Паўстагоддзя ў галіне адукацыі і аздараўлення

- 11:28Выхаванне

Сёння Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” святкуе 50-годдзе. Пра тое, з якімі вынікамі цэнтр прыйшоў да юбілейнай даты і якія мэты ставіць перад сабой калектыў установы, мы размаўляем з дырэктарам цэнтра Надзеяй Генадзьеўнай АНУФРЫЕВАЙ.

— Надзея Генадзьеўна, адзначце, калі ласка, асноўныя вынікі шматгадовай працы цэнтра. Чым калектыў установы можа ганарыцца?

— Галоўным вынікам нашай работы з’яўляецца тое, што, нягледзячы на ўсе перыпетыі жыцця (за 50 гадоў у сувязі са зменамі ў грамадстве ўзнікалі розныя планы далейшага лёсу “Зубраняці”), цэнтр захаваўся як месца для развіцця, выхавання і адукацыі дзяцей.

У мінулым гэта быў лагер для піянерскага актыву, і мы цесна супрацоўнічалі з піянерскай арганізацыяй. Сёння ўсё памянялася, але сутнасць засталася. Любой краіне патрэбны актыў, у тым ліку і ў дзіцячым і падлеткавым асяроддзі, з якога потым вырастуць дастойныя кіраўнікі, спецыялісты, якія будуць рухаць наперад прамысловасць, навуку і творчыя сферы. Мы павялічылі колькасць дзяцей, якія зараз маюць магчымасць прыехаць да нас на працягу навучальнага года і падчас канікул. Зрабілі “Зубраня” сапраўды міжнародным цэнтрам — толькі гэтым летам гасцямі “Зубраняці” стануць прадстаўнікі 21 краіны. Да гэтага нам даручана прымаць дзяцей з 7 краін, якія наведваюць “Зубраня” па запрашэнні кіраўніка дзяржавы, тут з маладзёжным актывам сустракаюцца міністр адукацыі, супрацоўнікі галіновых устаноў, знакамітыя людзі Беларусі.

Мы змаглі выбудаваць сістэму кадравай работы: мала сабраць адораных дзяцей — трэба забяспечыць сістэму такімі педагогамі, якія змаглі б працаваць з гэтымі высокаматываванымі дзецьмі, выхоўваючы і захапляючы іх сваімі ведамі і сваім станоўчым прыкладам. Таму праводзім пільны адбор маладых спецыялістаў, якія прыяз­джаюць праца­ваць у “Зубраняці” па размеркаванні. Нехта з іх ужо спрабаваў сябе ў якасці валанцёраў, нехта, у дзяцінстве палюбіўшы “Зубраня”, па мэтавым размеркаванні паступае ва ўстановы вышэйшай адукацыі, каб потым вярнуцца сюды ў якасці педагога. Гэтаму вельмі спрыяюць меры, прынятыя на дзяржаўным узроў­ні, сярод якіх — істотныя даплаты маладым спецыялістам. Дзякуючы гэтаму, нашы важатыя атрымліваюць дастойную заработную плату.

Належным чынам у нас уладкаваны і побыт супрацоўнікаў: важатыя жывуць у добраўпарадкаваным інтэрнаце, маюць аптымальны рабочы графік і поўны сацыяльны пакет, таксама мы як наймальнік кампенсуем 50% кошту харчавання педагогаў. На тэрыторыі цэнтра і непасрэдна ў інтэрнаце працуюць некалькі магазінаў, аптэка. Педагогі могуць карыстацца аб’ектамі бытавога абслугоўвання (цырульня, манікюрны кабінет), бясплатна наведваць лазню і басейн. Некалькі разоў у дзень у курортны пасёлак Нарач і Мядзел, дзе жыве частка супрацоўнікаў, ходзіць службовы аўтобус.

Ёсць магчымасць выязджаць на культуралагічную практыку перад спецыялізаванымі зменамі, каб быць дасведчаным у той галіне, па якой прыйдзецца працаваць з дзецьмі. Рэгулярна выязджаем на культурныя мерапрыемствы рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, такія як “Славянскі базар у Віцебску”, цырымоніі адкрыцця і закрыцця Еўрапейскіх гульняў, арганізоўваем наведванні тэатраў. Важатыя ўдзельнічаюць у праграмах абмену, суправаджаючы дзяцей у цэнтры-пабрацімы і замежныя паездкі. Усё гэта робіць работу ў “Зубраняці” вельмі прывабнай.

— Што за гэты час памянялася ў фінансаванні цэнтра і што дазваляе “Зубраняці” стабільна нарошчваць матэрыяльную базу?

— Безумоўна, вельмі важным дасягненнем з’яўляецца стварэнне трывалай матэрыяльна-тэхнічнай базы. Сёння ў нас ёсць усё і для работы персаналу цэнтра, і для жыцця дзяцей. Створаны цудоўныя ўмовы ў спальных карпусах, а па колькасці камп’ютараў мы, відаць, пераўзыхо­дзім многія ўстановы адукацыі. У вучэбным працэсе выкарыстоўваюцца мультыборды, камп’ютары рознай канфігурацыі і прызначэння, лінгафонныя кабінеты, размнажальная тэхніка. Працуюць аснашчаныя па найвышэйшых стандартах лабараторыі, дзе дзеці могуць вывучаць прадметы прыродазнаўчага цыкла на паглыбленым узроўні, павысіўшы працэнт практычнай падрыхтоўкі.

Грашовыя нормы сродкаў на харчаванне поўнасцю пакрываюць натуральныя нормы харчавання. Дзякуючы гэтаму, дзеці забяспечаны збалансаваным пяціразовым харчаваннем з садавіной, сокамі, а часам і з ласункамі.

Дзяржава дала нам магчымасць самім зарабляць сродкі. І як кіраўнік я магу ска­заць, што сёння суадносіны бюджэтнага і пазабюджэтнага фінансавання цэнтра 50/50 (трэба мець на ўвазе, што да пачатку 2000-х НДЦ “Зубраня” фінансаваўся толькі з бюджэту). Сёння мы маем свае сродкі, якія накопліваюцца ад дзейнасці, якая прыносіць даход: гэта не толькі грошы ад продажу пуцёвак на дадатковыя месцы, але і паслугі пральні, ксеракапіравання і фатаграфавання, утрымання магазінаў і пунктаў аказання бытавых паслуг. Значныя сродкі мы эканомім за кошт таго, што пасля набыцця спецыяльнага абсталявання не звяртаемся да пабочных арганізацый для атрымання шэрага патрэбных нам паслуг: самі вырабляем гальштукі, значкі, друкуем банеры. Пасля рэканструкцыі медыцынскай часткі мы разгарнулі шырокую сетку платных медыцынскіх паслуг, якія выхо­дзяць за межы тых, што фінансуюцца з бюджэту: аказанне паслуг па падтрыманні здароўя і ўмацаванні дзіцячага імунітэту праз аздараўленчыя працэдуры, умацаванне паставы, распрацаваны праграмы для дзяцей, у якіх праблемы з верхнімі дыхальнымі шляхамі.

Акрамя медыцынскіх праграм, на ўмацаванне дзіцячага здароўя можа ўплываць вялікая рухальная актыўнасць, рацыянальнае харчаванне, пітны рэжым і, безумоўна, натуральныя прыродныя фактары: мы жывём у сасновым лесе і пастаянна дыхаем фітанцыдамі, на тэрыторыі шмат ядлоўцу, які расце ў натуральных умовах і ўзмацняе аздараўленчы эфект прыроды.

Большая частка будаўнічых работ выконвалася за бюджэтныя сродкі: Палац дзіцячай творчасці, стадыён. Капітальны рамонт школы быў зроблены за кошт сродкаў рэспубліканскага суботніка, таму я заў­сёды кажу, што тут, у “Зубраняці”, ёсць грошы, заробленыя кожным з нас.

А вось лагер “Вясёлкавы” пабудаваны за пазабюджэтныя сродкі, як і “Зубраняцкія дачы”. Большасць дробных элементаў добраўпарадкавання (лаўкі, сметніцы, малыя дэкаратыўныя формы) рабілася за кошт сродкаў, якія мы зарабілі самі. Шмат што робім сваімі рукамі: фотавыставы, афармленне кабінетаў у школе і ў Палацы дзіцячай творчасці, самі штогод вырошчваем 70 тысяч каліваў расады кветак.

— Наколькі эфектыўнай з’яўляецца дзейнасць “Зубраняці” ў якасці метадычнага цэнтра па аздараўленні?

— З 2009 года мы ўзялі на сябе новую для нашага калектыву функцыю метадычнага суправаджэння дзіцячых аздараўленчых летнікаў і цэнтраў. Мы назапашваем педагагічны вопыт, абагульняем яго і трансліруем на ўсю краіну, аддаючы перавагу інавацыйным формам арганізацыі часу. Штогод мы праводзім фестывалі аздараўленчых лагераў, навукова-метадычныя канферэнцыі, на якія запрашаем практыкаў і навукоўцаў, стварылі савет дырэктараў выхаваўча-аздараўленчых устаноў. Самае галоўнае — па нашай ініцыятыве на заканадаўчым узроўні выхаваўча-аздараўленчыя ўстановы прызналі асобным відам устаноў адукацыі нароўні з дашкольнай, агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыяй. Сёння ў нашай краіне штогод працуюць 4,5 тысячы летнікаў, у якіх праходзяць аздараўленне 38 тысяч дзяцей. І куды б ні прыехалі для аказання метадычнай дапамогі, бачым свае метадычныя распрацоўкі, якія рэалізоўваюцца ў рабоце летнікаў.

— Як развіваецца сацыяльнае партнёрства цэнтра?

— Развітае сацыяльнае партнёрства — гэта яшчэ адзін важны вынік нашай працы. Тут у свой час пабывалі славутыя пісьменнікі і кампазітары, касманаўты і навукоўцы, спартсмены і музыканты. Мы падтрымліваем гэтую традыцыю сацыяльнага партнёрства. Знакамітыя асобы Беларусі з абсалютна розных сфер сустракаюцца з дзецьмі, каб перадаць свой жыццёвы вопыт, каб іх узор дапамог выхаванцам “Зубраняці” ў прафарыентацыі. Менавіта гэтай тэме прысвечана і навукова-практычная канферэнцыя, што праходзіць у цэнтры падчас юбілейных урачыстасцей, дзе будуць падведзены вынікі сацыяльнага партнёрства за 50 гадоў працы.

Падчас юбілейных урачыстасцей пройдзе “Лідар-форум” сумесна з фондам ЮНІСЕФ, фестываль творчых калектываў Беларусі і Расіі “Дзве краіны — адзін лёс”, адбудзецца фестываль летнікаў Беларусі “Зубренка голос звонкий”.

— Сёння шмат гавораць пра бяспеку дзяцей падчас адпачынку. Што робіцца ў вашай установе ў гэтым плане?

— У нас усё адбываецца па раскладзе, і многія лічаць, што мы пазбаўляем дзяцей свабоды. Але любая свабода — гэта ў першую чаргу арганізаванасць. У нас заўсёды пазначана, дзе ў пэўны момант часу кожны атрад павінен знаходзіцца, таму кожнае дзіця за змену можа пабываць усюды і паспрабаваць сябе ў розных забавах і творчасці або наведаць тарзан-парк, памыцца ў лазні ці паплаваць у басейне… З іншага боку, гэта размежаванне адказнасці: у басейне за дзяцей адказвае спартыўны інструктар, у школе — настаўнік, на занятках гурткоў — кіраўнікі гурткоў, а ў астатні час — важаты.

Важна таксама сказаць пра харчовую бяспеку. У нас укаранёна сістэма ХАССП (НАССР — Hazard Analysis and Critical Control Points) — сістэма кіравання бяспекай харчовых прадуктаў, дзякуючы якой мы адсочваем рух харчовых прадуктаў і абсталявання, якое выкарыстоўваецца для гатавання ежы.

Таксама важна сачыць за маральнай бяспекай: каб не было дрэннага ўплыву, каб мы не тыражавалі нецэнзурную лексіку, каб мы не распаўсюджвалі ідэі, якія могуць аказаць уплыў на дзіця. А супрацоўнікі міліцыі, якія дзяжураць на тэрыторыі, адказваюць за грамадскую бяспеку.

Намаганні прыкладаюцца і да выхавання экалагічнай бяспекі як у дзяцей, так і ў дарослых.

— На што, на вашу думку, найперш трэба скіраваць увагу, каб НДЦ “Зубраня” ўтрымліваў такі ўзровень і заўсёды заставаўся сучасным?

— Найперш трэба мець разумную каманду, якая будзе бачыць перспектывы. Усе людзі розныя, і таму некага, магчыма, трэба падпіхнуць, а некага — зматываваць, а для гэтага павінна быць каманда нераўнадушных людзей. А што рабіць для гэтага? Крочыць побач з сістэмай адукацыі.

Трэба пастаянна падтрымліваць узровень матэматычнай, хімічнай, фізічнай адукацыі, каб сістэма не стаяла на месцы і развівалася. Трэба выхоўваць наступныя пакаленні людзей, якія змогуць стварыць тыя даброты, якія не стварылі папярэднія. Зніжаць гэты ўзровень нельга: грамадству патрэбны прафесіі, якія ствараюць матэрыяльныя рэчы. Менавіта таму ў нас узнік лабараторны комплекс “Юніёр плюс”, сталі актыўна выкарыстоўваць летнія школы з інтэнсіўным пагружэннем у канкрэтныя школьныя прадметы, укараняем тэхналогію цьютарства — калі дзяцей навучыць вучыцца, яны могуць асвоіць вельмі многае.

Асабліва востра зараз паўстала праблема сацыялізацыі дзяцей. З гэтай прычыны ў “Зубраняці” з’явіўся “Лідар-клуб”, які працуе па тэхналогіі “роўны вучыць роўнага”, задачай якога з’яўляецца навучыць эфектыўным зносінам з аднагодкамі і даць магчымасць потым вучыць гэтаму сваіх сяброў. Сапраўды, самыя лепшыя веды — гэта тыя, якія ты здабыў сам і якія потым трансліраваў іншым.

З гэтага года пачне працаваць эксперыментальная пляцоўка па рабоце з дзецьмі-інвалідамі. Два гады мы распрацоўвалі тэарэтычную базу, рыхтавалі адпаведны персанал, уладкоўвалі безбар’ернае асяроддзе.

Безумоўна, у матэрыяльным плане нам было б нядрэнна мець спартыўна-культурны цэнтр для правядзення спартыўных мерапрыемстваў, дыскатэк і шоу-праграм. У генеральным плане развіцця цэнтра такі аб’ект закладзены. Ужо наспела патрэба ў другім інтэрнаце, каб важатыя маглі жыць не па двое, як зараз, а па адным у пакоі.

У найбліжэйшы час у “Зубраняці” з’явіцца дэманстрацыйны разумны экалагічны дом. Гэты праект рэалізоўваецца сумесна з ПРААН і накіраваны на маніторынг навакольнага асяроддзя. Можна шмат расказ­ваць, што трэба берагчы прыроду і выкарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, але лепш гэта ўбачыць: як на практыцы працуюць сонечныя батарэі, цеплавыя помпы і іншае экалагічнае абсталяванне. Гэта будзе двухпавярховы будынак, у якім на першым паверсе размесціцца экалагічная лабараторыя (у нас ужо ёсць вопыт правядзення экалагічных даследаванняў па вызначэнні чысціні паветра і глебы, якасці прадуктаў і пітной вады), а на другім — цэнтр экалагічнай асветы. Дзіця павінна азнаёміцца з гэтым і на­быць жаданне ў будучыні пабуда­ваць сабе такі самы разумны экалагічны дом.

Вельмі вялікая работа вядзецца з аналагічнымі з нашым цэнтрамі ў Расіі (“Артэк”, “Арляня”, “Люстраны”, “Акіян”), Украіне (“Маладая гвардыя”) і Казахстане (“Балдаўрэн”). На працягу многіх гадоў мы возім у “Арляня” пераможцаў шматлікіх рэспубліканскіх конкурсаў, якія праходзяць у “Зубраняці”, таксама накіроўваем туды сваіх важатых. Нядаўна нашы важатыя прымалі ўдзел у змене “Масты сяброўства” ў цэнтры “Арляня”. Мы праводзім разам з імі Skypе-канферэнцыі, яны прыязджаюць да нас на конкурс гульнявых праектаў “Гуляюць дзеці — гуляем мы”. А падчас юбілейных урачыстасцей будуць падпісаны пагадненні з гэтымі цэнтрамі аб супрацоўніцтве — мы атрымаем статус цэнтраў-пабрацімаў.

Задач шмат, іх ставіць жыццё. Мы працуем на аснове дзяржаўнага заказу, рэалізоўваючы мэты, якія ставіць час і грамад­ства. І для нас вельмі важна, што нашы дасягненні адзначаны на дзяржаўным узроў­ні: у 2015 годзе цэнтр стаў лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне”, а сёлета ўзнагароджаны Ганаровым дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь. Такія высокія ўзнагароды — пацвярджэнне таго, што наша праца заўважана і ацэнена. І ў гэтым поспеху ёсць уклад кожнага супрацоўніка.Але такія высокія ўзнагароды абавязваюць знаходзіцца ў пастаянным пошуку, не спыняцца на дасягнутым.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.