Павялічыць дозу любові і клопату

- 12:40Адукацыйная прастора

Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Таццяна Іванаўна Шыдлоўская вярнулася ў родную Уздзенскую сярэднюю школу № 1 імя А.С.Пушкіна Мінскай вобласці. Другі год былая вучаніца паспяхова працуе тут настаўніцай пачатковых класаў.

Таццяна родам з Уздзеншчыны. Сёння, як і ў свае дзіцячыя і юнацкія гады, ранкам яна спяшаецца ў горад у школу. Дабірацца зручна, арганізаваны падвоз на аўтобусе. Да таго ж маладая настаўніца ўжо ўпэўнена адчувае сябе за рулём аўтамабіля. Добры настрой раніцай гарантаваны: у школе ёй насустрач бягуць яе вучні, цяперашнія другакласнікі, актыўныя, цікаўныя, непасрэдныя. З імі ніколі не засумуеш!

Свой выбар Таццяна зрабіла яшчэ ў дзяцінстве, і сумненняў у ім ніколі не было. Ёй падабалася атмасфера ў школе і добра ўдавалася наладжваць кантакт з маленькімі дзецьмі. З часам упэўненасць у тым, што трэба стаць настаўніцай пачатковых класаў, умацавалася. І ў 11 класе дзяўчына цвёрда ведала, куды будзе падаваць дакументы.

Таццяна паступіла на факультэт пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя МаксімаТанка. Прыгадвае, як хвалявалася перад першай практыкай, калі трэба было ўпершыню выступіць перад дзецьмі ў ролі настаўніцы. Аднак з вучнямі было цікава, і на ўроку перажыванні хутка зніклі.

— Практыка дала мне вельмі многае, — расказвае Т.І.Шыдлоўская. — На мой погляд, вельмі важна, што яна праходзіла ў розных установах адукацыі пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў. У кожнага з іх склаўся свой індывідуальны стыль выкладання, і было чаму павучыцца, каб пасля прымяняць гэта ў сваёй рабоце.

Таццяна Іванаўна была рада ў ролі настаўніка прыйсці менавіта ў сваю школу. Падчас размеркавання даведалася, што там якраз ёсць месца. Педагагічны калектыў прыняў яе вельмі добразычліва. Нямала хваляванняў у маладога спецыяліста выклікала такая значная падзея, як сустрэча са сваім першым класам. Настаўніца адчувала вялікую адказнасць за давераных ёй дзяцей. У яе класе 13 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. Усе вельмі жыццярадасныя, адкрытыя. Шчырыя, цёплыя адносіны склаліся вельмі хутка. Таццяне Іванаўне цікава працаваць з дзецьмі, і гэта ўзаемна.

— Я не прымушаю сябе ісці на работу, мяне туды цягне, да таго ж я ведаю, што мяне чакаюць дзеці, — гаворыць Таццяна Іванаўна. — Я ўсё раблю ад сэрца. Настаўніку важна быць адкрытым, любіць дзяцей. Узамен затрачаных сіл атрымліваю велізарную аддачу ў выглядзе радасных дзіцячых усмешак, бляску ў вачах, поспехаў у вучобе, удзячнасці і абдымкаў.

Першыя цяжкасці не прымусілі сябе чакаць. Аднак яны дапамаглі маладой настаўніцы стаць больш уважлівай, атрымаць каштоўны вопыт вырашэння няпростых задач. Не ўсе дзеці аказаліся ўседлівымі і стараннымі, здольнымі ўспрымаць на ўроку неабходны аб’ём інфармацыі. Асабліва гэтая праблема была ўласціва некаторым хлопчыкам. Таццяна Іванаўна старалася знайсці падыход да кожнага вучня. З часам яна ўжо ведала, каму патрэбна большая дапамога, а хто з усім хутка спраўляецца. З улікам гэтага настаўніца стала рыхтаваць дадатковыя, індывідуальныя заданні для матываваных вучняў. Яна размяркоўвае свой час на ўроку так, каб нікога не пакінуць без увагі. Гэта дапамагае вучням лягчэй засвойваць школьны матэрыял.

— Маладому спецыялісту неабходна прыслухоўвацца да старэйшых калег, раіцца з імі ў складаных, спрэчных сітуацыях, — адзначае Т.І.Шыдлоўская. — Мяне часта выручаюць іх мудрыя парады. Калі ёсць магчымасць, я ў якасці гледача наведваю ўрокі маіх калег. Яны ніколі не былі супраць гэтага, а я кожны раз адзначаю для сябе новыя важныя моманты. Таксама перыядычна бываю ў сталіцы, каб наведаць майстар-класы.

Час на ўроках настаўніца стараецца выкарыстоўваць максімальна карысна. Каб дзецям было цікава вучыцца, яна перыядычна запрашае на ўрокі персанажаў з казак ці мультфільмаў, якія ўносяць ажыўленне ў заняткі, і дзеці працуюць больш ахвотна.

— На кожным уроку выкарыстоўваю нагляднасць, паколькі яна дапамагае лепш запамінаць матэрыял, — тлумачыц­ь Т.І.Шыдлоўская. — На этапах знаёмства з новай інфармацыяй ці замацавання пройдзенага мае вучні працуюць як у групах, так і індывідуальна. Спрабую разнастайныя метады і формы навучання і пакідаю ў сваім арсенале тое, што дае станоўчы вынік. Напрыклад, на ўроках па прадмеце “Чалавек і свет” гэта можа быць часткова пошукавае ці праблемнае пытанне. Такім чынам паступова прывучаю дзяцей працаваць самастойна: ім трэба самім знайсці адказ на пастаўленае пытанне, пры неабходнасці звяртаючыся да педагога.

Настаўніцы важна не толькі даць трывалыя веды, з якімі вучні пасля адправяцца на наступную ступень адукацыі. Хочацца, каб кожнае дзіця максімальна раскрылася, з часам “вырасла” ў гарманічную асобу, якая мае свой пункт гледжання і можа яго выказаць, умее камунікаваць, любіць адкрываць для сябе нешта новае. У адных вучняў усё гэта атрымліваецца даволі лёгка і натуральна, іншым трэба дапамагчы пераадолець нясмеласць і сарамлівасць. Апошніх варта паступова рабіць больш актыўнымі, прапаноўваючы ім новыя заданні. Але самае галоўнае — не забываць падбадзёрыць, падтрымаць кожнага вучня. Як сказаў адзін мудрэц, самае лепшае лякарства — гэта любоў і клопат, а калі яно не дапамагае, трэба проста павялічыц­ь дозу.

Таццяне Іванаўне ўдалося наладзіць кантакт не толькі са сваімі маленькімі вучнямі, але і з іх бацькамі. Яна зрабіла для сябе выснову, што важна перш за ўсё данесці да мам і татаў: настаўнік зацікаўлены ў паспяховым навучанні дзяцей; іх удзел у працэсе навучання неабходны і важны. З бацькамі сваіх вучняў настаўніца заўсёды на сувязі. І яны адгукаюцца на яе просьбы. Сёлета, на другі год работы, Т.І.Шыдлоўскай было вельмі прыемна чуць ад бацькоў сваіх вучняў цёплыя словы падзякі. Добрыя адносіны, павага і гатоўнасц­ь да ўзаемадзеяння дарагога варты.

Таццяна Іванаўна з усмешкай і аптымізмам глядзіць у заўтрашні дзень. У яе планах — не стаяць на месцы, а развівацца, ставіць перад сабой новыя мэты і прыкладац­ь усе намаганні, каб дасягнуць іх. Каб паспяхова працаваць у школе, трэба ісці ў нагу з часам, інакш не атрымаецца ўтрымаць увагу дзяцей, па-сапраўднаму зацікавіць іх. Побач з настаўніцай заўсёды будуць маленькія вучні, і Таццяна Іванаўна не сумняваецца: дзякуючы ім, яна будзе заставацца вясёлай, ба­дзёрай і жыццярадаснай.

Таццяна ШЫМКО.