Павышаем пазнавальную актыўнасць вучняў з дапамогай ЛСМ

- 12:34Навіны рэгіёнаў

Уменне працаваць з інфармацыяй (атрымліваць, сістэматызаваць, захоўваць і выкарыстоўваць) — неабходны кампанент агульнай культуры чалавека, адна з галоўных яго кампетэнцый. Сучасная школьная адукацыя ўключае не толькі веды (інфармацыю), але і спосабы работы з імі. Даволі эфектыўнай з’яўляецца тэхналогія мнагамерных дыдактычных інструментаў, распрацаваная прафесарам В.Э.Штэйнбергам.

Звярнуцца да гэтай тэхналогіі падштурхнуў шэраг супярэчнасцей, з якімі я сутыкнулася ў сваёй рабоце: паміж вялікім аб’ёмам ведаў, якія прапануюцца вучням, і іх здольнасцю засвоіць гэтыя веды; паміж наяўнасцю адукацыйных тэхналогій і неабходнасцю іх адаптацыі да ўласнага педагагічнага стылю; паміж вучэбнай матывацыяй і гатоўнасцю вучняў выкарыстоўваць засвоеныя веды, уменні і навыкі для вырашэння практычных і творчых задач, працягу адукацыі, працоўнай дзейнасці, паспяховай сацыялізацыі. Дыдактычная мнагамерная тэхналогія прапануе эфектыўныя інструменты для павышэння пазнавальнай актыўнасці і вучэбных кампетэнцый школьнікаў, у прыватнасці логіка-сэнсавыя мадэлі. Сістэмна выкарыстоўваю іх у рабоце з вучнямі 5—6 класаў.

Логіка-сэнсавыя мадэлі — гэта мнагамерна-сэнсавыя, графіка-паняційныя і апорна-вузлавыя канструкцыі, якія аблягчаюць перакадзіраванне і запамінанне інфармацыі. ЛСМ — выдатная альтэрнатыва традыцыйным спосабам яе апрацоўкі і перадачы, бо ўяўляе сабой веды ў выглядзе згорнутага вобраза-мадэлі, здольнага да разгортвання. З’яўляючыся апорай, ЛСМ дазваляе кампактна, лагічна і структуравана змясціць матэрыял, які займае не адну старонку. Урокі з ЛСМ не толькі актывізуюць пазнавальную дзейнасць вучняў і зніжаюць працаёмкасць заняткаў, але і робяць навучанне захапляльным і цікавым, падштурхоўваюць дзяцей да самаадукацыі. Настаўнік вызваляецца ад функцыі інфарматара і кантралёра, а канцэнтруе ўвагу на кансультацыйна-каардынацыйнай і індывідуальнай рабоце з вучнямі.

Дзякуючы ДМТ, можна зрабіць складаны матэрыял даступным, перапрацаваўшы яго ў адпаведнасці з логікай мыслення: вылучыць найбольш значныя элементы і па­дзяліць матэрыял на часткі, кожная з якіх даступная для разумення; вызваліць ад празмернай інфармацыі; размясціць у лагічным парадку і інш.

Падрыхтоўка да ўрокаў з выкарыстаннем ЛСМ займае больш часу з-за адсутнасці распрацаванага дыдактычнага забеспячэння. Складаю схемы ў тэкставым рэдактары Microsoft Word. Праектуючы іх, прытрымліваюся пэўнай паслядоўнасці: у цэнтр сістэмы каардынат змяшчаю тэму, якая вывучаецца; вызначаю набор каардынат (пералік пытанняў па тэме); вызначаю набор апорных вузлоў для кожнай каардынаты і выбіраю ключавыя словы для іх назвы з мэтай кадзіравання інфармацыі; ранжырую апорныя вузлы; устанаўліваю сувязі (пры наяўнасці) паміж апорнымі вузламі сумежных каардынат. Пасля нанясення інфармацыі атрымліваецца мнагамерная мадэль у выглядзе каардынатна-матрычнага каркаса апорна-вузлавога тыпу, якая дапамагае наглядна, лагічна і паслядоўна прэзента­ваць веды і аблегчыць іх засваенне.

Далучэнне вучняў да складання ЛСМ на ўроках — працэс доўгі і складаны. Таму ўво­джу іх з 5 класа. Спачатку самастойна выбудоўваю мадэль, патлумачыўшы вучням, што з’яўляецца яе ядром, на якія аспекты варта звярнуць увагу і якія каардынатныя промні дапамогуць раскрыць тэму цалкам. Далей складаю мадэлі разам з дзецьмі. А потым яны складаюць іх самастойна. Свае мадэлі запамінаюцца лягчэй, чым гатовыя.

Складанне ЛСМ — не асноўная мэта ўрока. Разглядаю мадэлі як сістэму канкрэтных фактаў, падзей і пытанняў, якія дапамагаюць вучням асэнсоўваць, разважаць і вырашаць канкрэтныя задачы заняткаў. ЛСМ аблягчаюць запамінанне вялікага аб’ёму інфармацыі, яе асэнсаванне і абагульненне.

Прымяняць ЛСМ дарэчы амаль на любым этапе ўрока і на ўроку любога тыпу. Можна праводзіць заняткі, цалкам пабудаваныя на канструяванні адной мнагамернай мадэлі. Пры вывучэнні новага матэрыя­лу прапаноўваю вучням гатовую ЛСМ, якая служыць планам вывучэння тэмы, акцэнтуе ўвагу на ключавых паняццях, алгарытмах і прыкладах. Пры абагульненні ведаў прапаноўваю мадэль, якую дзеці павінны дапрацаваць, удакладніць, у якой патрэбна ўстанавіць сувязі на аснове раней засвоеных ведаў і ўменняў. Вельмі зручна прымяняць ЛСМ пры падрыхтоўцы да тэматычнага кантролю. У такім выпадку мадэль з’яўляецца апорным канспектам.

Пры складанні ўзораў ЛСМ варта ўлічваць узровень падрыхтоўкі вучняў і ступень складанасці матэрыялу. У некаторых класах пасля сумеснай работы можна прапана­ваць дзецям самастойна распрацаваць ЛСМ па тэме, якая вывучаецца, у тым ліку дома.

Пяцікласнікі, маючы вопыт складання вучэбных мадэлей, актыўна ўдзельніча­юць у групавой ці парнай рабоце па складанні ЛСМ, абмяркоўваюць і адбіраюць неабходны матэрыял. Праўда, некаторыя вучні сутыкаюцца і з пэўнымі цяжкасцямі, звязанымі з выбарам (падборам) ключавога слова, разгортваннем і згортваннем інфармацыі, афарм­леннем выкананай работы. Вялікая перавага ЛСМ заключаецца ў магчымасці іх падстройвання пад узроставыя асаб­лівасці вучняў. Так, у 5-х класах выкарыстоўваю ілюстрацыі, у 6-х — выдзяляю каардынаты колерам. Галоўнае — дазволіць вучням самім асэнсаваць выкананую работу і дзейнічаць творча.

Логіка-сэнсавыя мадэлі ўзмацняюць нагляднасць матэрыялу, які вывучаецца, што садзейнічае яго дакладнай сістэматызацыі, развівае ў дзяцей лагічнае мысленне, дазваляе ўбачыць тэму цалкам і кожны яе элемент паасобку, выкарыстоў­ваць набытыя веды для выканання заданняў, запомніць неабходныя прадметныя тэрміны і паняцці.

Урокі з ЛСМ ніколі не бываюць сумнымі і аднастайнымі. Яны заўсёды выкліка­юць у вучняў цікавасць, дапамагаючы адчуць сябе першаадкрывальнікам чагосьці новага, праявіць творчыя і пазнавальныя здольнасці, набыць упэўненасць у сабе, атры­маць станоўчыя эмоцыі.

Засвоіўшы практыку праектавання ўрокаў на аснове ЛСМ, удалося дасягнуць многіх педагагічных мэт і знайсці рашэнні многіх задач. Так, палепшыліся пазнавальныя здольнасці школьнікаў, павысілася іх матывацыя да вывучэння гісторыі. 

Людміла ЯКУШ,
настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Лунінца.