Выхаваць юнакоў і дзяўчат, здольных шчыра любіць малую і вялікую радзіму, ганарыцца ёй і працаваць дзеля яе росквіту, — на гэта накіраваны намаганні педагогаў сярэдняй школы № 28 Брэста, у якой з 2004 года дзейнічаюць профільныя прававыя класы.
Патрыятычнае выхаванне — адзін з прыярытэтных напрамкаў адукацыйнага працэсу ва ўстанове. Хлопчыкі і дзяўчынкі з кадэцкай школы дастойна прадстаўлялі родны горад і Беларусь у грамадзянска-патрыятычнай змене вучняў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны”, неаднаразова перамагалі ў страявых аглядах, спаборніцтвах па стральбе і спецыялізаваных эстафетах рознага ўзроўню.
Школьнікі актыўна спасцігаюць асновы права, займаюцца страявой і фізічнай падрыхтоўкай, наведваюць аб’яднанні па інтарэсах. Мэтанакіраваная работа педагогаў дадатковай адукацыі прыносіць плён: выхаванцы 28-й школы паказалі высокія вынікі ў рэспубліканскай акцыі “Пішам кнігу разам”, міжнароднай алімпіядзе “Дыпламатыя на службе міру”, рэспубліканскім конкурсе эсэ “Мы выбіраем шлях” і многіх іншых акцыях і конкурсах.
Сінюю форму нашых кадэтаў добра ведаюць у горадзе над Бугам. Штогод 9 мая вучні-правазнаўцы ўдзельнічаюць у цырымоніі ўскладання вянкоў да пілонаў гарадоў-герояў у легендарнай Брэсцкай крэпасці. Там жа годна нясуць ганаровую Вахту памяці ля Вечнага агню.
Нямала ў школе і ўласных патрыятычных традыцый: фестываль “Зноў вясна на белым свеце”, агульнашкольны агляд строю і песні да Дня абаронцаў Айчыны, урачыстая цырымонія пасвячэння ў кадэты, акцыя “Давучымся да героя” і інш.
Дырэктар школы А.А.Лазарук лічыць, што патрыятычнае выхаванне — неад’емная ўмова працэсу фарміравання ўсебакова развітой асобы. Аляксандр Аляксандравіч ганарыцца выпускнікамі, сярод якіх чэмпіёнка ІІ Еўрапейскіх гульняў шматразовая пераможца спаборніцтваў па акрабатыцы Вольга Мельнік, а таксама тымі мэтанакіраванымі юнакамі і дзяўчатамі, якія сваімі дасягненнямі ўмацоўваюць аўтарытэт школы.
Педагогі не сумняваюцца, што новыя пакаленні вучняў-кадэтаў здольны дастойна пастаяць за гонар установы адукацыі, горада, вобласці і краіны на стартах любога ўзроўню і любой складанасці. Сапраўднымі грамадзянамі не нараджаюцца, а становяцца. Нашы выхаванцы разумеюць гэта, бо ведаюць, што патрыятызм — усяму пачатак.
Яўген АДАЕЎ,
педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 28 Брэста.
Фота аўтара.