Павел Трава: асаблівая ўвага стану харчаблокаў, спартыўных аб’ектаў, пытанням бяспекі

- 13:20Планерка

У жніўні ў педагогаў свае “дажынкі” — гэта час падвядзення вынікаў таго, што зроблена за лета, праверкі гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Пра гэта карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыла з начальнікам аддзела па адукацыі Пастаўскага райвыканкама Паўлам Травой.

— Павел Юр’евіч, Пастаўскі раён для вас родны. Да таго ж па адукацыі вы географ, добра ведаеце, чым унікальны ваш азёрны край. А маленькія пастаўчане выбіраюць для адпачынку родныя мясціны?

— Большасць дзяцей традыцыйна карыстаюцца магчымасцю адпачыць у выхаваўча-аздараўленчых лагерах свайго раёна. У гэтым сезоне ў нас адпрацавалі 15 дзённых школьных лагераў, сярод іх былі і профільныя. Экалагічны — на базе спартыўна-турыстычнага комплексу “Азяркі” і ваенна-патрыятычны кругласутачны палатачны лагер на базе мясцовай вайсковай часці. Дарэчы, ва ўсіх дзённых школьных лагерах працавалі патрыятычныя атрады. Таксама нам па­шчасціла мець у раёне абласны дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Ветразь”. З ім мы нядаўна заключылі дагавор аб супрацоўніцтве і накіроўваем туды дзяцей. Усяго за лета на Пастаўшчыне будуць аздароўлены 784 школьнікі.

На базе аздараўленчага лагера “Арляня” ў сярэдняй школе № 1 Паставаў у гэтым годзе ўпершыню працаваў патрыятычны атрад “СССР” (Саюз самых сучасных рабят). Яго кірунак — адпрацоўка дзеянняў у надзвычайных, экстранных сітуацыях.

— У разгары — праверка гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года.

— Камісія нашага аддзела разам з прадстаўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, аддзела па надзвычайных сітуацыях ужо наведала ўсе ўстановы адукацыі раёна. Асаблівую ўвагу, як заўсёды, мы ўдзялілі стану харчаблокаў, спартыўных аб’ектаў, пытанням бяспекі. Праверылі стан дахаў будынкаў, пажарнай сігналізацыі.

На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года з бюджэту было выдзелена каля 1,5 мільёна рублёў.

Карыстаемся мы і спонсарскай дапамогай. Дарэчы, сёння ў Пастаўскім раёне 9 сярэдніх школ, 2 базавыя, 1 гімназія, 11 дзіцячых садоў і 3 цэнтры — сацыяльна-педагагічны, карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, а таксама дзяцей і моладзі. У рамонтах школ і садкоў актыўна прымаюць удзел педагогі. Напрыклад, у Лынтупах супрацоўнікі школы сваімі сіламі адрамантавалі класныя кабінеты — тынкавалі, фарбавалі сцены.

— Адначасова з рамонтамі ідзе і метадычная падрыхтоўка?

— Метадычная работа не спыняецца круглы год, як і кадравая падрыхтоўка, а таксама пад­рыхтоўка дзяцей да новага навучальнага года. Летам вырашаем пытанні падвозу, арганізацыі харчавання. У школах раёна працягнуць работу профільныя класы. У 4 установах адукацыі адкрыты аграрныя групы, у 2 — інжынерныя класы, а ў гімназіі працуе педагагічная група. У сярэдняй школе № 2 імя Н.М.Асяненка працягне работу медыцынская група, якую мы адкрылі ў мінулым годзе.

— Куды паступаюць выпускнікі профільных груп?

— Нашы будучыя аграрыі актыўна паступаюць у Віцебскую ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Пасля атрымання прафесіі вяртаюцца на работу ў гаспадаркі раёна. Выпускнікі педагагічнай групы актыўна паступаюць па мэтавых дагаворах, прычым іх коль­касць пастаянна расце. Дарэчы, у нашы ўстановы адукацыі кожны год прыходзяць маладыя спецыя­лісты — каля 10 у год. Дэфіцыту няма, педагагічных вакансій у нас няшмат. Працуем над тым, каб моладзь замацавалася тут і засталася ў Пастаўскім раёне надоўга.

Павел Трава пасля заканчэння геаграфічнага факультэта БДУ вярнуўся выкладаць у родную сярэднюю школу № 1 Паставаў. Працаваў у ёй больш за чвэрць стагоддзя — спачатку настаўнікам, потым 21 год дырэктарам — да назначэння начальнікам аддзела па адукацыі.

— За 5 гадоў, што вы кіруеце аддзелам, якія адзначыце дасягненні?

— Шмат зроблена для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы і кадравага патэнцыялу ўстаноў адукацыі раёна — гэта для нас прыярытэтныя напрамкі. Маштабная рэканструкцыя прайшла ў маёй роднай 1-й школе — там правялі капітальны рамонт, адкрылі новы стадыён. У мінулым годзе значна ўзмац­нілі матэрыяльную базу сярэдняй школы і дзіцячага сада ў гарадскім пасёлку Варапаева, а ў гэтым — Лынтупскай сярэдняй школы. У Паставах адкрыўся новы дзіцячы сад № 6, а ў 2024—2025 гадах ва ўстановах адукацыі раёна правялі бягучыя рамонты са значнымі матэ­рыяльнымі ўкладаннямі.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара