Патрыятызм — справа агульная

Актуальныя аспекты выхавання грамадзянскасці і патрыятызму ў працэсе фарміравання актыўнай жыццёвай пазіцыі і высокага маральнага аблічча навучэнскай моладзі разглядалі 28 лютага ўдзельнікі Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, якая прайшла ў сталічным Цэнтральным Доме афіцэраў і была прысвечана 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Правядзенне Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам абароны падобных сумесных мерапрыемстваў сведчыць пра важнасць грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі. Праблемнае поле канферэнцыі было шырокім і адпавядала тэматыцы секцый: гэта формы і метады выкарыстання патэнцыялу краязнаўчай дзейнасці ў патрыятычным выхаванні навучэнцаў, пытанні ваенна-патрыятычнага выхавання як мэтавы арыенцір прафесійнай адукацыі моладзі, дзейнасць устаноў адукацыі па ўвекавечанні і захаванні памяці пра ваенных ахвяр.

— Мы па праве ганарымся магутнасцю сучасных Узброеных Сіл нашай краіны, якія надзейна забяспечваюць мір і стабільнасць на беларускай зямлі. Мы ўсе зацікаўлены, каб на службу ва Узброеныя Сілы прыйшоў малады чалавек, здольны з годнасцю і гонарам выканаць свой канстытуцыйны абавязак па абароне Бацькаўшчыны. Быць абаронцам, быць грамадзянінам і патрыётам Радзімы — значыць, мець актыўную грамадзянскую пазіцыю і добрасумленна выконваць свае абавязкі. У нашай краіне створана і ўдасканальваецца цэласная сістэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання на ўсіх узроўнях адукацыі. Фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму заснавана на любові да сваёй зямлі, Радзімы, народа, павагі да гісторыі Бацькаўшчыны, нацыянальнай культуры, традыцый і звычаяў. Выхаванне маладога пакалення на гераічнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны складае найважнейшы аспект усёй выхаваўчай работы. Педагогі дапамагаюць сваім вучням правільна зразумець важныя падзеі ваеннага ліхалецця, захаваць памяць пра вялікі подзвіг нашага народа. Няхай прафесіяналізм, пошук, наватарства і далей дапамагаюць вам у дасягненні высакародных мэт у выхаванні нашай моладзі, — звярнуўся да прысутных з прывітальным словам міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.

Менавіта такія педагогі-прафесіяналы, наватары, якія знаходзяцца ў пастаянным пошуку, і дзяліліся падчас канферэнцыі вопытам грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. У кожным рэгіёне назапашаны вялікі вопыт такой работы. Напрыклад, кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” Лукскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна Уладзімір Уладзіміравіч Матусевіч паведаміў пра ролю аб’яднання па інтарэсах у прафесійным выбары навучэнцаў, а Уладзімір Уладзіміравіч Гімбут з сярэдняй школы № 16 Мазыра падзяліўся сістэмай работы ваенна-гістарычнага гуртка “Пошук”. “Музей — цэнтр выхавання грамадзяніна-патрыёта: гістарычная памяць, сувязь пакаленняў” — так гучала тэма даклада кіраўніка музея “Гісторыя Заронаўскага краю” Віцебскага раёна Людмілы Канстанцінаўны Нікіцінай. Дарэчы, музей мае званне “народны”, таму няцяжка здагадацца, наколькі актыўна і плённа тут вядзецца работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуарда Валянцінавіча Тамільчыка, адна з галоўных роляў у патрыятычным выхаванні навучэнцаў належыць музеям устаноў адукацыі. Асаблівую значнасць набываюць мерапрыемствы, што праводзяцца музеямі па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і захаванні гістарычнай памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа.

Менавіта такім вопытам работы музеяў Гадылёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна, гімназіі № 30 імя Героя Савецкага Саюза Б.С.Акрэсціна Мінска і Лагішынскай сярэдняй школы Пінскага раёна падзяліліся педагогі Ларыса Міхайлаўна Папкова, Тамара Генадзьеўна Лоскутава і Святлана Іванаўна Юшкевіч. Пра даследаванне навучэнцамі вілейскай гімназіі № 2 малавядомых старонак біяграфіі Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Сцяпанавіча Лаўрыновіча паведаміў Віктар Віктаравіч Кажура. Як бачым, тэматыка заяўленых выступленняў (названа толькі іх невялікая частка), як і палітра рэгіянальнага вопыту, прадстаўленая на канферэнцыі, багатая і разнастайная.

— Немагчыма фарміраваць грамадзянскасць і патрыятызм аднымі тэарэтычнымі развагамі, аповедамі пра гераічнае мінулае. Работа па выхаванні грамадзяніна і патрыёта на практыцы не павінна ператварацца ў набор стандартных мерапрыемстваў, асабліва разважальнага характару. Плён можа прынесці толькі цеснае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі з усімі дзяржаўнымі і грамадскімі структурамі. Прыкладам з’яўляецца ўзаемадзеянне Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны, дзе сфарміраваны добрыя традыцыі супрацоўніцтва. Толькі разам мы можам выхаваць грамадзян і патрыётаў, чые думкі, веды і ўменні будуць накіраваны на павышэнне дабрабыту нашай моцнай і незалежнай Рэспублікі Беларусь, — адзначыў Эдуард Валянцінавіч.

Рабіць нашу краіну моцнай і квітнеючай павінны ўсе грамадзяне любога ўзросту, бо, як адзначыў начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімір Мацвеевіч Макараў, тэма развіцця ў грамадстве патрыятызму і выхавання пачуцця адказнасці за абарону Айчыны з’яўляецца адным з ключавых тэзісаў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.