Павел САПОЦЬКА: “Almamater не адпускае”

Сённяшні госць праекта “Мая школа” з’яўляецца, бадай, самым маладым дырэктарам музея ў нашай краіне — узначаліў Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, калі яму было 26 гадоў. Сёння Павел Міхайлавіч САПОЦЬКА расказвае чытачам “Настаўніцкай газеты” пра школьныя гады і раскрывае прафесійныя сакрэты.

— Павел Міхайлавіч, раскажыце, калі ласка, пра ваша дзяцінства і сям’ю.

— Я родам з Маладзечна. Гэта мой любімы горад: тут я нарадзіўся і вырас і тут прыняў рашэнне, што мне трэба працаваць у сферы культуры.

Сям’я, у якой рос, да сферы культуры не мае ніякага дачынення. Тата Міхаіл Станіслававіч Сапоцька — будаўнік, маці Алена Уладзіміраўна Смірнова — метролаг, дзядуля — ваенны, але амаль усё жыццё працаваў начальнікам аднаго з аддзелаў на радыёзаводзе “Спадарожнік”, а бабуля — настаўніца матэматыкі.

Выхаванне ў сям’і было вельмі дэмакратычным і спакойным. Глабальных канфліктаў з бацькамі не было. Адно што я не заўсёды хацеў вучыцца, але аўтарытэт бабулі-педагога рабіў сваю справу.

Патрэбы сваволіць і лазіць па будоўлях і платах не было. З пункту погляду выхавання ў мяне была поўная свабода. Але я ёй не карыстаўся. Відаць, таму, што падсвядома падлеткі імкнуцца рабіць тое, што забаронена. Напрыклад, я ніколі не курыў і нават не спрабаваў. Шмат чаму сапраўды здзіўляўся: ніколі не мог зразумець, навошта недзе па завуголлях патаемна ад бацькоў збірацца кампаніяй, калі можна прыйсці да мяне. Мае бацькі былі толькі рады гасцям.

Бабуля і дзядуля па матчынай лініі да гэтага часу жывуць у Маладзечне недалёка ад бацькоў — на суседніх вуліцах, і ў мяне ёсць традыцыя: калі я на выхадныя прыязджаю ў Маладзечна, на абед іду да бабулі з дзядулем.

Татавы бацькі, якіх, на жаль, ужо няма, былі надзвычай культурнымі і прыстойнымі людзьмі. Яны жылі ў вёсцы Аляхновічы, што знаходзіцца каля трасы Мінск — Маладзечна.

Я заўсёды меў за ўзор станоўчую мадэль зносін. Узяць хаця б адносіны майго таты і яго цешчы — яны ламаюць усе прынятыя і растыражаваныя ў грамадстве стэрэатыпы.

Калі я сказаў, што трэба ісці ў сацыяльную сферу і культуру, сям’я здзівілася, але здзіўленне было прыемным і пазітыўным: “Культура — гэта таксама вельмі добра, але незразумела, чым ты будзеш займацца…” Нават зараз, калі я расказваю пра сваю работу, яны ўсё ўспры­маюць у якасці экзотыкі.

З першай настаўніцай Таццянай Аляксандраўнай Віткоўскай.

— Вашы школьныя гады прайшлі ў Маладзечне. Чым яны былі адметныя?

— У гэтым годзе маёй школе — 75 гадоў. За сваю гісторыю гэтая ўстанова адукацыі паспела пабыць і школай, і ліцэем, а цяпер з’яўляецца гімназіяй. Але што з 1961 года заўсёды заставалася нязменным — гэта № 7. На памяць прыходзіць цікавы факт, як нас урачыста пасвяцілі ў ліцэісты, а літаральна праз некалькі месяцаў установа атрымала статус гімназіі.

Шмат у чым выбар прафесіі грунтаваўся на тым, што адбывалася ў школьныя гады. Менавіта ў школе пачынае фарміравацца любоў да адных сфер дзейнасці і дысцыплін і нянавісць да іншых, прыхільнасць да адных настаўнікаў і непрыязнасць да іншых.

— Ці не занадта катэгарычна так гаварыць пра настаўнікаў?

— У маім выпадку менавіта так і было. Былі настаўнікі, да якіх хацелася ісці, нават калі яны былі вельмі строгімі і па­трабавальнымі: бра­лі сваёй харызмай і апантанасцю прадметам, уменнем цікава падаць вучэбны матэрыял.

Я вельмі любіў літаратуру, гісторыю, хімію, геаграфію. Нармальна давалася і матэматыка. А вось астраномію і фізіку ненавідзеў, але не толькі таму, што не разумеў іх. Оптыка і магнетызм мне скарыліся, а вось астатняе — ніяк “не заходзіла”.

— Але, як ні дзіўна, матэматыка ў вас ішла добра. Што яшчэ было для вас лёгкім?

— Вось што было лёгкім, дык гэта хімія. Любіў таксама геаграфію. Матэматыка мяне таксама асабліва не цікавіла, але, дзякуючы ўвазе бабулі, я быў вымушаны яе добра ве­даць — мы шмат дадаткова займаліся. Мне падабаліся ўсе вобразныя навукі, нават геаметрыя.

Не скажу, што вучыцца было лёгка, аднак школьныя гады  ўспамінаю ўсё ж з цеплынёй. Не так даўно мне прапанавалі сустрэцца з сённяшнімі навучэнцамі маёй школы, і я з вялікай радасцю пагадзіўся.

— Чым займаліся, як кажуць, у якасці грамадскай нагрузкі?

— Недзе ў 4 класе мяне прызначылі спачатку адказным за выпуск насценгазеты, а потым я стаў займацца падрыхтоўкай культурна-масавых праг­рам і іншага. Я атрымліваў ад гэтага сапраўдны кайф. Мяне ніколі не цікавіў творчы складнік — цікавіў, можна сказаць, арганізатарскі бум: прыйсці, прынесці, дамовіцца, узгадніць, прыехаць… Потым я стаў актыўна супрацоўнічаць з нашым Палацам культуры ў Маладзечне.

Я вельмі любіў фатаграфаваць, і дырэктар школы заўсёды прасіла фатаграфаваць тыя падзеі, якія адбываліся ў школе. Часам да мяне звярталіся нават з раённай газеты: прасілі фота і “што-небудзь напісаць” пра мерапрыемства. Ніколі не адмаўляўся.

Са школьным сябрам Русланам Кірэевым.

Адной з цікавых работ таго часу быў арыгінальны фотапраект: я рабіў фотаздымкі вядомых жыхароў горада, браў у іх невялікія інтэрв’ю, цытаты з якіх станавіліся подпісамі да фотаздымкаў. Матэрыялы былі сабраны ў невялікую кніжачку, якую мы саматугам зрабілі да 620-годдзя Маладзечна, якое адзначалася ў 2008 годзе. Цікавым у гэтым праекце былі найперш зносіны з людзь­мі, вельмі рознымі і самадастатковымі, творчымі і харызматычнымі.

Школа для мяне стала моцным плацдармам і добрым падмуркам для далейшай працы.

— Каго з настаўнікаў успамінаеце з найбольшай цеплынёй?

— Першай настаўніцай у нулявым падрыхтоўчым класе была Таццяна Аляксандраўна Віткоўская. Яна была цудоўным педагогам і ўмела знайсці падыход да кожнага, пастаянна была з намі: мы і ў паходы ха­дзілі, і ў тэатр, і ў кіно. Пасля таго як я скончыў школу, мы дастаткова часта перасякаліся ў горадзе, і вест­ка пра тое, што яе ўжо няма, для мяне была адчувальнай.

Класныя кі­раў­нікі мяняліся ў нас ледзь не кожны год: Таццяна Аляксандраўна, Валянціна Васільеў­на, Вольга Вячаславаўна, Таццяна Уладзіміраўна, Валянціна Аляксееўна…

Але самым яр­кім з класных кі­раўнікоў была настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Ула­дзіміраўна Буйко. З ёй мы і зараз на сувязі, арганізоўваем сумесныя акцыі і праекты. У мае школьныя гады гімназіяй кіравала Вольга Васільеўна Малярэвіч, з якой таксама ўсталяваліся вельмі добрыя адносіны. Да сённяшняга часу цікаўлюся іх справамі і не забываю павінша­ваць са святамі гэтых двух педагогаў. Спадзяюся, сёлета зноў сустрэнемся на юбілеі школы.

Мае словы вялікай павагі да кожнага з настаўнікаў! За веды, за шчырасць, за дапамогу, за падтрымку!

Было па-рознаму, але добрага было больш. Памятаю, што нас перакідалі з класа ў клас, на нас выпрабоўвалі шэраг навацый: мы пераскоквалі праз ад зін клас, здавалі экзамены ў ліцэйскія класы, нават трапілі ў той год, калі былі вымушаны ў 11 класе вучыцца год за два, калі на вывучэнне рамана “Вайна і мір” праграмай па рускай літаратуры было вызначана 2 (!) урокі.

З сям’ёй падчас выпускнога вечара.

У ліцэі профіляў было нямнога: для прасунутых вучняў былі хіміка-біялагічны і фізіка-матэматычны, а тэхнолага-канструктарскі — для ўсіх астатніх. Хочаце — верце, хочаце — не, але фізіка-матэматычны профіль у ліцэі я выбраў, кінуўшы кубікі. Мне было абсалютна ўсё роўна, бо профілю, які б адпавядаў маім цікавасцям, не было. Гэта былі не самыя прыемныя два гады, бо я з цягам часу зразумеў бесперспектыўнасць свайго знаходжання тут. А ў гімназіі выбар профільных напрамкаў быў большы, і тады я выбраў мову, літаратуру і гісторыю Беларусі.

Пакідаў школу я вельмі балюча. Было адчуванне трагізму сітуацыі: расставанне са старымі сябрамі, негатоўнасць да новага этапу жыцця, трывога за паступленне і будучыя праблемы пры пераездзе ў іншы горад, іншыя людзі і іншыя зносіны. Радасці, што заканчваю школу, не было адназначна, але гэта было звязана найперш з нявызначанасцю будучыні. Калі паступіў, культурны шок доўжыўся тыдзень. Я палюбіў і Мінск, і ўніверсітэт.

— Ці сустракаецеся са сваімі аднакласнікамі?

— Я быў на першым вечары сустрэчы з выпускнікамі. Але на той момант мы, відаць, яшчэ не паспелі засумаваць адно па адным, да таго ж ні ў каго не было ніякіх асабліва значных дасягненняў, так што тая сустрэча нічым асаблівым не запомнілася. А зараз, калі здараюцца выпадковыя сустрэчы з аднакласнікамі і настаўнікамі, мне вельмі прыемна іх бачыць — усіх, з кім меў зносіны, і нават з тымі, з кім сяброўскіх зносін не падтрымліваў. Памятаю, неяк у Маладзечне выпадкова сустрэў свайго настаўніка інфарматыкі і мы хвілін 40 размаўлялі, нягледзячы на дрэннае надвор’е.

— Наколькі цяжкім быў выбар будучай спецыяльнасці?

— Заканчваючы школу, я ў агульных рысах ведаў, чым буду займацца, але ў канкрэтыку доўгі час не паглыбляўся. Зразумеў, што культура — гэта тая сфера, з якой я хацеў бы звя­заць сваё жыццё. І, як мне здаецца, не памыліўся. Аднак ва ўніверсітэт дакументы падаваў, як кажуць, упрытык, таму што да апошняга моманту не мог вызначыцца, куды ж паступаць. Я не быў на днях адкрытых дзвя­рэй: першы раз прыехаў падаваць дакументы, а другі — пасля залічэння (тое, што я паступіў на бюджэт, было святам!). З 1 верасня 2009 года лічу сябе элементам вялікай галіны пад назвай “Культура”.

З класным кіраўніком Таццянай Уладзіміраўнай Буйко.

Ва ўніверсітэце было зусім іншае, адрознае ад прывычнага мне жыццё. У школе былі настаўнікі, вучні і строга рэгламентаваныя зносіны, а ва ўніверсітэце і мы, і нашы выкладчыкі добра разумелі, што праз некаторы час мы станем калегамі, і адносіны і ўзаемадзеянне выбудоўваліся інакш.

Да таго ж нашы педагогі час ад часу ўкідвалі нас у працэс. Гэта было вельмі цікава, бо з’яўлялася магчымасць паба­чыць, як гэта працуе знутры, і атрымаць першасны вопыт. Сваім студэнтам я заўсёды раю выкарыстоўваць любую магчымасць паваланцёрыць на разнастайных мерапрыемствах. І няхай у іх будуць не самыя ганаровыя функцыі, затое бу­дзе магчы­масць убачыць кухню і сам арганізацыйны і закулісны працэс.

— Відаць, і самі пачыналі з валанцёрства?

— На другім курсе я падключыўся да руху папулярызацыі спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага. Праз некаторы час ён перарос у грамадскі фонд, і мяне, тады студэнта 3 курса, выбралі адказным сакратаром фонду. Было шмат сувязей і паездак, да нас прыязджалі вельмі вядомыя людзі, у тым ліку Іва Залускі, музыкант, нашчадак роду Агінскіх (праўнук старэйшага сына Аме­ліі, дачкі М.К.Агінскага). Бы­ло шмат дэлегацый з Расіі і Еўропы. Памятаю, як яшчэ ў студэнцкія гады трапіў у кабінет да рэктара Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных легендарнай Галіны Васільеўны Маяроўскай, з якой мы ўзгаднялі падрабязнасці аднаго з праектаў.

Потым Уладзімір Міка­лаевіч Карагін, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, прапанаваў працаваць у яго камандзе, дзе я адказваў за сувязі з грамадскасцю і работу са СМІ, а потым і за блок культуры, таму што членамі канфедэрацыі былі і многія арганізацыі гэтай сферы. Работы было многа, але было вельмі цікава. І першае размеркаванне ў мяне было менавіта ў канфедэрацыю: першы запіс у маёй працоўнай кніжцы — “дырэктар Цэнтра міжкультурнага дыялогу і сацыяльных ініцыятыў”. Калі пасля заканчэння магістратуры стаў выкладаць, працягваў кіраваць цэнтрам ужо на іншай пасадзе. Так што, калі прыйшоў працаваць у галерэю “Універсітэт культуры”, ужо шмат ведаў з уласнага вопыту.

— Хто з універсітэцкіх выкладчыкаў аказаў найбольшы ўплыў?

— Найперш гэта кандыдат педагагічных навук прафесар Святлана Барысаўна Майсяйчук, якая вяла ў мяне шэраг дысцыплін у студэнцкія гады, была куратарам групы і навуковым кіраўніком маіх першых работ. Яна аказала вялікі ўплыў нават не з боку свайго прадмета, а за кошт зносін. Сёння мы падтрымліваем з ёй вельмі цёплыя адносіны, шмат у чым прашу ў яе парады.

Павел Сапоцька — удзельнік эстафеты агню “Полымя міру” ІІ Еўрапейскіх гульняў (фота Кацярыны Аляксеевай).

Таксама хацеў бы наз­ваць загадчыка кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства, доктара гістарычных навук, прафесара Марыю Аркадзьеўну Бяспалую. З ёй мы бачымся ледзь не кожны тыдзень, таму што часта сутыкаемся па рабоце: яна з’яўляецца членам некалькіх нашых саветаў, а я — членам дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Мне вельмі прыемна, што я стаў першым студэнтам, які ў яе выкладчыцкай практыцы атрымаў на экзамене па гісторыі Беларусі “дзясятку”. Памятаю, што гэта быў мой першы экзамен падчас першай сесіі ва ўніверсітэце. Мы, першакурснікі, вельмі нерваваліся, і тым больш адметнай была мая рэакцыя: я нават пацалаваў яе. (Смяецца.)

— Пагадзіцеся, спецыялізацыя “Менеджмент сацыяльнай і культурнай сферы” шмат для каго з’яўляецца загадкавай.

— Так. Сапраўды, у нечым спецыяльнасць міфічная. Станаўленне беларускай школы менеджменту ў сацыяльна-культурнай сферы ішло разам з фарміраваннем адпаведнай кафедры, якая ў мінулым го­дзе адзначыла 25-годдзе. Але да гэтага часу ў адносінах да прафесіі існуе стэрэатып. Нас і цяпер называюць “массовиками-затейниками”, успамінаючы мастацкі фільм “Мая марачка” з Людмілай Гурчанка ў галоўнай ролі. Але сёння менеджмент — гэта паўнавартасная навука. Гэта цэлая філасофія, праз якую раскрываюцца важныя законы арганізацыйна-творчай справы. І самае галоўнае — гэта вельмі цікавы аспект працы, дзе ёсць месца інтэлекту і крэатыву.

Навучанне на першым курсе пачалося з вельмі цікавых дысцыплін. Напрыклад, на тэорыі і гісторыі сацыяльна-культурнай дзейнасці мы вывучалі сацыякультурныя з’явы ад язычніцкіх свят да кінафестывалю “Лістапад”. Само паняцце “менеджмент” некаторыя людзі суадносяць выключна з эканомікай, але на самай справе гэта ўвесь працэс арганізацыі ад ідэі да ўвасаблення.

Я зараз выкладаю ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Вяду некалькі прыкладных дысцыплін, сярод якіх грантавы менеджмент, праектны менеджмент, тэхналогія арганізацыі міжнародных культурных сувязей. Са студэнтамі разбіраем кадравую палітыку і фінансаванне, нюансы работы з грантамі і зносін са сродкамі масавай інфармацыі, асаблівасці сувязі з рознымі ўстановамі і арганізацыямі.

— Раскажыце, як вы трапілі на адказную пасаду дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея?

— Я не творчы чалавек і да гісторыі і музейнай справы да некаторага часу адносін не меў. Некалькі гадоў працаваў дырэктарам Мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, а потым міністр культуры прапанаваў узначаліць Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Я папярэдне пагадзіўся, але ў працэсе ўзгадненняў мне прапанавалі пасаду дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея. Калі б прапанавалі цырк, заапарк ці тэатр (Смяецца.), я таксама пагадзіўся б, бо мне цікавая адміністрацыйная работа ў любой установе — сам арганізацыйны працэс. У некаторай ступені адміністрацыйная работа таксама творчая, бо неабходна ўліч­ваць шматлікія аспекты дзейнасці розных структурных падраздзяленняў установы. Мне падабаецца працаваць з прэсай, рыхтаваць канцэпцыі праектаў, выязныя мерапрыемствы. Менеджмент — гэта выратаванне для ўсіх галін чалавечай дзейнасці. Нездарма за мяжой да менеджменту ставяцца ледзь не як да мастацтва.

Куратар П.М.Сапоцька са сваёй групай пасля абароны дыпломных работ.

Ёсць мастакі, мастацтвазнаўцы, спевакі, акцёры, кампазітары, якія займаюцца творчасцю, а ёсць менеджары, прадзюсары, прамоўтары, піяршчыкі і спецыялісты па рэкламе, якія фактычна дапамагаюць ім працаваць. І я ўпэўнены, што першачарговая задача менеджменту — звязаць усіх у адзінае цэлае і дапамагчы ўсё зрабіць максімальна добра, прыгожа і ярка.

Грані творчасці ёсць шмат у якіх аспектах: і ў пошуку фінансавання, і ў рабоце са сродкамі масавай інфармацыі, і ў правядзенні перамоў.

На маю думку, моцнага менеджарскага корпуса ў нас, на жаль, няма і ў гэтым не ўсё добра. Чаму? Таму што шмат хто працягвае думаць пра менеджмент як пра клубную работу.

Як і прадстаўнікоў творчых прафесій — харэографаў, рэжысёраў, акцёраў — не можа быць многа, так не павінна быць занадта шмат бібліятэкараў і менеджараў у сферы культуры. Далёка не кожны, атрымаўшы дыплом, застаецца працаваць у гэтай галіне.

— У чым складанасці работы на пасадзе дырэктара музея?

— Я прыйшоў у музей у той час, калі толькі пачыналіся работы па праектаванні новага будынка нашага музея. Гэта будзе вялізны комплекс на 19 тысяч квадратных метраў. Даводзіцца далучацца да ўсяго: ад інжынерных сетак — да дызайну экспазіцыі. Пры гэтым бягучую работу, звязаную з дзейнасцю музея, ніхто не адмяняў.

Сёння музей удзельнічае ў велізарнай колькасці мерапрыемстваў: дні культуры, часовыя экспазіцыі, выставы ў рамках конкурсаў і фестываляў, творчыя сустрэчы і круглыя сталы, літаратурна-канцэртныя праграмы і прэзентацыі. Мы прадстаўлены амаль на кожным буйным мерапрыемстве, якое праходзіць у нашай краіне.

— Якія веды прыйшлося асвойваць самастойна?

— У пэўны час мяне зацікавіла тэма грантаў. Дзякуючы таму, што я працаваў у розных грамадскіх арганізацыях і меў магчымасць зносін з кіраўнікамі ўстаноў розных узроўняў, мяне зацікавіла кухня праектаў, якія рэалізоўваюцца ў нашай краіне ў сферах культуры, навукі, турызму і адукацыі, на якія выдаткоўваецца мэтавае фінансаванне. Вывучыў дзеючыя грантавыя праграмы ЮНЕСКА, Саюзнай дзяржавы, СНД, Савета Еўропы, Еўрасаюза і шмат якія іншыя, удзельнічаў у шматлікіх семінарах і канферэнцыях у нас і за межамі Беларусі. Што было цікава: у раздатачных матэрыялах былі выдадзены мінімальнымі тыражамі найкаштоўнейшыя ўнікальныя падборкі даследаванняў у гэтай сферы. Потым я сам стаў удзельнічаць у грантавых праграмах спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, Еўрасаюза.

Праз некаторы час з’явілася магчымасць уключыць набытыя веды спачатку ў праграму курса, які я чытаў, а потым прапанавалі распрацаваць аўтарскі спецкурс па грантавым менеджменце.

— Вы да гэтага часу працягваеце выкладаць. Ці не замінае гэта асноўнай дзейнасці?

— Aльма-матар не адпускае. Ды і мне самому цікавая работа са студэнтамі. Яна, наадварот, дапамагае. Выкладчыцкая і навуковая праца вельмі добра дапаўняе маю практычную дзейнасць

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Паўла САПОЦЬКІ.