Паўстагоддзя пошуку і вынаходніцтваў

У Віцебску прайшла 49-я гарадская выстава дзіцячай тэхнічнай творчасці. Арганізатарамі мерапрыемства традыцыйна выступаюць аддзел па адукацыі гарвыканкама і Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Як падкрэсліла дырэктар установы Наталля Бальшакова, выстава штораз становіцца знакавай падзеяй на адукацыйнай прасторы, гэта са­праўднае свята і адначасова падвядзенне вынікаў велізарнай працы аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнай накіраванасці непасрэдна цэнтра, а таксама віцебскіх школ і гімназій: “Тэхнічная творчасць — гэта заўсёды палёт думкі і ўзоры майстэрства, прадчуванне будучыні і крок у заўтрашні дзень, выдатная магчымасць для дзяцей і моладзі прадэманстраваць свае ўменні і таленты, ажыццявіць уласную задуму і праявіць тэхнічную кемлівасць. Мы разглядаем гэтую выставу як складаны шматгранны інструмент, што ўключае ў сябе разнастайнасць форм, праектаў і мерапрыемстваў, нацэленых на развіццё тэхнічнай творчасці. Упэўнена: з тых хлопчыкаў і дзяўчынак, хто з такім захапленнем сёння займаецца тэхнічнай творчасцю, вырастуць выдатныя прафесіяналы — інжынеры, вучоныя, канструктары, дызайнеры — і натхнёнай працай праславяць наш любімы горад”. Сярод намінацый, дзе прадставілі свае работы юныя аўтары, — “Тэхнічнае мадэляванне”, “Архітэктурнае макетаванне”, “Пачатковае тэхнічнае мадэляванне”, “Фізічныя прыборы”, “Аўтамадэляванне”. Для навучэнцаў удзел у мерапрыемстве прэстыжны, а перамога — дзейсны стымул для далейшых заняткаў. Педагогам і метадыстам падобныя сустрэчы дазваляюць абмяняцца вопытам, параўнаць сваю дзейнасць з работай калег, каб вызначыць перспектывы далейшага развіцця. У гэтым годзе ўпершыню пляцоўкай правядзення выставы стаў Віцебскі філіял Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі.

Сапраўдную феерыю тэхналагічных навінак прадставілі аб’яднанні па інтарэсах аддзела тэхнічнай творчасці гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Працягваецца дызайнерскі бум вырабаў з гофракардону (аб’яднанні “Юны тэхнік” і “Фабрыка”, кіраўнікі Наталля Капанько і Ганна Вараб’ёва). Арыгінальныя работы з нечаканым спалучэннем дроту і мадэлей з пластыку, выкананых з дапамогай 3D-ручкі, падрыхтавалі навучэнцы аб’яднання “Майстар і Ко” (кіраўнік Наталля Раманава). Прыемна здзівілі фантастычныя робаты-насякомыя, зробленыя з пенаплексу з тэхнічным абсталяваннем (аб’яднанне Replikator, кіраўнік Яраслаў Сініца). А навучэнцы аб’яднання “Юны аніматар” (кіраўнік Таццяна Рукаль) з дапамогай платформ Vuforia і Unity разнастаілі і ўдасканалілі выставу тэхналогіямі дапоўненай рэальнасці. Падчас экскурсіі наведвальнікі мелі магчымасць з дапамогай планшэтаў і смартфонаў не толькі атрымаць карысную дадатковую інфармацыю, назіраць аб’екты дапоўненай рэальнасці, але і прайсці забаўляльны квест па выставе і паўдзельнічаць у інтэрактыўнай гульні-віктарыне “Славутыя вынаходнікі і вынаходніцтвы”, створанай на базе адукацыйнай платформы Kahoot.

— Амаль паўстагоддзя наша выстава аб’ядноўвае людзей неабыякавых да дзіцячай тэхнічнай творчасці: 49 гадоў — толькі ўдумайцеся ў гэтую лічбу! — падзялілася ўражаннямі метадыст аддзела Наталля Егунёва. — Многія з прысутных на адкрыцці прадстаўнікоў старэйшага пакалення яшчэ не нарадзіліся або былі дзецьмі, калі нашы калегі ўжо праводзілі ў Віцебску выставы тэхнічнай творчасці. Мяне часта запрашаюць на розныя сустрэчы, канферэнцыі і семінары ў Мінск, іншыя рэгіёны, і я пераканалася: наша выстава ўнікальная, адзіная такая ў краіне. Мерапрыемства па праве можна назваць брэндам нашай установы і горада. Прычым кожная з выстаў мае пэўную накіраванасць, непаўторнае аблічча. Сёлетняя — асабліва паказальная і важная для нас, бо экспанаты ствараліся ў няпростых умовах, на якія наклала адбітак пандэмія. Тым большая радасць бачыц­ь як пастаянных удзельнікаў, у ліку якіх юныя тэхнікі з сярэдняй школы № 25 (кіраўнік Ігар Аляксандравіч Баталка), сярэдняй школы № 44 (кіраўнік Вячаслаў Міхайлавіч Арэфін), гімназіі № 5 (кіраўнік Людміла Мікалаеўна Стасевіч), гімназіі № 3 (кіраўнік Сяргей Леані­давіч Зайцаў), гімназіі № 8 (кіраўнік Сяргей Анатольевіч Канафальскі), гімназіі № 9 (кіраўнік Віктар Міхайлавіч Шунькін), так і аўтараў-пачаткоўцаў. Значыць, традыцыі жыць і прырастаць новымі здабыткамі!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім гарадскім цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.