Паціснулі руку робату

На рэспубліканскай пляцоўцы Брэстчыну прадставілі 30 удзельнікаў. Двое з іх працавалі галоўнымі экспертамі ў намінацыях “Зварачныя тэхналогіі” і “Мабільная робататэхніка”. Навучэнцы Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа выступілі адразу ў 4 кампетэнцыях. Сярод пастаянных удзельнікаў конкурсу — студэнцкая каманда з Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, якая паспяхова спаборнічала ў кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка”.

— Адна з галоўных задач конкурсу WorldSkills Belarus заключаецца ў папулярызацыі сярод моладзі мабільнай робататэхнікі і сучасных рабочых прафесій, звязаных з шырокай аўтаматызацыяй вытворчасці, — расказвае кіраўнік студэнцкай каманды, дацэнт кафедры інтэлектуальных інфармацыйных тэхналогій факультэта электронна-інфармацыйных сістэм БрДТУ, галоўны эксперт-суддзя спаборніцтваў і распрацоўшчык заданняў Андрэй Пятровіч Дунец. — Акрамя таго, конкурс дазваляе суаднесці веды студэнтаў з міжнароднымі патрабаваннямі і адаптаваць да іх вучэбныя праграмы. Вельмі важна, каб робататэхніка актыўна развівалася ў многіх універсітэтах краіны, бо канкурэнтная барацьба істотна павышае эфектыўнасць распрацовак.

У сёлетнім конкурсе WorldSkills Belarus удзельнічалі 8 каманд, якія выконвалі заданне “Робат — перавозчык смецця”, звязанае з магчымым выкарыстаннем у будучыні мабільных робатаў па асобным зборы і сартаванні адходаў. Канкурсанты распрацоўвалі, выраблялі і праграмавалі робатаў, здольных перасоўвацца ў аўтаномным і дыстанцыйным рэжымах кіравання ў межах пляцоўкі пэўнага памеру, распазнаваць па колеры кантэйнеры і пераносіць іх у вызначанае месца. На выкананне задання адводзілася 4 спробы (па 10 хвілін кожная).

З 2009 года ў БрДТУ дзейнічае студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Робататэхніка”, якую ўзначальвае А.П.Дунец. На рахунку яго выхаванцаў шмат узнагарод. Так, на І і ІІ Рэспубліканскіх конкурсах прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2014 і WorldSkills Belarus — 2016 удзельнікі лабараторыі занялі 1-е месца, на конкурсе WorldSkills СНД — 2015 у Казані (Расія) — 2-е месца, а на мінулагоднім адкрытым чэмпіянаце WorldSkills у Кітаі — 3-е месца.

— Галоўнымі крытэрыямі адбору ўдзельнікаў конкурсу WorldSkills з’яўляюцца іх захопленасць робататэхнікай, гатоўнасць настойліва, сур’ёзна, мэтанакіравана, усвядомлена і самастойна працаваць, удасканальваць адпаведныя навыкі, — адзначае Андрэй Пятровіч. — У кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка” вельмі важна ўмець кіраваць сваім часам, ад чаго залежыць выніковасць выканання задання. Трэніроўкі з канкурсантамі праходзілі некалькі разоў у тыдзень на базе ўніверсітэта.

Другакурснікі факультэта электронна-інфармацыйных сістэм БрДТУ Арцём Міндзер і Арцём Захожы займаюцца ў студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Робататэхніка” каля года. Туды юнакоў, якія цікавіліся радыёэлектронікай са школьных гадоў, прывяло жаданне пашырыць веды ў галіне радыётэхнікі і праграмавання.

— Пачыналі з вывучэння мікракантролераў і паступова падышлі да стварэння першага робата для распазнавання і сартавання кубікаў у залежнасці ад іх колеру, — гавораць юнакі. — Асаблівыя цяжкасці пры стварэнні робата, работа над якім доўжылася 2,5 месяца, выклікала электроніка. Даволі доўга давялося шукаць аптымальнае тэхнічнае рашэнне для механізма, здольнага адначасова захопліваць, утрымліваць і пераносіць кубікі. Але цяжкасці нас не пужалі. Без іх творчы працэс не такі цікавы. Прыемна бачыць вынік сваёй карпатлівай дзейнасці ў выглядзе цікавай і карыснай распрацоўкі. На гэтым мы не спыняемся і будзем і далей удасканальваць уменні і навыкі ў галіне робататэхнікі, якая з’яўляецца перспектыўным напрамкам сучаснай навукі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.