“Патрыёт-тур”

У прышкольным лагеры ў гэтым годзе рэалізуецца праект “Патрыёт-тур”. У дні летніх вакацый аздараўленчы лагер “Сонейка” ператварыўся ў турыстычнае агенцтва “Патрыёт-тур”.

Кожны дзень у турагенцтве прапануецца пэўны тур (веласіпедны тур, авіятур, сафары, этна-тур, марскі круіз і інш.), і выхаванцы адпраўляюцца ў падарожжа, адкрываючы для сябе кожны дзень нешта новае і цікавае. Тураператары, яны ж выхавальнікі, арганізуюць займальную праграму, адпраўляючы школьнікаў у свет прыгод, паходаў, спартыўных мерапрыемстваў, экскурсій, цікавых сустрэч. За актыўны ўдзел у мерапрыемствах, паспяховае выкананне заданняў у рамках таго ці іншага падарожжа ў лагеры кожны дзень выбіраюць турыста дня. Яго імя і фатаграфія размяшчаюцца на стэндзе.

Падчас тура “Прыгажосць роднай зямлі” ў лагеры прайшла акцыя “Я люблю Беларусь!”. Пасля гутаркі пра дзяржаўныя сімвалы нашай рэспублікі выхаванцы выклалі з літар фразу “Я люблю Беларусь!”, намалявалі сцяг роднай краіны на сваіх тварах і правялі фотасесію. А этна-тур “Я — беларус” акунуў дзяцей у атмасферу гісторыі нашай радзімы. Дзяўчынкі з атрада “Ералаш” у беларускіх касцюмах самастойна падрыхтавалі народны танец, пасля выхаванцы наведалі музей, зрабілі лялек-абярэгаў і пагулялі ў беларускія народныя гульні.

У спёку вельмі дарэчы прыйшлася гульнявая конкурсная праграма “Водныя забавы”: мы правялі вясёлыя конкурсы з абліваннямі, гульні з вадой. А на велатурнір “Мой сябар — веласіпед! ” дзеці адправіліся на сваіх “жалезных конях”.

Праца турагенцтва “Патрыёт-тур” працягваецца. Наперадзе нас чакаюць новыя адкрыцці і падарожжы.

Алена ВІШНЕЎСКАЯ,
старшы выхавальнік лагера “Сонейка”
Мінойтаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна.