Ваенна-патрыятычны клуб “Ратавальнік” сярэдняй школы № 2 Лунінца адзначыў свой першы дзень нараджэння. Пра вынікі першага года даведалася карэспандэнт “Настаўніцай газеты”.
Сёлета ў клубе займаюцца 20 навучэнцаў з 8 па 11 клас. Гэта тыя падлеткі, якія ў будучыні збіраюцца звязаць сваё прафесійнае жыццё з ваеннай службай, службай у органах унутраных спраў ці МНС.
Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Вадзім Анатольевіч Шмат гаворыць:
— Наш клуб “Ратавальнік” супрацоўнічае ў першую чаргу з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Беларусі. Мы ўдзельнічаем у турнірах паміж клубамі МНС, вызначаем лепшых у стральбе, зборы магазінаў, разборцы і зборцы аўтаматаў, апрананні баёўкі — пажарных касцюмаў. Вучымся і тушыць пажары — падключаем шлангі, размотваем іх, дацягваючы да ўяўнага ачага пажару, і струменем вады стараемся трапіць у цэль, збіваючы імітаваны агонь.
Падапечныя Вадзіма Шмата ўжо выдатна пераадольваюць паласу перашкод, устанаўліваюць палаткі. Свае сілы яны выпрабавалі ў мінулагоднім XVII абласным злёце навучэнцаў факультатыўных груп па кірунку “Бяспека жыццядзейнасці” і XXII злёце Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных. У спаборніцтвах злёту прымалі ўдзел каманды з 16 раёнаў і Брэста. Тады школьнаму клубу “Ратавальнік” было ўсяго 4 месяцы, але па выніках 4 спаборніцкіх дзён ён атрымаў 5-е месца сярод усіх каманд вобласці.
Свайго роду рэпетыцыяй спаборніцтваў злётаў 2025 года стане і наступная субота, 22 лютага, прымеркаваная да Дня абаронцаў Айчыны. У іх прыме ўдзел зборная каманда школы — навучэнцы 9—11 класаў, у тым ліку ўдзельнікі клуба “Ратавальнік”. Сярод іх вызначацца лепшыя ў зборы магазіна, зборцы і разборцы аўтаматаў, падцягванні на перакладзіне, стральбе і інш.
Дарэчы, заняткам па стральбе ў школе ўдзяляецца шмат увагі. Пакуль юныя снайперы праходзяць падрыхтоўку ў школьным ціры і па мішэнях страляюць з пнеўматычных вінтовак, але днямі тут адкрыецца і новы цір — светлавы. Якраз цяпер завяршаецца яго ўстаноўка.
Падтрымлівае клуб сувязі і з Таварыствам ратавання на водах. Разам з яго спецыялістамі юныя ратавальнікі школы асвойваюць медыцынскую падрыхтоўку. Напрыклад, нядаўна яны трэніраваліся ў кіданні выратавальнага круга і канца Аляксандрава, з дапамогай якога падцягваюць пацярпеўшага да плаўсродку. Цяпер для ўдзельнікаў пачынаюцца трэніроўкі ў басейне. Чакаецца, што на абласных спаборніцтвах большасць выпрабаванняў будзе праходзіць на вадзе, таму Вадзім Шмат хоча падрыхтаваць сваіх навучэнцаў і да ратавання на вадзе.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены ўстановамі адукацыі