Паўнацэнны перыяд перадвыбарнай агітацыі і прапаганды пачнецца з 11 верасня

- 10:09Выбары 2015

ЦВК Беларусі плануе праверыць подпісы ў падтрымку вылучэння патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты да 1 верасня, паведаміла кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

“Падлічаць подпісы праз 10 дзён — я думаю, да 1 верасня. Плануем зарэгістраваць кандыдатаў 10 верасня, гэта значыць, з 11 верасня пачнецца паўнацэнны перыяд перадвыбарнай агітацыі і прапаганды”, — сказала Лідзія Ярмошына.
Паводле яе слоў, патэнцыяльным кандыдатам трэба ўжо цяпер рыхтаваць свае перадвыбарныя праграмы, пісаць тэксты, якія яны павінны ў даволі кароткія тэрміны здаць у газеты для апублікавання, а таксама рыхтавацца да перадвыбарнага выступлення, каб яно было яркім і цікавым.
Пры гэтым Лідзія Ярмошына нагадала, што афіцыйна да 11 верасня сустракацца з выбаршчыкамі патэнцыяльныя кандыдаты не могуць і памяшканні ім да пачатку агітацыі прадастаўляцца не будуць. “Але цяпер інтэрнэт дае такія магчымасці для правядзення агітацыі, што кандыдаты, актыўныя ў сацыяльных сетках, не прападуць і не згубяцца за гэты перыяд, а наадварот, узмоцняць і ўмацуюць свае пазіцыі”, — лічыць яна.
У ЦВК, паводле яе слоў, часам паступалі скаргі наконт таго, чаму ў час збору подпісаў, яшчэ да пачатку перадвыбарнай агітацыі, вісяць партрэты патэнцыяльных кандыдатаў, прапісаны нейкі перадвыбарны лозунг і г.д. “Подпісы сабраць без рэкламы немагчыма. Таму тое, што віселі партрэты і выказваліся нейкія агульныя ідэі, падаваліся дакументы, якія характарызуюць асобу патэнцыяльнага кандыдата, — гэта нармальна”, — запэўніла старшыня ЦВК.
Кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына чакае больш актыўнага папаўнення асабістых фінансавых фондаў кандыдатаў пасля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты.
“Ёсць такая ліберальная норма, яна з’явілася зусім нядаўна і ўпершыню прымяняецца на прэзідэнцкіх выбарах, а менавіта: патэнцыяльны кандыдат у прэзідэнты можа адкрыць свой асабісты фінансавы рахунак адразу ж пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы”, — нагадала Лідзія Ярмошына, заўважыўшы пры гэтым, што практычна ўсе патэнцыяльныя кандыдаты пэўныя грашовыя сродкі на рахунках у банку ўжо акумулявалі. “Пасля таго як іх зарэгіструюць (кандыдатамі ў прэзідэнты. — Заўв. БелТА.), фарміраванне гэтых рахункаў пойдзе намнога інтэнсіўней. Думаю, што яны з’явяцца ва ўсіх кандыдатаў і там будзе дастатковая колькасць сродкаў, хоць самі па сабе гэта грошы невялікія і хопіць іх толькі на пэўную колькасць друкаванай прадукцыі і, магчыма, на набыццё дадатковага эфірнага часу і газетных плошчаў”, — лічыць старшыня ЦВК.
На пытанне аб тым, ці магчыма зніжэнне са 100 тысяч планкі подпісаў, неабходных для далейшага ўдзелу патэнцыяльных кандыдатаў у выбарчай кампаніі, Лідзія Ярмошына адказала адмоўна. “Гэта не проста выбарчае заканадаўства, гэта патрабаванне Канстытуцыі. Змяніць можна толькі норму, прынятую на рэферэндуме, іншым рэферэндумам. Калі вы самі разумееце, ніколі дзеля гэтага праводзіць рэферэндум у краіне не будуць, таму што такая кампанія яшчэ больш складаная, чым выбары прэзідэнта. Таму давядзецца патэнцыяльным кандыдатам да выбараў усё ж такі рыхтавацца”, — падкрэсліла яна.
“Калі яны будуць заяўляць аб сабе ў апошні дзень, як некаторыя да нас беглі ў апошні дзень прыёму дакументаў і ў 19.00, перад закрыццём дзвярэй літаральна, кідалі пакеты аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп — калі так ставіцца, то, зразумела, 100 тысяч — шмат. Калі рыхтавацца загадзя, рыхтаваць выбаршчыкаў да сваёй персоны, то, напэўна, 100 тысяч — ужо і нямнога”, — дадала старшыня Цэнтрвыбаркама.
Лідзія Ярмошына таксама заявіла, што агітацыя за байкот выбараў супярэчыць літары і духу закону.
“Лічыць магчымым і мэтазгодным вядзенне перадвыбарнай агітацыі, накіраванай на зрыў выбараў, — нонсэнс, гэта супярэчыць духу закону і літары закону. Выбары — гэта дарагое дзяржаўнае мерапрыемства, ад яго залежыць лёс краіны, і зрываць яго толькі таму, што выбары некаму не падабаюцца або не падабаецца спіс кандыдатаў, проста безадказна. Дзяржавы не павінны дапускаць такога”, — лічыць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Паводле яе слоў, раней у беларускім заканадаўстве была норма, якая прадугледжвала магчымасць вядзення агітацыі як за ўдзел у выбарах, так і супраць іх. “На гэты момант магчыма агітацыя толькі за ўдзел у выбарах або за канкрэтных кандыдатаў. Агітацыя, накіраваная на зрыў выбараў, гэта значыць на іх байкот, з’яўляецца незаконнай і можа карацца адміністрацыйнай адказнасцю. Калі кандыдаты (або іх давераныя асобы) будуць займацца такой агітацыяй, можна страціць нават рэгістрацыю кандыдата ў прэзідэнты. Гэта абсалютна правамерная норма”, — заўважыла Лідзія Ярмошына.
“Ды і само паняцце перадвыбарнай агітацыі прадугледжвае заклік да ўдзелу ў выбарах, галасавання за таго ці іншага кандыдата. Калі мы не можам прымушаць выбаршчыкаў удзельнічаць у выбарах (як робяць некаторыя цалкам развітыя дзяржавы, дзе ў адваротным выпадку людзі могуць панесці адміністрацыйную адказнасць), то, прынамсі, дзейнасць, накіраваную на зрыў выбараў, вядома, трэба спыняць”, — дадала старшыня ЦВК.