Павага — пераможцам і іх настаўнікам

- 14:16Навіны рэгіёнаў

Пераможцы і прызёры трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах адзначаны стыпендыямі Гродзенскага гарвыканкама. 115 навучэнцаў і 85 настаўнікаў атрымалі пасведчанні стыпендыятаў і грашовыя прэміі.

На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі юныя таленты і іх бацькі, настаўнікі, якія падрыхтавалі вучняў да паспяховага ўдзелу ў алімпіядзе. Стыпендыятаў віталі старшыня Гродзенскага гарсавета Анатоль Нікіцін, намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Сяргей Ламека, першы сакратар Гродзенскага гаркама БРСМ Эліна Брага.
Усяго ў Гродне прынялі ўдзел у першым этапе алімпіяды 1600 навучэнцаў, 115 з іх паказалі выдатныя вынікі на трэцім этапе. За высокія дасягненні вучні атрымалі грашовыя стыпендыі ў памеры шасці базавых велічынь за 1 месца, у памеры чатырох і трох базавых велічынь адпаведна за 2 і 3 месца.
Апладысментамі стоячы віталі навучэнцы сваіх настаўнікаў, без якіх іх поспех быў бы немагчымым. 12, 8 і 6 базавых велічынь — такія стыпендыі былі прызначаны гарвыканкамам педагогам за падрыхтоўку вучняў, якія занялі 1, 2 і 3 месца. А калі пераможцамі сталі некалькі вучняў настаўніка, то грошы падсумоўваліся. Так, 7—8 млн рублёў атрымалі настаўнікі фізікі Іван Мухін з гімназіі № 1 імя Я.Ф.Карскага і Аляксей Кавалевіч з Гродзенскай гарадской гімназіі. Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе вучні Гродна паказалі высокія вынікі ў алімпіядзе па фізіцы. Яны атрымалі 19 дыпломаў, сярод якіх 4 — І ступені, а таксама па 7 дыпломаў па астраноміі, з якіх 3 — І ступені.
Як паведаміў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Сяргей Ламека, такая форма падтрымкі ажыццяўляецца з 2012 года. На гэтыя мэты ў 2015 годзе выдаткавана амаль 303 млн рублёў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.