Павел ХАРЛАНЧУК: “Галоўнае для артыста — быць асобай!”

Герой сённяшняга выпуску праекта “Мая школа” ўжо з’яўляўся на старонках “Настаўніцкай”. У кастрычніку 2014 года мы пісалі пра яго сям’ю, якая прадстаўляла Мінскую вобласць у фінале ІІ Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” і ў выніку заняла ганаровае трэцяе месца. Сёння пра школу, тэатр і дзяцей мы гутарым з вядомым акцёрам тэатра і кіно, рэжысёрам, уладальнікам Нацыянальнай тэатральнай прэміі за лепшую мужчынскую ролю Паўлам ХАРЛАНЧУКОМ.

— Павел, з чым асацыіруецца ў вас слова “школа”?

— Калі я гавару пра школу, найперш успамінаю менавіта школьныя гады. І, зразумела, прыгадваю тую ўстанову, дзе вучыўся ўсе 11 гадоў, — сярэднюю школу № 2 Навабеліцкага раёна Гомеля.

Са школай звязана вельмі шмат успамінаў рознага кшталту: і сябры, і настаўнікі, і словы, якія засталіся ў памяці на ўсё жыццё, і шэраг адкрыццяў…

Вельмі добра запомніўся дзень, калі нас прымалі ў піянеры. У той дзень тата даў мне чатыры “пятнашкі” (манеты па 15 капеек) і мы з сябрамі пайшлі ў парк. І калі я толькі збіраўся пагуляць у аўтаматы (памятаеце, былі такія: марскі бой, гонкі і інш.), да мяне падышлі мясцовыя хуліганы і адабралі грошы (я нават пагуляць не паспеў). Пакрыўджаны, я паскардзіўся тату, і была ажыццёўлена цэлая аперацыя па затрыманні тых хуліганаў. Мы ішлі па паралельных сцежках: па адной — я, а па другой — бацька і міліцыянер. І калі я паказаў на таго хулігана, пачалася сапраўдная пагоня: наперадзе бег не зусім спартыўнага выгляду мой тата, за ім — міліцыянер, прытрымліваючы фуражку і кабуру. Потым успамінаецца, як той злодзей прасіў: “Дзядзечка, адпусціце, я больш так не буду!” і як на друкарскай машынцы пісалі пратакол затрымання…

— Каго з настаўнікаў памятаеце?

— Добра запомніўся наш класны кіраўнік, які ўзяў нас у 5 класе і давёў да самага выпуску, — Іван Міхайлавіч Лукашэнка, які да таго ж выкладаў у нас рускую мову і літаратуру. Апантаны і захоплены сваім прадметам, ён быў вельмі справядлівым, усе лічылі яго барацьбітом за праўду. Мы, як і ўсе школьнікі, выдумлялі настаўнікам мянушкі і свайго класнага кіраўніка называлі не інакш як Івашка. У Івана Міхайлавіча была вельмі цікавая асаблівасць: ён любіў ужываць у размове кароткія выклічнікі. Звяртаючыся да нас і задаючы пытанне, любіў гаварыць: “Я правільна кажу?” “Так,” — адказвалі мы. “О!” — коратка і гучна вымаўляў ён.

З яго асобай у мяне звязаны два эпізоды, калі Іван Міхайлавіч сапраўды адкрыўся па-новаму, з незвычайнага боку. Неяк на ўрок я рыхтаваў даклад па творчасці Горкага, а пасля мы разам разважалі “па матывах” маёй работы. І раптам настаўнік запытаў: “Ці хацеў Горкі рэвалюцыю?” “Не,” — адказаў я. “Сядай, “пяць”!” — рэзюмаваў класны.

Другі момант таксама быў звязаны з літаратурай. Думаю, усе памятаюць, як у школе пісалі сачыненні: адно ў аднаго падгледзелі, крыху перарабілі і запісалі сваімі словамі. (Смяецца.)

Дык вось, на дом задалі напісаць сачыненне на тэму “Ці пайшлі б вы сёння ў тэатр?”. Па-першае, я не разумеў, навошта каму такое сачыненне, а па-другое, у мяне ўжо на той час гандляры не асацыіраваліся з элітай грамадства (а гэта быў вельмі складаны час — пачатак 90-х гадоў, усіх тады больш цікавілі матэрыяльныя даброты, а не культура). Таму свае развагі я пабудаваў на супрацьпастаўленні тэатра і рынку, дадаўшы ў тэкст пару-тройку лаянкавых ненарматыўных слоў, і напісаў, што пайшоў бы ў тэатр, нават калі туды ніхто не пойдзе.

І вось настаў дзень выстаўлення адзнак за работу. Я не чакаў нічога добрага. Іван Міхайлавіч зайшоў у клас і стаў раздаваць сшыткі з праверанымі сачыненнямі. І тут раптам чую: “Харланчук, да дошкі!” Настаўнік дае мне мой сшытак і кажа: “Чытай уголас!” Я пачырванеў і расхваляваўся, разумеючы, што можа здарыцца. Стаў чытаць, і па меры набліжэння да тых самых дзёрзкіх слоў мне станавілася не па сабе, але я не спыніўся і дайшоў да канца тэксту. Чакаючы рэакцыі настаўніка, быў здзіўлены і ўражаны. “Харланчук — малайчына, таму што ён не спісаў, а выказаў у сачыненні свае думкі. Вось так і трэба!” Сапраўды, гэта для мяне было вельмі важна: ён адзначыў, што я ўсё напісаў сам, і наўмысна “не заўважыў” ненарматыўную лексіку ў тэксце. Так у маю яшчэ дзіцячую галаву заклалі пастулат, што кожны павінен мець сваю думку і выказваць яе.

Са школьных педагогаў таксама памятаю настаўніцу матэматыкі Ніну Маркаўну, якая ў роспачы часам называла нас “туркамі ў чырвоных шапках”. Беларускую мову выкладала Ніна Савасцеева (на жаль, не памятаю яе імя па бацьку), якая з-за прозвішча атрымала мянушку Сава і ад якой мы нярэдка чулі словы “абібок” і “гультай”. Грамадазнаўства ў нас пэўны час вёў Цыркуль (толькі праз некаторы час я даведаўся, чаму яго так называлі: праходзячы паміж радамі падчас урока, ён у канцы праходу любіў разварочвацца на адной назе, як цыркуль).

Нельга забыць яшчэ фізрука Васіля Міхайлавіча, які да таго ж быў нашым суседам. Таксама памятаю трэнера школьнай баскетбольнай каманды, які вучыў нас нават нейкім тактычным прыёмам.

У нашай школе былі два настаўнікі па працоўным навучанні: малады і крыху старэйшы. На ўроках працы мы збівалі латкі для хлеба. І праз ляскат малаткоў Віктар Карпавіч — яму было пад семдзесят — пачуў, што я занадта разняволіўся і стаў гарэзнічаць. І вось я лаўлю на сабе яго позірк… Усталявалася цішыня, і я стаў адчуваць, што зараз здарыцца нешта непрыемнае. Ён павольна падышоў, лёгенька ўзяў мяне за край вуха і ледзь-ледзь стаў яго тузаць, прыгаворваючы: “Будзеш яшчэ?” Ад гэтай дабрыні (за тое, што ён не адарваў мне вуха) я крыху збянтэжыўся, але больш ніколі на яго ўроках не гарэзнічаў.

З другім настаўнікам працы быў больш смешны выпадак. На ўроку мы з сябрам працавалі на дрэваапрацоўчым станку — габлявалі дошкі. Я падаваў дошкі ў станок, а сябар прымаў іх. Пэўны час так папрацаваўшы, мы засумавалі і вырашылі засунуць у станок больш тоўстую мэблевую пліту, што ляжала побач. І як толькі я стаў запіхваць яе, станок “тук!” — і спыніўся. Мы не ведалі, што рабіць. І, як на злосць, настаўніку ў гэты момант спатрэбілася прыйсці ў нашу майстэрню. Мы зрабілі выгляд, што ўсё працуе: я нібыта засоўваў негабляваную дошку, сябар рабіў выгляд, што выцягвае апрацаваную. Пры гэтым мы гудзелі ротам, імітуючы гук станка. Самае цікавае, што — о, цуд! — настаўнік нават галаву не павярнуў у наш бок. Відаць, усё выглядала вельмі натуральна. (Смяецца.)

Таксама сваімі амаль школьнымі настаўнікамі магу назваць маці і бабулю. І маці Жанна Паўлаўна, і бабуля Марыя Піліпаўна ўсё жыццё працавалі настаўніцамі рускай мовы і літаратуры. Маці ўвесь час была занята, і я не раз дапамагаў ёй правяраць сшыткі яе вучняў — выхаванцаў школы-інтэрната для дзяцей-сірот. Бабуля ж, прыязджаючы да нас з Сумаў (Украіна), кожны дзень арганізоўвала заняткі: мы разам з суседскімі дзецьмі пісалі дыктоўкі.

— Ці бываеце ў сваёй школе?

— На жаль, я не падтрымліваю адносіны са школай. Аднойчы ў лютым мяне запрасілі на вечар сустрэчы з выпускнікамі, але з-за шчыльнага графіка вырвацца я не змог. Канечне, у Гомель я прызджаю, але ў школу зайсці папросту не было часу. А вось з аднакласнікамі па магчымасці імкнуся быць на сувязі.

— Чым займаліся акрамя школы?

— Мая вучоба праходзіла ў дзвюх установах. Найперш гэта была, бясспрэчна, школа. Амаль увесь вольны час займалі заняткі ў дзіцячым эксперыментальным тэатры “Сінтэз”, які працаваў у Доме культуры фанера-запалкавага камбіната. Будынкі школы і ДК размяшчаліся вельмі блізка, таму адразу пасля школы я штодня бег туды.

У той час кіраўнікі гурткоў хадзілі па класах і агітавалі запісацца да іх. Калі я вучыўся ў 3 класе, да нас завітаў Валерый Пятровіч Курдзюмаў, які набіраў групу для лялечнага тэатра. Ідэя шмат каму спадабалася, і да яго прыйшлі больш за 100 чалавек. Для лялечнага тэатра гэта было вельмі многа, таму ён вырашыў стварыць тэатральны калектыў, у якім спалучаліся і лялечны, і драматычны напрамкі, і пластыка, і харэаграфія. Праз некаторы час нас засталося 60 чалавек, а асноўная “баявая” група налічвала каля 30 чалавек.

На прэм’еры тэатра — спектаклі “Муха-цакатуха” — я выконваў сваю першую ролю: Таракана — аднаго з гасцей Мухі на чаяванні. Акрамя гэтага, чытаў тэкст ад аўтара. Тады я не выгаворваў гукі [л] і мяккі [р], і гэта выглядала крыху смешна.

Першая паездка з тэатрам была ў Чарапавец на Рыбінскае вадасховішча ў піянерскі лагер. А пазней першыя замежныя гастролі былі ў Галандыі, куды мы з тэатрам паехалі па чарнобыльскай праграме. Мы жылі (пра гэта я даведаўся значна пазней) у сем’ях членаў Міжнароднай няўрадавай дабрачыннай арганізацыі “Ротары”.

Спецыяльна для гэтай паездкі вывучылі “Муху-цакатуху” на англійскай мове. З намі спецыяльна працавала настаўніца англійскай мовы. Так што англійскую я вучыў з дзвюма настаўніцамі — у школе і ў тэатры. І база, якую ў мяне заклалі ў тыя часы, засталася да гэтага часу. Я і зараз, як сабака, усё разумею, але сказаць не магу. (Смяецца.) Канечне, трэба было б пахадзіць на нейкія курсы, каб усё аднавіць, але не вымагае знайсці вольнага часу на гэта.

— Ці існавалі для вас варыянты прафесійнага выбару пасля заканчэння школы?

— Варыянтаў для выбару асабліва не было. Выпускаючыся, я проста не ведаў, куды паступаць. Маці раіла ісці па стаматалагічным профілі, але менавіта ў гэты час да яе ў школу прыйшоў тагачасны мастацкі кіраўнік Гомельскага драматычнага тэатра Уладзімір Аляксандравіч Караткевіч, які набіраў маладзёжную студыю.

У дзяцінстве суседка пра мяне нагаварыла, што я буду шкоднікам, і маці чамусьці пагадзілася з гэтым меркаваннем. І калі я пэўны час не хадзіў у дзіцячы садок, выхавальніца, убачыўшы матулю, запыталася, чаму мяне не прыводзяць. Маці была вельмі здзіўлена, што я, як аказалася, быў галоўным памочнікам выхавальніцы ва ўсім.

Традыцыйна з недаверам маці параіла: “Ідзі, Паша, правер, ці ёсць у цябе сякі-такі талент…” І была крыху здзіўлена, што мяне пасля праслухоўвання залічылі ў студыю. Потым разам з усёй студыяй мы паступілі ў акадэмію мастацтваў на курс Уладзіміра Андрэевіча Мішчанчука, да якога потым далучылася яго жонка, Людміла Пятроўна Кучарэнка. Асноўныя заняткі ў нас праходзілі ў Гомелі (амаль усе прадметы выкладалі мясцовыя артысты і выкладчыкі), а на сесію мы прыязджалі ў Мінск — атрымлівалася вочна-завочная форма навучання. Паралельна мы ўключаліся ва ўсе тэатральныя працэсы і пачыналі іграць невялікія ролі.

Так у 17 гадоў я трапіў у прафесійнае тэатральнае асяроддзе. Так што зараз у мяне ужо больш як 20 гадоў службы ў тэатры.
— А калі б не ўзялі?

— Відаць, тады б стаў стаматолагам, як гэтага хацела маці. І, думаю, быў бы нядрэнным спецыялістам. У душы я лялечнік — люблю пакорпацца ў дробных рэчах. Думаю, і ў зубах мне б было цікава калупацца. (Смяецца.)

Я сам асабліва не выбіраў, бо ў 90-я гады выбару практычна не было. Нават тое, што з 3 класа і да выпуску я займаўся ў тэатральным гуртку, зусім не азначала, што я стану артыстам.

— Вы сказалі, што ў дзяцінстве не выгаворвалі некалькі гукаў. Думаю, нашым чытачам было б цікава даведацца, як вы справіліся з гэтым.

— Сёння некаторыя лёгкія дэфекты маўлення нават разглядаюцца як нейкі артыстычны шарм. Раней стандарты былі больш жорсткія.

Бацькі доўга вазіліся са мной, вадзілі на заняткі да лагапедаў, якія прапаноўвалі шмат варыянтаў выпраўлення, але ўсё выправілася амаль само сабой. Разам з бацькамі неяк мы паехалі на адпачынак у Алупку. Жылі на самым версе (бо там жыллё было таннейшым). Побач з намі наймала пакой жанчына-лагапед. Кожную раніцу мы з ёй сустракаліся, і кожны раз, як яна чула мае няправільныя гукі, даволі строга, без сюсюканняў, папраўляла мяне: “Што за лянота? Ану хуценька паставіў язык на месца!” Так працягвалася ўвесь час, колькі мы там адпачывалі. І менавіта тады я змог выправіць хібы свайго маўлення.
— Павел, каго вы можаце назваць сваімі настаўнікамі ў прафесіі?

— Безумоўна, гэта Валерый Пятровіч Курдзюмаў, Уладзімір Аляксандравіч Караткевіч, усе артысты, з якімі я працаваў у тэатры, — нават не буду асобна выдзяляць, бо прыйдзецца назваць усю трупу Гомельскага драматычнага тэатра.

Магу назваць адным са сваіх настаўнікаў акцёра, рэжысёра, заслужанага артыста Украіны Андрэя Рэнатавіча Бакірава, які зараз працуе ў Чарнігаве. Пасля работы з ім я стаў разумець, наколькі цяжкая праца рэжысёра. Сярод людзей, якія паўплывалі на мяне, назаву яшчэ Зміцера Бейнарт-Саладуху, за работай якога я назіраў падчас падрыхтоўкі спектакля. Канечне, сярод людзей, якія навучылі прафесіі, — кіраўнікі нашага курса Уладзімір Мішчанчук і Людміла Кучарэнка, знакаміты дыктар Ілья Курган. Пазней давялося вучыцца на курсе Барыса Іванавіча Луцэнкі, які меў своеасаблівы падыход да работы з акцёрамі, а потым і працаваць з ім. На кожным этапе было што ўзяць ад кожнага чалавека.

З сённяшніх калег — цэлы россып дыяментаў сцэны: Віктар Манаеў, Зоя Белахвосцік, Генадзь Гарбук, Генадзь Аўсяннікаў і шмат іншых… І ў гэтых людзей ёсць чаму павучыцца. Самае галоўнае для артыста — быць асобай.

— Адразу пасля атрымання акцёрскай прафесіі вы пайшлі вучыцца на рэжысёра. Зразумелі, што можаце больш?

— Як ні дзіўна, гэта таксама адбылося амаль выпадкова. Падчас навучання былі заданні самастойна паставіць урывак з драматычнага твора. Свае заданні выконваў ці самастойна, ці разам з аднакурснікам Андрэем Каракам. І вось аднойчы мне прапанавалі паставіць частку з “Тарцюфа” разам з усім курсам. Пасля ўдалай пастаноўкі Людміла Пятроўна параіла мне пайсці на рэжысуру. Падтрымала і маці.

Мне гэтае рашэнне далося даволі складана. Трэба было пераязджаць у Мінск (на той час я працаваў у Гомелі), але вагаўся, бо адчуваў адданасць сваім сябрам і тэатру, які вырасціў мяне. Тады я вырашыў звярнуцца да Бакірава, які ў той час працаваў разам з намі. І ён адказаў: “Паедзеш — будзеш шкадаваць, не паедзеш — таксама будзешь шкадаваць. Як па сэрцы”. І я паехаў, хаця і не сказаў бы, што ў мяне была вялікая цяга да рэжысуры.

Канечне, за плячыма не насіць, але сёння я разумею, што з часам я страціў свабоду стаўлення да рэжысёрскай прафесіі. У той час я быў не настолькі сістэматычны і больш свабодны, чым я цяперашні. Нас вучылі ўсё разглядаць па пунктах — праз засістэматызаванасць абмежавалася, па маім разуменні, творчая свабода… А калі я зразумеў адказнасць гэтай прафесіі, зусім разгубіўся… І тая свабода, з якой я ставіў свае ўрыўкі і першыя спектаклі, пачала знікаць.

Былі выпадкі, калі я адчуваў сябе свабодна ў плане творчасці, але так здаралася, што гэта было звязана — і цяпер я гэта ненавіджу — з лімітамі па часе. Усе тры казкі, якія паставіў у тэатры імя Горкага, ствараліся ў цэйтноце. У выніку атрымалася, што кожную з іх я паставіў за 9 дзён.

Першая казка — “Джэльсаміна ў краіне Ілгуноў” Джані Радары — была маёй дыпломнай работай. Мы займаліся на базе акадэміі мастацтваў, а на сцэну нас пусцілі за 9 дзён да прэм’еры. Наступная казка — “Кракадзіл” па творы Карнея Чукоўскага, рыхтавалася летам. Напрацоўкі былі, але пра гатоўнасць спектакля гаварыць было нельга. 2 верасня на агульным зборы трупы тэатра Барыс Іванавіч стаў расказваць пра рэпертуарны план тэатра на сезон і неяк між іншым сказаў: “…І вось 11 верасня (можа, Павел пра гэта не ведае) у нас прэм’ера “Кракадзіла”. Я сапраўды быў здзіўлены: зноў 9 дзён. 11 верасня прэм’ера адбылася дзякуючы таму, што мы зладжана працавалі цэлымі днямі без выхадных. Гэта была перамога і над часам, і над матэрыялам, бо адной з задач быў інтэрактыў з гледачамі.

Калегі да гэтага часу ўспамінаюць тыя моманты. Нядаўна патэлефанавала Вольга Скварцова, харэограф “Джэльсаміна…” і “Кракадзіла” (гэта, здаецца, былі яе першыя работы як пастаноўшчыка), і сказала: “Паша, давай зробім нешта цікавае!” Сапраўды, рыхтуючы “Кракадзіла”, мы зрабілі для сябе шмат адкрыццяў…

На наступную казку я ўжо выбіваў сабе час. Планавалася, што мы пачнём у верасні (у красавіку і лістападзе я быў заняты ў іншым праекце), а здача спектакля была запланавана на канец снежня. Я быў задаволены: месяц і 25 дзён — і пагадзіўся. Але здарылася так, што прэм’еру, якая павінна была выйсці ў ліпені, перанеслі на канец верасня. Усе артысты на працягу месяца былі заняты ў Барыса Луцэнкі. Надзею цешыў снежань, але раптам уся трупа на пачатку месяца з’ехала на гастролі ў Расію. Артысты вярнуліся ў Мінск… за 9 дзён да прэм’еры. Добра, што да гэтага часу мы мелі магчымасць папрацаваць з мастакамі і пастановачнай часткай. Сітуацыя была ледзь не катастрафічная. Рэпеціравалі да апошняй электрычкі: заўтра прэм’ера, а мы яшчэ фінал рэпеціруем; рабочы сцэны пытаецца, калі супер-заслону апускаць, а Ганна кажа: “Пашык, як жа ж мы ў Ратамку ўначы даедзем…”

Пасля гэтага не люблю працаваць у цэйтноце…

— Што можаце назваць вашай самай вялікай перамогай у жыцці?

— Прафесійную дзейнасць я тут поўнасцю адсякаю, бо нават самыя значныя ўзнагароды і здабыткі ў гэтай сферы вельмі суб’ектыўныя. Як бы гэта ні было банальна, лічу, што самым галоўным здабыткам і дасягненнем у маім жыцці з’яўляюцца дзеці. Гэта тое, што цяпер расце, натхняе, здзіўляе, часам расчароўвае, дае штуршкі. Тое, чым зараз цікава займацца. Што, здаецца, і тваё, але пры гэтым і незалежнае. Магутная рэч, не параўнальная ні з чым.

— У вас пяцёра дзяцей. Ці не цяжка спраўляцца?

— Я не магу сказаць, што гэта цяжка. Піліп, Івона, Адэля, Алівія і Паўліна — яны ўсе розныя. Мы не хаваем, што з іх трое — нашы родныя, а двое — усыноўленыя. Як і ў кожнай сям’і, у нас бываюць праблемы, якія мы імкнёмся вырашаць. Мая жонка Ганна часам робіць неверагодныя рэчы для нашай сям’і і дзяцей, самааддана займаючыся іх выхаваннем, а таксама дапамагаючы іншым сем’ям. Але яны кампенсуюць такія затраты на 100 працэнтаў. І тут адна з галоўных маіх задач — забяспечыць іх усім неабходным. Галоўнае — каб усяго хапала. Ну і, бясспрэчна, будаваць зносіны з дзецьмі і ўдзельнічаць у іх выхаванні.

— Ці запрашалі вас выкладаць?

— Некалькі дзён назад патэлефанавалі і прапанавалі выкладанне. Пакуль што не ведаю, што і дзе, але я яшчэ не пагадзіўся. З-за вялікай занятасці ў тэатры і кіно не магу дазволіць сабе выкладанне на рэгулярнай аснове — баюся падвесці тых, хто мяне запрашае.

— Ужо ёсць чым падзяліцца з больш маладым пакаленнем акцёраў?

— Гаворка нават не пра “падзяліцца”. Гэта дарога ў два бакі: у моладзі таксама ёсць чаму павучыцца, ёсць што ад іх узяць. Расказваць, як трэба працаваць на сцэне, — гэта не маё. А вось калі нешта рабіць разам са студэнтамі — гэта зусім іншае. Часам мяне здзіўляе, калі маладыя акцёры могуць сказаць рэжысёру: “Ты скажы — мы зробім”. Калі ёсць адказы на ўсе пытанні, мне нецікава. Лепш, калі мы разам будзем адказваць на пытанні, якія ўзнікаюць. Менавіта такім павінен быць фармат сучаснага тэатра. Мне падаецца, што зараз на змену акцёрскаму тэатру прыходзіць рэжысёрскі, калі артыст у большай ступені выконвае патрабаванні пастаноўшчыка, чым самавыяўляецца ў ролі. Я бачу вельмі цікавыя рэжысёрскія выказванні, прыгожыя, матэматычна вывераныя, музычныя, харэаграфічныя, пластычныя спектаклі, цікавыя і дзівосныя. Але акцёрскага тэатра, які палюбіў я ў свой час, калі акцёр існаваў на сцэне на расколе, на лёгкасці і элегантнасці, паглыбленні, амаль няма. Вельмі часта акцёры выконваюць рэжысёрскія задачы, якія не з’яўляюцца задачамі артыста ў адносінах да персанажа.

Спектакль ствараецца на рэпетыцыях, а злепліваецца і нараджаецца падчас выканання на сцэне, калі ў зале сядзяць гледачы.

Аднойчы ў мяне быў цікавы выпадак. Гэта было нечаканасцю і для мяне як рэжысёра, і для артысткі, якая выконвала ролю Джуліі ў спектаклі паводле “Альпійскай балады”. У мяне было бачанне, якім павінен быць фінал, але яго рэалізацыя залежала ад выканаўцы.

Я знаходзіўся за кулісамі — не магу глядзець свой спектакль з глядзельнай залы. І вось на фоне добрага і тэхнічнага выканання, калі актрыса дайшла да фінальнага моманту, з ёй здарылася тое, што я хацеў, але не чакаў. Яна пачала выдаваць тое, што сама не кантралявала: пражытае на сцэне і інтуітыўны эмацыянальны вопыт, набыты падчас спектакля, прымусіў раскрыцца напоўніцу, нарадзіўшы сапраўдныя перажытыя эмоцыі. Гэта быў акцёрскі прарыў — рэжысёр такое паставіць не можа. І гэта была для мяне маленечкая перамога.

— Вы часта здымаецеся ў кіно. Ці лічыце вы сябе кінаакцёрам?

— Я ўсё ж тэатральны артыст. Мне тут цікавей, хаця ў кіно таксама бываюць вельмі цікавыя ролі, над якімі прыемна працаваць. Цікавыя сцэны, рэжысёры, партнёры…

— З кім вам найбольш цікава працаваць на сцэне?

— Я не магу згадаць чалавека, з якім бы мне было працаваць некамфортна ці нецікава. Ведаеце, я не магу дазволіць сабе падчас работы дрэнна падумаць пра сцэнарый, рэжысёра ці калег, з якімі працую на сцэне ці ў кадры. Я заўсёды шукаю ва ўсім тое, што можа быць карысна менавіта для мяне. Але самыя цікавыя партнёры — гэта дзеці: і на сцэне, і ў жыцці.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з асабістага архіва Паўла ХАРЛАНЧУКА.