Паўстагоддзя — дванаццатай…

- 14:50Навіны рэгіёнаў

А калі дакладней, то пяцьдзясят адзін год і сем месяцаў аддала Марыя Іосіфаўна Альфяровіч служэнню добраму і вечнаму ў 12-й гродзенскай школе. Нядаўна калегі павіншавалі яе з 70-годдзем і выказалі надзею на далейшае супрацоўніцтва.

Настаўнік… Музыкант… Калега… Шчаслівы і жыццярадасны чалавек. І ўзрост гэтаму не перашкода. Марыя Іосіфаўна — стыльная і абаяльная жанчына, кампетэнтны педагог, выхавальнік, настаўнік-метадыст, цудоўны музыкант, надзейны таварыш, паважаны чалавек. А яшчэ яна клапатлівая, любячая мама і бабуля, выдатная гаспадыня, дбайная дачніца, заўзятая тэатралка. Паўстагоддзя ў школе адзначаны найвышэйшай якасцю яе працы. Марыя Іосіфаўна — пераможца гарадскога конкурсу педагагічнага майстэрства, неаднаразова прызнавалася лепшым настаўнікам школы і класным кіраўніком, мае шмат ганаровых грамат. У 1989 годзе ёй прысвоена званне “настаўнік-метадыст”. У 1996 годзе Марыя Іосіфаўна ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Вучні Марыі Іосіфаўны — салісты, вакальныя групы і харавыя калектывы — адзначаны мноствам узнагарод рознага ўзроўню. Вопыт педагога пакладзены ў аснову некалькіх навуковых дысертацый. Створаны ёй кабінет музыкі на працягу 20 гадоў заставаўся лепшым у раёне. На яго базе ў 1990—2001 гадах праводзіліся рэспубліканскія конкурсы прафесійнага майстэрства навучэнцаў музычна-педагагічных каледжаў і вучылішчаў.

Больш за чвэрць стагоддзя Марыя Іосіфаўна су­праваджала педагагічную практыку як настаўнік музыкі і вучэбна-даследчую дзейнасць студэнтаў Гродзен­скага педагагічнага каледжа і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, рэцэнзавала дыпломныя работы, удзельнічала ў апрабацыі гіпотэз навуковых даследаванняў. Прымала ўдзел у мерапрыемствах Усесаюзнага педагагічнага савета “Блізкасць рускай, беларускай і ўкраінскай музыкі”.

Не раз даводзілася Марыі Іосіфаўне быць класным кіраўніком у самых цяжкіх класаў. І яна спраўлялася — у яе выхаванцаў  не назіралася ніводнага правапарушэння, пропуску без уважлівых прычын. А ўзамен яна атрымлівала высокую актыўнасць і ініцыятыўнасць у працоўных акцыях, паходах, конкурсах.

У родную школу педагог прывяла і абодвух сваіх сыноў, якім прывіла любоў да музыкі. Сёння яны прафесійныя  музыканты.

Добразычлівая, спагадлівая, адданая слову і справе, вельмі шчырая. Душэўнасць і дабрыню Марыі Іосіфаўны адчуваюць сённяшнія яе выхаванцы ў групе прадоўжанага дня, таму і бягуць насустрач з усмешкамі, дзеляцца сваімі сакрэтамі і праблемамі. А калегі часта звяртаюцца да настаўніцы па параду, імкнуцца браць з М.І.Альфяровіч прыклад і спа­дзяюцца на такое ж паспяховае прафесійнае даўгалецце.

Галіна БОГДАН,
настаўніца сярэдняй школы № 12 Гродна.