Паўнавартасна, цікава і з карысцю

- 13:26Навіны рэгіёнаў

Летнія канікулы — доўгачаканая пара яркіх уражанняў і цікавых падзей. Дзеці чакаюць ад канікул многага. І важна апраўдаць іх надзеі. Такога меркавання прытрымліваецца калектыў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска. Арганізоўваючы летняе аздараўленне, педагогі імкнуцца стварыць усе неабходныя ўмовы для асобаснага развіцця навучэнцаў, знайсці для іх разнастайныя формы адпачынку.

—Галоўнае ў арганізацыі якаснага летняга адпачынку дзяцей — скаардынаванасць намаганняў усіх службаў. Мы перакананы, што самая перспектыўная форма аздараўлення — профільныя лагеры. Дзеці не толькі адпачыва­юць, але і даведваюцца шмат новага і цікавага, рэалізуюць свае ўменні і навыкі ў тым напрамку, які ім сапраўды цікавы. Таму кожнае лета ў нашай установе функцыянуюць розныя летнікі па запытах навучэнцаў, — паведаміла загадчык аддзела тэхнічнай творчасці цэнтра Т.А.Кізатава.

Паводле яе слоў, штогод асаблівай папулярнасцю сярод юнакоў карыстаецца ваенна-патрыятычны лагер з кругласутачным знаходжаннем “Патрыёт”. Аздараўленне ў гэтым лагеры арганізуецца сумесна з кіраўніцтвам вайсковай часці 20392 і ўяўляе сабой адпачынак з армейскім каларытам.

— Неабходнасць падобнага летніка прадыктавана сацыяльна-эканамічнай і маральна-прававой сітуацыяй, якая склалася ў горадзе. Рост правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх, павелічэнне колькасці сем’яў сацыяльнай рызыкі прымусілі нашых педагогаў звярнуць увагу на гэтую праб­лему. Мы прыйшлі да думкі аб неабходнасці стварэння праграмы дапамогі падлеткам. У яе аснову лягла ідэя “сацыяльнага аазіса” — спецыяльна створаных умоў, якія дазваля­юць кожнаму самарэалізавацца. Унікаль­насць лагера — у прынцыпе яго камплектавання. Нароўні са звычайнымі падлеткамі ўдзельнікамі могуць стаць хлопцы, якія знаходзяцца ва ўмовах сямейнага недабрабыту ці стаяць на розных формах прафілактычнага ўліку. У лагеры мы вучым падлеткаў грамадзянска-патрыятычнай свядомасці, выхоўваем у іх вернасць Айчыне, фарміруем гатоўнасць да выканання свайго абавязку па абароне Радзімы, — патлумачыла Таццяна Аляксандраўна.

Сёлета ў “Патрыёце” прайшла адна аздараўленчая змена. Побыт трыццаці падлеткаў, якія тут адпачывалі, быў максімальна набліжаны да армейскага. Хлопцы жылі ў казарме, займаліся ўзмоцненай фізічнай падрыхтоўкай, падпарадкоўваліся распарадку і жалезнай дысцыпліне. Але лагерныя дні, вядома, адрозніваліся ад сапраўдных вайсковых. Яны былі насычаны рознымі экскурсіямі, спартыўнымі, забаўляльнымі мерапрыемствамі. Кожны дзень у летніку педагогі пастараліся зрабіць па-свойму цікавым і непадобным на папярэднія.

План работы лагера ўключаў у сябе самыя розныя формы дзейнасці. Гэта і конкурсна-гульнявыя праграмы, разборка і зборка аўтамата, заняткі па страявой падрыхтоўцы, шашкі і шахматы, дартс, гульнявыя віды спорту, заняткі з супрацоўнікамі вайсковай часці. Пасля абеду ў юнакоў праходзілі выхаваўчыя мерапрыемствы: конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, прагляды ваенна-патрыятычных відэаматэрыялаў і мастацкіх фільмаў.

— Знаходжанне ў “Патрыёце” дало навучэнцам магчымасць на практыцы пазнаёміцца з вайсковай службай, прывыкнуць да элементаў армейскага парадку, выпрацаваць практычныя навыкі і ўменні, неабходныя салдату. За перыяд адпачынку падлеткі фізічна і маральна падужэлі, атрымалі веды па курсе маладога байца. Нашы хлопцы не толькі з карысцю адпачылі, але і акунуліся ў сапраўдную школу мужнасці для будучых абаронцаў Айчыны, — адзначыла Т.А.Кізатава.

Вялікай цікавасцю сярод бабруйскіх школьнікаў карыстаўся таксама адпачынак у лагеры з дзённым знаходжаннем “Сузор’е”. Асаблівы попыт быў на аздараўленне ў другую змену, якая мела IT-ухіл і атрымала назву “Кішэня”. Назва сімвалічная. Педагогі пастараліся арганізаваць дзейнасць летніка такім чынам, каб на працягу ўсяго перыяду адпачынку дзеці змаглі атрымаць значныя веды і вопыт, якія яны змогуць забраць з сабой і ў патрэбны перыяд жыцця выкарыстоўваць, нібы дастаўшы іх з кішэні.

У аснову лягла эфектыўна пабудаваная сіс­тэма па самарэалізацыі асобы дзіцяці з мэтай фарміравання ў яго першасных практычных уменняў, якія ў будучыні могуць аказаць вялікі ўплыў на дапрофільнае навучанне і прафесійнае самавызначэнне. Разнапланавыя мерапрыемствы праграмы лагера давалі дзецям магчымасць паспрабаваць сябе ў мностве роляў, атрымаць велізарную коль­касць карысных ведаў у розных сферах дзейнасці.

— Праект праграмы лагера ствараўся з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей, іх інтарэсаў і патрэб, сацыяльных запытаў баць­коў. Асаблівая ўвага ўдзялялася пытанням псіхалагічнага здароўя вучняў, адэкватнага ўспрымання і ацэнкі імі інфармацыі. У праграме IT-змены былі рэалізаваны мерапрыем­ствы, звязаныя з асветніцкай работай па фарміраванні здаровага ладу жыцця, культуры бяспечнай жыццядзейнасці і адказных адносін да свайго здароўя. Арганізоўваліся гутаркі і гульнявыя сітуацыі, накіраваныя на прафілактыку распаўсюджвання COVID-19, — расказала Таццяна Аляксандраўна.

У “Кішэні” для дзяцей былі арганізаваны гутаркі і дзелавыя гульні з прадстаўнікамі розных прафесій і спецыяльнасцей у рамках мерапрыемстваў “Паспяховы госць”. Такія сустрэчы былі накіраваны на матывацыю дзяцей да прафесійнага самавызначэння і пашырэння ведаў аб прафесійнай дзейнасці ў сучасным свеце. Вялікую ўвагу ў лагеры ўдзялілі грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Педагогі арганізавалі для дзяцей квест-гульні “Ваенная таямніца”, “Мая малая радзіма”, інтэрактыўныя віктарыны, віртуальныя экскурсіі. Адным словам, адпачынак у “Кішэні” для 30 дзяцей быў распісаны літаральна па хвілінах. Зла­джаная работа педагогаў дазволіла хлопчыкам і дзяўчынкам у гульнявой форме атрымліваць новыя веды і вельмі цікава бавіць час.

— Значна, што на працягу ўсёй змены навучэнцы мелі магчымасць наведваць заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах “Робататэхніка” і “Асновы камп’ютарнай анімацыі”. Гэтыя курсы былі спецыяльна распрацаваны для летняй аздараўленчай кампаніі і пабудаваны на навучанні праграмаванню і анімацыі ў гульнявой форме, бо для лета гэта адзіны правільны падыход, які дазваляе раскрыць увесь патэнцыял дзіцяці. Па сутнасці, на занятках дзеці займаліся звыклай для сябе справай — гулялі, але пры гэтым яны рашалі складаныя задачы праграмавання або гейм-дызайну. Такі падыход быў выбраны невыпадкова, гэта работа на вынік, які натхніць дзіця і заахвоціць працягнуць атрымліваць веды падчас навучальнага года, — падкрэсліла Т.А.Кізатава.

Адметна, што педагогі цэнтра не забыліся і пра тых хлопцаў і дзяўчат, для якіх падчас адпачынку важна адчуць сувязь з прыродай. Для іх быў арганізаваны перасовачны палатачны лагер “Атлант”. ­Адзін з моцных бакоў гэтага летніка — адсут­насць прывязкі да стацыянарнай пляцоўкі. Мабільнасць дазваляе дзецям мяняць маршруты падарожжаў, арганізоўваць сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, падрабязна знаёміцца з гістарычнымі і прыроднымі адметнасцямі роднага краю. Асаблівасцю функцыянавання лагера ў гэтым годзе стала яго тэматыка. Выхавальнікі зрабілі ўпор на далучэнне навучэнцаў да спорту праз вывучэнне грэчаскай міфалогіі. Удзел у тэматычных спартыўных мерапрыемствах дазволіў дзецям не толькі стаць больш фізічна загартаванымі, але і развіў іх самастойнасць, ініцыятыўнасць, калектывізм.

…За мінулы час летніх канікул у разнастайных летніках Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска аздаравіліся 226 хлопчыкаў і дзяўчынак. Усе яны паўнавартасна, цікава і з карысцю адпачылі. Але лета працягваецца, таму ў падобным ключы пройдзе адпачынак і іншых жадаючых аздаравіцца ў гэтай навучальнай установе дзяцей.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.