Павышаем эфектыўнасць карэкцыйна-развіццёвай работы

- 11:17Навіны рэгіёнаў

Педагогі нашай дашкольнай установы падбіраюць такія тэхналогіі, метады і формы работы, якія аптымальна адпавядаюць задачам па навучанні і выхаванні дзяцей з АПФР.

Павысіць выніковасць карэкцыйнага працэсу, умацаваць здароўе і развіць маўленне дапамагаюць здароўезберагальныя тэхналогіі. Рэгулярныя заняткі дыхальнай гімнастыкай фарміруюць правільнае маўленчае дыханне. Падчас спецыяльных практыкаванняў дзеці выконваюць кароткія глыбокія ўдыхі і плаўныя, працяглыя, эканомныя выдыхі. Так, у гульнявым практыкаванні “Каша” дашкольнікі ўдыхаюць праз нос, а на выдыху вымаўляюць слова “пых”.

Для развіцця артыкуляцыйнага апарату і мімікі выкарыстоўваю казкі пра вясёлы Язычок (артыкуляцыйная гімнастыка ў малюнках) і артыкуляцыйна-пальчыкавы гульнявы трэнінг, дзе рухі адной ці дзвюма кісцямі рук выконваюцца сінхронна з артыкуляцыйнымі практыкаваннямі. Так, выконваючы практыкаванне “Непаслухмяны язычок”, дзеці, паклаўшы язык на ніжнюю губу і пашлёпваючы яго, вымаўляюць гукі “пя-пя-пя” і пры гэтым пастукваюць правай далонню па левым кулачку, які стаіць на рабры.

Гульні ў сухім басейне развіваюць дыферэнцыраваныя рухі пальцаў рук і ўмацоўваюць іх. Праз маніпуляцыі з прадметамі адбываецца аўтаматызацыя гукаў. Так, у гульні “Што схаваў гном?” дзеці шукаюць ці хаваюць розныя дробныя цацкі, прадметы, карцінкі на зададзены гук.

На занятках абавязкова выкарыстоўваю фізкультхвілінкі, у якіх рухі спалучаюцца са словам (“Мора хвалюецца”, “Самалёт”, “Ванька-ўстанька”, “Гусі шэрыя”). Дзякуючы гэтаму, у дзяцей актывізуецца існуючы слоўнікавы запас, адпрацоўваюцца пастаўленыя гукі, замацоўваецца лексічны матэрыял, развіваецца мышачная актыўнасць.

Агульнавядома, што на далонях рук шмат кропак, масажыруючы якія можна ў­здзейнічаць на розныя органы арганізма. Для гэтага выкарыстоўваю су-джок мячыкі, а таксама прыродныя матэрыялы: каштаны, жалуды, шышкі. Праводжу пальчыкавыя гульні “Мая сям’я”, “Пальчыкі крочаць”, “Хатка” і іншыя, выконваючы якія дзеці вучацца каардынаваць рухі рук у адпаведнасці з тэкстам.

Індывідуальны падыход — прыярытэтны напрамак у рабоце з асаблівымі дзецьмі. З гэтай мэтай распрацавала камплекты стымулюючых матэрыялаў, якія дазваляюц­ь праводзіць заняткі з улікам індывідуальных асаблівасцей і інтарэсаў кожнага выхаванца. Так, на занятках “Аўтаматызацыя [р] у фразе” гульня “Рыбалка” ў залежнасці ад асаблівасцей дзяцей можа мяняцца гульнёй “Пражэрлівае трусяня” ці “Будаўнік”. Такі падыход дапамагае ў займальнай форме не толькі аўтаматызаваць гук, але і выклікаць у дзяцей устойлівую цікавасць да матэрыялу заняткаў.

Навучанне ў гульнявой форме павінна быць цікавым і займальным. За гады работы назапасіла і сістэматызавала шмат разнастайнага практычнага матэрыялу для арганізацыі дыдактычных гульняў. Так, з дапамогай гульняў “Падкажы слоўца” і “Назаві ласкава” праводжу работу па словаўтва­рэнні, фармірую ўменне дапасоўваць словы паміж сабой. Гульні “Чаго не стала?”, “Што змянілася?”, “Запомні і назаві” і “Цудоўны мяшэчак” прымяняю пры карэкцыі гука­вымаўлення, вывучэнні складовай структуры слова, актывізацыі слоўніка.

Дзеці з парушэннямі маўлення хутка стамляюцца і страчваюць цікавасць да заняткаў. Гэтую праблему дапамагае вырашыць метад нагляднага мадэлявання. Выкарыстанне сімвалічнай аналогіі аблягчае і паскарае працэс запамінання, фарміруе прыёмы работы з памяццю.

Звяртаюся да мнематэхнікі, дзе на кожнае слова ці словазлучэнне прыдумляецца карцінка (малюнак). Гледзячы на іх, дзеці прайграюць тэкставую інфармацыю і такім чынам завучваюць вершы, пацешкі ці скорагаворкі.

Не абыходжу ўвагай ІКТ. Разам з настаўнікамі-дэфектолагамі В.В.Гнедзька і А.М.Балук распрацавала 15 камп’ютарных гульняў па навучанні пісьму з улікам раздзелаў адукацыйнай галіны “Падрыхтоўка да навучання пісьму”. Так, праз гульню “Загрузім цягнік” у дзяцей фарміруюцца практычныя ўяўленні пра склад як частку слова, развіваецца ўменне дзяліць словы на склады, вызначаць іх колькасць. Гледзячы на экран і называючы карцінкі, дзеці плясканнем у далоні вызначаюць колькасць складоў у кожным слове і, націснуўшы на адпаведную карцінку, перамяшчаюць яе ў вагон.

Гульня “Знайдзі лішняе” фарміруе ўменне вылучаць зададзены гук у слове. Называючы карцінкі на экране, дзеці інтанацыйна вылучаюць зададзены гук і выбіраюць лішнюю карцінку, у назве якой ён не сустракаецца.

Творча вар’іруючы розныя тэхналогіі, формы і метады навучання, сістэматычна і мэтанакіравана выкарыстоўваючы іх на практыцы з улікам індывідуальных магчымасцей дзяцей, робім карэкцыйна-развіццёвы працэс больш выніковым і эфектыўным.

Людміла КУНЕВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг Пінкавіцкага ясляў-сада Пінскага раёна.