Павялічылася выкарыстанне мясцовых відаў паліва

Дзякуючы рэалізацыі энергазберагальных мерапрыемстваў Беларусь у студзені — чэрвені сэканоміла 442,2 тысячы т паліўна-энергетычных рэсурсаў пры заданні на гэты перыяд 380 тысяч т, паведамілі ў дэпартаменце па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту.

Так, выкарыстанне ў вытворчас­ці сучасных энергаэфектыўных і павышэнне энергаэфектыўнасці дзеючых тэхналогій, працэсаў, абсталявання і матэрыялаў скараціла спажыванне рэсурсаў на 126,7 тысячы т, аптымізацыя схем цеплазабеспячэння — на 90,1 тысячы т, павелічэнне тэрмасупраціўлення агараджальных канструкцый будынкаў, збудаванняў і жыллёвага фонду — на 15,8 тысячы т.

Таксама праводзілася мадэр­нізацыя кацельняў і тэхналагічных печаў, укараняліся аўтаматычныя сістэмы кіравання асвятленнем і энергаэфектыўныя асвятляльныя ўстройствы. Прадпрыемствы і арганізацыі сталі больш выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва.

“У I паўгоддзі большасць мэтавых паказчыкаў дзяржаўнай праграмы па энергазберажэнні выканана. У цэлым па выніках года неабходна сэканоміць 1 млн т умоўнага паліва, энергаёмі­стасць валавога ўнутранага прадукту павінна знізіцца на 1,5 працэнта да ўзроўню 2018 года пры тэмпах росту ВУП 104 працэнты”, — адзначылі ў дэпартаменце.

Паводле даных Белстата, за студзень — май бягучага года энергаёмістасць ВУП знізілася на 0,1 працэнта адносна адпаведнага перыяду 2018 года пры павелічэнні ВУП на 1 працэнт. На фарміраванне паказчыка негатыўны ўплыў аказаў рост спажывання паліва ў якасці сыравіны для выпуску экспартнай няпаліўнай прадукцыі. Без уліку гэтага фактару энергаёмістасць ВУП скарацілася на 1,4 працэнта. Мэтавы паказчык па долі мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР) у валавым спажыванні ПЭР павялічыўся да 15,9 працэнта.