-даследчая работа навучэнцаў, сустрэча са спецыялістамі. 

Першымі ганаровымі гасцямі дыялогавых пляцовак сталі: міністр адукацыі Андрэй Іванец (дыялогавая пляцоўка “Ад якасці адукацыі — да якасці жыцця”);

старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк (дыялогавая пляцоўка “Сучасны беларускі парламентарызм”);

першы сакратар Цэнтральнага камітэта грамадскай арганізацыі “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Аляксандр Лук’янаў (дыялогавая пляцоўка “Інвестыцыі ў моладзь — інвестыцыі ў будучыню”);

старшыня праўлення Магілёўскай абласной аргструктуры Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства “Веды”, рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, член Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Уладзіміравіч Дук (дыялогавая пляцоўка “Урокі гісторыі. Выснова. План. Перспектыва”);

намеснік загадчыка аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Іван Толкач (дыялогавая пляцоўка “Клуб будучых выбаршчыкаў”);

старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускай федэрацыі работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Апраніч (дыялогавая пляцоўка “Прафсаюз — гарант сацыяльнай абароны”).

Фарміраваць светапогляд, грамадзянскасць, патрыятызм, станаўленне актыўнай жыццёвай пазіцыі моладзі праз уключэнне ў камунікатыўныя практыкі і рэалізацыю сацыяльных ініцыятыў.

На дыялогавай пляцоўцы “Ад якасці адукацыі — да якасці жыцця” старшакласнікі абмеркавалі з міністрам свае адукацыйныя перспектывы, а таксама задалі пытанні. У прыватнасці, іх цікавіла, чым было абумоўлена замацаванне ў кодэксе нормы аб агульнай сярэдняй адукацыі, ці магчыма заняткі ў школе часткова перавесці ў дыстанцыйны рэжым, калі з’явяцца ўніверсітэцкія алімпіяды і як кіраўнік ведамства ставіцца да праекта “Адзін дзень з міністрам”?

Адказваючы на пытанні, Андрэй Іванец адзначыў, што школьныя ўрокі не будуць праводзіцца дыстанцыйна. Дыстанцыйная адукацыя будзе выкарыстоўвацца дадаткова, у дапамогу вучню. Для гэтага ў нас створана адпаведная інтэрнэт-пляцоўка — адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс. “Жывыя зносіны з настаўнікам незаменныя. Менавіта педагогу належыць вызначальная роля ў станаўленні вучня”, — заўважыў міністр.

Гаворачы пра ўніверсітэцкія алімпіяды, Андрэй Іванавіч адзначыў, што яны будуць запушчаны з наступнага года. Гэта ўнікальная магчымасць для старшакласнікаў — пераможцаў такіх алімпіяд стаць студэнтам выбранага ўніверсітэта без ЦТ. Увогуле, па словах міністра, сёння для развіцця нашай эканомікі патрэбны спецыялісты на стыку розных дысцыплін, такіх як, напрыклад, хімія — інфарматыка, біялогія — інфарматыка, гісторыя — інфарматыка і г.д. 

Праект “Адзін дзень з міністрам” вельмі падабаецца кіраўніку ведамства, “бо разбівае стэрэатыпы і дапамагае зразумець сутнасць працы міністра адукацыі”, таму ён адкрыты да новых прапаноў. 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.