Павышаем педагагічную эфектыўнасць

Сучасная адукацыя немагчымая без пастаяннага прафесійнага самаразвіцця, цеснага супрацоўніцтва паміж педагогамі, абмену інавацыйнымі і эфектыўнымі ідэямі. На гэта накіравана тэхналогія “Даследаванне ў дзеянні”, арыентаваная на сумеснае даследаванне магчымасцей практычнага прымянення вучэбных методык і тэхналогій з улікам наяўных умоў у канкрэтнай установе адукацыі. Гэтая тэхналогія дапамагае далучыць настаўнікаў да даследавання ўласнай адукацыйнай практыкі.

Тэхналогія носіць практыка-даследчы характар і прадугледжвае работу па паляпшэнні планавання і правядзення ўрокаў, пераасэнсаванне педагагічнай практыкі. Тэхналогія ўяўляе сабой камандную дзейнасць, падчас якой група зацікаўленых настаўнікаў з некалькіх чалавек даследуе актуальную праблему ў пэўным класе на працягу 3 цыклаў урокаў-даследаванняў. Вырашаючы адну праблему, каманда сутыкаецца з іншай, шукае шляхі яе вырашэння, аналізуе і падводзіць вынікі. Камандная работа павышае эфектыўнасць даследавання, развівае навыкі назірання і навучання. Гэта патрабуе ад педагогаў усебаковага прафесійнага развіцця, высокай матывацыі і самастойнасці.

Тэхналогія рэалізоўваецца ў некалькі этапаў. Спачатку вызначаецца група настаўнікаў (3—4), зацікаўленых ва ўкараненні ў школе новай сучаснай методыкі/тэхналогіі навучання ці пошуку вырашэння пэўнай праблемы. Важна, каб хаця б адзін прадстаўнік групы меў значны выкладчыцкі вопыт. Праблема, якая даследуецца, павінна быць актуальнай для ўстановы адукацыі і канкрэтнага класа.

Пасля вызначэння тэмы даследавання вызначаецца даследчае пытанне. Так, тэма “Павышэнне якасці ведаў вучняў 8 “А” класа шляхам выкарыстання зваротнай сувязі на кожным этапе ўрока пры рэалізацыі тэхналогіі “Даследаванне ў дзеянні” мае пытанне “Як арганізаваць зваротную сувязь на кожным этапе ўрока, каб павысіць якасць ведаў вучняў?”.

Затым праводзіцца пасяджэнне ўдзельнікаў групы, каб вызначыць чаканыя вынікі і ўсталяваць станоўчы псіхалагічны настрой для далейшай работы.

Падчас асноўнай дзейнасці педагогі разам плану­юць і праводзяць цыкл з 3 урокаў, назіраюць за работай 3 вучняў (слабога, сярэдняга і моцнага), кожны з якіх з’яўляецца тыповым прадстаўніком пэўнай вучнёўскай групы ў класе. Потым настаўнікі аналізуюць праведзеныя ўрокі, абмяркоўваюць поспехі вучняў. 

На апошнім этапе ўдзельнікі групы прэзентуюць атрыманыя вынікі калегам для далейшага ўкаранення ў практыку.

У мінулым навучальным годзе метадычная работа ў нашай школе была пабудавана на выкарыстанні тэхналогіі “Даследаванне ў дзеянні” ў рамках інавацыйнага праекта, які на працягу 3 гадоў рэалізоўваецца разам з АПА. За гэты час плануецца даследаваць прафесійнае развіццё педагогаў на аснове агучанай тэхналогіі. Настаўнікам будзе аказвацца неабходная метадычная падтрымка ў арганізацыі даследавання ўласнай адукацыйнай практыкі, наладжванні эфектыўнага ўзаемадзеяння з калегамі, пошуку аптымальных метадаў, падыходаў і форм развіцця прафесійных кампетэнцый.

Назапашаны вопыт выкарыстання тэхналогіі паказаў яе высокую эфектыўнасць. Педагогі адзначаюць магчымасць супрацоўніцтва, фарміраванне навыкаў каманднай работы, дыягнастычных і прагнастычных уменняў, узаемаабмен знаходкамі, павышэнне самаацэнкі ў слабых вучняў. Акрамя таго, тэхналогія дазваляе актывізаваць прафесійнае развіццё настаўнікаў, убачыць траекторыю ўласнага прафесійнага росту, апрабаваць розныя методыкі.

Алена СТУПЧЫК,
настаўніца фізікі;
Святлана ШКУРКО,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 9 імя Героя Савецкага Саюза Г.М.Халасцякова Баранавіч.