Павінна быць адказнасць усіх — і кіраўніка, і работнікаў

Устараненне большасці парушэнняў у сферы аховы працы не патрабуе значных фінансавых укладанняў. Такое меркаванне выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, гаворачы пра першыя вынікі прафсаюзнага маніторынгу аховы працы пры правядзенні пасяўной кампаніі, паведамілі ў прэс-службе ФПБ.

Маніторынг выканання норм і правіл аховы працы пры правядзенні пасяўной кампаніі праводзіцца прафсаюзамі штогод. Задзейнічаны не толькі тэхнічныя інспектары прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, але і прадстаўнікі прафсаюзаў іншых галін.

Штогод прафсаюзны маніторынг выяўляе вялікую колькасць парушэнняў заканадаўства аб ахове працы пры арганізацыі веснавых палявых работ. У прыватнасці, на 1472 арганізацыі, дзе праводзіўся такі маніторынг у 2018 годзе, прыпадае больш за 7,5 тысячы розных парушэнняў. Большасць з іх — вынік безгаспадарчасці і неарганізаванасці адказных спецыялістаў і работнікаў на месцах. Паводле слоў Міхаіла Орды, устараненне такіх парушэнняў, як правіла, не патрабуе значных фінансавых затрат і залежыць у першую чаргу ад якасці арганізацыі работ на ўсіх участках. Павінна быць адказнасць усіх — і кіраўніка, і работнікаў — за тое, што адбываецца на прадпрыем­стве: і за тэхніку, і за дысцыпліну, і за якасць работы.

Даволі часта адзначаліся выпадкі допуску работнікаў да кіравання трактарамі, аўтамабілямі без прахо­джання перадрэйсавых аглядаў, а таксама прымяненне выпадковых прадметаў пры рамонце тэхнікі. Між тым гэтыя, як некаторыя лічаць, дробязі ў выніку могуць прывесці да непапраўных наступстваў. Таксама выяўлена даволі шмат парушэнняў пры правядзенні навучання, інструктажу і праверкі ведаў па пытаннях аховы працы. Як паказвае практыка, нярэдка менавіта з-за таго, што работніка своечасова не праінструктавалі, не нагадалі пра базавыя правілы бяспекі, і здараюцца траўмы на вытворчасці.

Улічваючы практыку папярэдніх гадоў, сёння ўсе гэтыя пытанні — пад асаблівай увагай тэхнічных інспектараў прафсаюзаў. Пад кантролем таксама пытанні забеспячэння работнікаў неабходным спецадзеннем і іншымі сродкамі індывідуальнай абароны.

У цэлым за 2018 год прафсаюзамі выяўлена больш за 64 тысячы парушэнняў заканадаўства аб ахове працы ў розных сферах. Прыпынена эксплуатацыя больш як 2,2 тысячы адзінак няспраўных механізмаў і абсталявання, якія маглі стаць прычынай траўміравання работнікаў. Тэхнічныя інспектары ФПБ прынялі ўдзел у расследаванні 375 няшчасных выпадкаў на вытворчасці, што дало магчымасць не дапусціць ушчамлення правоў пацярпелых, сем’яў загінулых. У шасці няшчасных выпадках са смяротным канцом і ў адным, які прывёў да цяжкай вытворчай траўмы, прафсаюзныя тэхінспектары працы не пагадзіліся з заключэннямі дзяржінспектараў працы, аформілі асобныя думкі, якія былі прыкладзены да дакументаў спецыяльных расследаванняў, справы былі накіраваны ў суд. Кантралявалася выплата пацярпелым на вытворчасці работнікам і членам іх сем’яў кампенсацый, прадугледжаных калектыўнымі дагаворамі.

У 2018 годзе ў арганізацыях краіны ў выніку ня­шчасных выпадкаў на вытворчасці загінулі 144 работнікі, што на 29 чалавек больш, чым у 2017 годзе, і 700 чалавек атрымалі цяжкія вытворчыя траўмы (у 2017 го­дзе — 593).