Пацыентаў сустракаюць… школьнікі

- 19:14Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Гродзенскія школьнікі на летніх канікулах упершыню пачалі дапамагаць медыцынскім работнікам паліклінік.

У цэнтральнай гарадской па­ліклініцы, дзіцячай № 1 і гарадскіх паліклініках № 6 і № 7 ужо адпрацавалі 12 школьнікаў, у цяперашні час працуюць 7 і яшчэ 6 прыйдуць пазней. Большасць з іх — навучэнцы гімназіі № 10 Гродна.

Пачалося ўсё з таго, што ў маі бягучага года Гродзенская цэнт­ральная гарадская паліклініка запрасіла школьнікаў на праф­арыентацыйнае мерапрыемства. Менавіта тады і ўзнікла ідэя прапанаваць ім работу ў летні час.

— Мы вырашылі запрасіць навучэнцаў 8-х класаў 10-й гімназіі, бо яны стаялі перад выбарам профілю, — расказала начальнік аддзела кадраў Гродзенскай цэнт­ральнай гарадской паліклінікі Святлана Кашуй. — Арганізавалі для іх экскурсію па нашай установе, далі магчымасць пагля­дзець, як працуюць медыцынскія сёстры, урачы. Прадстаўнікі Гро­дзенскага медыцынскага кале­джа расказалі, што з гэтага года да іх можна паступаць пасля дзевяці класаў. Дзеці даведаліся аб тым, што гарадскім паліклінікам дадзена права заключэння мэтавага дагавора на падрыхтоўку спецыялістаў. Такім чынам мы хацелі зацікавіць школьнікаў, са­рыентаваць іх на выбар медыцынскай спецыяльнасці.

Ва ўстанове аховы здароўя не так многа месцаў, дзе можна працаўладкаваць непаўналетніх. Ідэальнай для гэтага стала рэгістратура. Праз пару дзён навучання дзеці ўжо працуюць у картасховішчах, дастаўляюць медыцынскія карты ў кабінеты, падбіраюць іх для выклікаў, уносяць даныя аб пацыентах у камп’ютар. Многія нават спрабуюць сябе ў якасці супрацоўнікаў кол-цэнтра, дзе вядзецца запіс пацы­ентаў на прыёмы. Школьнікі хутка асвойваюць камп’ютарную праграму кол-цэнтра і з задавальненнем уключаюцца ў гэтую работу.

— Галоўныя ўрачы нашых паліклінік адразу адгукнуліся на просьбу прадаставіць рабочыя месцы для дзяцей. Згодна з заканадаўствам, непаўналетнія могуць працаваць толькі няпоўны рабочы дзень, а заробак атрымліваюць як за поўную стаўку. Такім чынам, у іх ёсць магчы­масць атрымаць добрую зарплату. А для нас гэта выдатная дапамога ў час адпускоў. Спакойныя і бацькі, бо дзеці занятыя. А самі дзеці прызнаюцца, што сталі больш дысцыплінаванымі, навучыліся лепш разумець людзей, слухаць іх. Мы бачым, што яны навучыліся спагадаць людзям, — гаворыць Святлана Кашуй.

Навучэнцу гімназіі № 10 Гродна Савелію Пузыні так спадабалася работа ў амбулаторыі цэнтральнай паліклінікі ў мікрараёне Альшанка, што ён вырашыў затрымацца тут да пачатку навучальнага года.

— Пасля арганізаванай для нас экскурсіі ў паліклініцы вырашыў паспрабаваць свае сілы. Спачатку хваляваўся, але адразу ўбачыў, што трапіў у цудоўны калектыў. Мне падабаецца размаўляць з людзьмі, дапама­гаць ім, з’явілася больш упэўне­насці ў сабе. Планую прыйсці сюды і наступным летам, — падзяліўся Савелій.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 10 Гродна Наталля Кастальцова расказала, што з 2015 года ва ўстанове адукацыі рэалізуецца шэраг прафарыентацыйных праектаў.

— З 2020 года навучэнцы 8—11 класаў маюць магчы­масць займацца па эксперыментальных вучэбных планах, якія прадугледжваюць большую коль­касць гадзін на вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні. Распрацаваны і рэалізуецца інавацыйны праект па прафарыентацыі як адзін з напрамкаў эксперыментальнага. Ён накіраваны на раннюю прафілізацыю і, адпаведна, раннюю дапрофільную падрыхтоўку навучэнцаў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Усё гэта і стала штуршком для сумеснай работы і ўзаемадзеяння з цэнтральнай паліклінікай Гродна, што вылілася ў арганізацыю летняй занятасці школьнікаў, — дадала Наталля Кастальцова.

У далейшым плануецца пашырыць праект. Медыцынскія работнікі гатовы супрацоўнічаць з установамі агульнай сярэдняй адукацыі абласнога цэнтра, а наступным летам прадаставіць дзецям яшчэ больш працоўных месцаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.